2 ліпеня ў Вілейцы адзначылі свята горада і Дзень вызвалення Беларусі.
Свята панавала ў горадзе ўвесь дзень: былі і ўрачыстасці, і забавы.
А вечарам цэнтральная плошча сабрала віляйчан на канцэрт маладзечанца Дзмітрыя Рудыка, які ў апошнія выхадныя чэрвеня стаў пераможцам рэаліці-шоу “Народны шансон”.
– Гуляў увесь горад, уся плошча танцавала, проста перад сцэнай! – захоплена распавядае Дзмітры. – Вілейка – нібы асобная краіна, у якой людзі нязмушаныя і адкрытыя.
Па ацэнках Дзмітрыя, на канцэрце, які пачаўся ў 22 гадзіны, было каля трох тысяч чалавек. За дзве з паловай гадзіны віляйчане пачулі 30 песень. Удалы дуэт Дзмітрыя з дырэктарам вілейскага Палаца культуры Алесяй Высоцкай прыйшоў даспадобы гледачам.
– Надвор’е было проста шыкоўнае, віляйчане паглядзелі прагноз, перш чым планаваць дату свята, – узгадвае спявак. – Выконвалі старыя і новыя хіты, а калі я заспяваў песню “Ах, Вілейка, жамчужына ля мора…” – як усе танцавалі! Мора пазітыву!
Алеся Высоцкая і Дзмітры Рудык. Фота Вольгі Жарскай.
На саксафоне Дзмітрыю акампаніраваў выкладчык дзіцячай школы мастацтваў з Маладзечна Аляксандр Ярмоленка:
– Такі таленавіты, на ляту ўсё схоплівае, – заўважае Дзмітры пра ігру музыканта.
Канцэртам свята для віляйчан не закончылася. Спачатку ўсе атрымалі асалоду ад салюта, а пасля працягвалі весяліцца на дыскатэцы, якую зладзілі таксама на цэнтральнай плошчы.
Канцэрт у Маладзечне, які планавалі правесці 3 ліпеня на прыступках кінатэатра, давялося перанесці пакуль на нявызначаны дзень. Прычынай стаў моцны дождж.
Фота Вольгі Жарскай.
Фота Вольгі Жарскай.
Фота Вольгі Жарскай.
Фота Вольгі Жарскай.