У мінулую сераду моладзевыя актывісты і проста неабыякавыя маладзечанцы сустрэліся на ток-шоу, якое ініцыявала культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, каб задаць і адказаць на пытанне: ці можа Маладзечна стаць сапраўдным горадам для моладзі, дзе да жаданняў і ініцыятыў маладых лідараў будуць прыслухоўвацца.
Акрамя дзяржаўных устаноў культуры, моладзь мае магчымасць з карысцю бавіць час на розных курсах, гульнях, удзельнічаць у суполках і аб’яднаннях: “Мова Нанова”, “Мазгабойня”, “Розум-шоу”, клуб творчасці “Дыялог +”, этна-клуб “Кола”, “Жывая бібліятэка” ды іншыя.
Моладзі ў Маладзечне – 26%.
Наколькі сама моладзь актыўна карыстаецца існуючымі магчымасцямі ды стварае новыя падзеі? – гэта пытанне было накіраванае да Вольгі Трубач, педагога, журналісткі, арганізатаркі “Тутэйшых квэстаў”.
– Апошнім часам сапраўды назіраецца пэўны выбух, мы арганізоўвалі дударскія вечарыны. Для Маладзечна гэта была падзея. Калі з’явіўся ўваходны квіток, іх папулярнасць знізілася, – распавядае Вольга. – Увогуле, цікавасць да гэтага ёсць: не проста да самой культуры, але і да формы падачы. Гэта праводзілася ў бары, у нефармальнай абстаноўцы. Пасля вячорак, якія ладзіў краязнаўца Цімох Акудовіч, адзін аднаго знайшлі людзі, што цікавяцца этна. Цяпер у Маладзечне ёсць клуб “Кола”. Ягоныя прыхільнікі вывучаюць строі, праводзяць святы і абрады.
Клуб творчасці “Дыялог +” існуе ў Маладзечне ўжо 15 гадоў. Усе гэтыя гады яго нязменным кіраўнікоў з’яўляецца Марына Валасковіч.
З клуба творчасці вырас і фестываль “Час жыць”, які сёлета адбыўся ўжо пяты раз і з кожным годам набывае ўсё большы размах і маштаб.
А пачалося ўсё некалькі год таму.
– У моладзі, не толькі ў Маладзечне, актыўна загучала тэма суіцыду як спосабу вырашэння праблем, – гаворыць Марына. – Дзяўчына прынесла вершы, хлопец прынёс апавяданне, нехта іншы прынёс сцэнар пантамімы. Так сабралася вельмі шмат творчых выказванняў пра жыццё. Пакідаць такое багацце толькі ў межах клуба было проста недаравальна! Назва прыйшла сама па сабе.
Здавалася б, у горадзе ўсё цудоўна: працуе шмат аб’яднанняў, ладзяцца фестывалі. Але…
“Трэба нешта рабіць, каб мне было што тут рабіць!”
З залы цягнецца рука.
– Я сама з Віцебска. Калі сюды прыехала, я была ў трансе. Культурная сталіца Беларусі? Не! – выпаліла дзяўчына, якая прадставілася Аленай.– Месцы ёсць, кавярні ёсць – людзей няма. Канцэрт “БГ” не адбыўся, бо не раскупілі квіткі, затое на фестывалі шансону ўвесь горад! Я зразумела, трэба нешта рабіць, каб мне было што тут рабіць!..”
– Я пачала рабіць “Жывую бібліятэку”. Аказалася, так складана дамовіцца з сайтамі, каб яны размясцілі тваю аб’яву не за грошы…” – паскардзілася актывістка Юлія Мароз.
– Праблема ў Мінску! Усе едуць адпачываць за 65 кіламетраў! – выкрыквае яшчэ адзін удзельнік сустрэчы.
Кампанія “Будзьма” запрасіла на сустрэчу людзей з розных гарадоў Беларусі, каб тыя распавялі, чым сітуацыя ў іх гарадах прынцыпова адрозніваецца ад маладзечанскай.
На сустрэчы прысутнічалі віцебскі каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Уладзімір Булаўскі, дырэктар бабруйскага тайм-клуба “1387” Наталля Халанская, тэхнічны дырэктар магілёўскага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Аляксандр Лазараў.
У канструктыўнае рэчышча размову скіроўвае Уладзімір Булаўскі:
– Калегі, я бачу тут пачатак для будучага клуба арганізатараў.
“Калі вас сабраць у адным горадзе, будзе ідэальны горад для моладзі”
Прысутныя з вялікай цікавасцю выслухоўваюць прэзентацыі запрошаных выступоўцаў пра “кухню” культурных падзей і прастор у Віцебску, Бабруйску і Магілёве.
Уладзімір Булаўскі расказаў пра досвед школы менеджараў у Віцебску. Цяпер горад мае цэлую супольнасць прафесійных арганізатараў, здольных дамаўляцца ды супрацоўнічаць у самых розных мерапрыемствах.
Наталля Халанская падзялілася досведам памылак і поспехаў свайго малога бізнесу – тайм-клуба “1387”.
– Бабруйск – самы круты горад! Мінск павінны ехаць да нас! Што я для гэтага раблю? Сядаю і пішу: “Давайце да нас!”, – тлумачыць сваё стаўленне да працы Наталля.
Цэнтр гарадскіх ініцыятыў у Магілёве шыкоўна ўмее знаходзіць агульную мову з мясцовымі ўладамі, бізнесам, жыхарамі і разрозненымі актывістамі. Аляксандр Лазараў расказаў пра арганізацыю гучнага івента “Дранік-фэст” ды іншых удалых праектаў.
Напрыканцы сустрэчы слова бярэ галоўны спецыяліст па працы з моладдзю аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Даўбенка. Яна прыйшла на ток-шоу не столькі па службе, колькі з асабістага жадання.
– Тое, што я пачула ад гасцей – мая старая мара. Калі вас сабраць у адным горадзе – гэта будзе ідэальны горад для моладзі, – прызнаецца Валянціна Феліксаўна. – У нас вельмі шмат ініцыятыўных людзей.
Праблема ў тым, што няма сацыяльнага партнёрства. У нас у Маладзечне часта бывае так: ноччу асяніла, на раніцу прыйшоў да Валянціны Феліксаўны, каб яна зрабіла. Прабачце, я не магу. Ёсць планы і правілы.
З працяглай размовы стала зразумела, што ў Маладзечне неабходна праводзіць кірмаш ідэй і праектаў. Моладзі неабыякавай у горадзе дастаткова, але ці змогуць яны аб’яднацца, знайсці агульную пляцоўку і падтрымку сваіх ідэй, пакажа час, застаецца толькі спадзявацца, што не вельмі далёкі.
Наталля ТУР, Хрысціна МАРЧУК budzma.by.