Сямейнае фэнтэзі “Вялікі і добры велікан” – добрая казка, якая абавязкова вас здзівіць. Рэжысура Стывена Спілберга аздобленая музыкай кампазітара “Зорных войнаў”, “Спіса Шындлера” і іншых вядомых карцін Джона Уільямса.
Абодва майстры стварылі такую атмасферу казкі, якая будзе прабіраць вас да мурашак. Пры гэтым не трэба чакаць ад фільма двайнога сэнсу ці глыбокага драматызму. І хаця гэта лёгкая і прыемная казка, яна знятая на такім узроўні, што пакідае ў гледача ўздых захаплення.
Фота boberr.com.
Дзяўчынка Сафі ніяк не магла заснуць. Апоўначы яна ўбачыла велікана, які падыходзіў да суседніх дамоў і дзьмуў у дамы спальняў. Велікан убачыў Сафі, схапіў яе і панёс дадому ў краіну веліканаў.
Ён быў адзіным добрым веліканам і пад сакрэтам збіраў добрыя сны, а пасля ноччу раздаваў іх дзеткам. А яшчэ ў велікана такія вушы, што ён чуе, пра што сны ў дзяцей, і не дазваляе ім сніць кашмары.
Фільм пад слоганам “Калі твой сябра велікан, цябе чакаюць вялікія справы” – найлепшая прапанова для сямей з дзецьмі.
Фота photoshdwallpapers.com.
Слоган баевіка “Тарзан. Легенда” падкупляе простасцю – “Чалавек. Прырода”. Гледачу прапануюць паназіраць за акцёрам шведскага паходжання Аляксандрам Скарсгардам у ролі галоўнага персанажа.
У гэтай гісторыі мы бачым і тое, як бацькі галоўнага героя трапілі ў джунглі і чаму Тарзан застаўся адзін. Праз шмат год ён апынаецца ў Лондане, дзе яго чакае звычайнае чалавечае жыццё і нават жаніцьба з прыгажуняй Джэйн.
Але каралева дала яму даручэнне вярнуцца ў Конга і прааналізаваць сітуацыю на рудніку па здабычы алмазаў.
Падазрэнні каралевы не былі марнымі – на рудніках адзін з кіраўнікоў праварочваў незаконную схему для сваёй нажывы. А калі Тарзан паспрабаваў яго спыніць, то злодзей узяў у заложнікі Джэйн.
І для Тарзана надыходзіць момант, калі для перамогі яму даводзіцца вярнуцца да сваёй іншай паловы сябе, да вытокаў дзікай прыроды ў чалавеку.
Пейзажы Афрыкі, і ўвогуле візуальная частка карціны, стануць для вас смачнай абгорткай, у якую загорнуты знаёмы сюжэт.
Фота youtube.com.
Драма “Да сустрэчы з табой” – найлепшы спосаб правесці рамантычны вечар. У фільме шмат выдатных жартаў, якія разбаўляюць кранальную любоўную гісторыю.
Дзяўчына згубіла працу і цяпер шукае новую. Ёй трапляецца прапанова даглядаць паралізаванага маладзёна. Маладыя людзі знаёмяцца і змяняюць жыццё адзін аднаго. З кінатэатра вы выйдзеце з пазітыўным настроем і добрымі думкамі.
Фота film.ru.
Жахі пра апакаліпсіс атрымалі новы сюжэт. У карціне “Мабільнік” людзі ператвараюцца ў зомбі праз імпульс з сотавага тэлефона. Чарговая карціна пра знішчэнне чалавецтва і адзіны шанец выратаваць блізкіх.
Пра час і цану кінасеансаў глядзіце ў рубрыцы “Рэпертуары”.