Гэтая перамога ў падначаленых Аляксандра Гармазы стала трэцяй запар, пасля яе маладзечанцы замацаваліся на шостай прыступцы турнірнай табліцы.
У матчы супраць “Тарпеда” галы забівалі Сяргей Лавор ( 27 хвіліна), Юры Пустаход ( 33 хвіліна), Сяргей Космач забіў трэці гол у дадатковы час першага тайма ( 46+), на 66 хвіліне забіў Ігар Талькоўскі, фінальную кропку паставіў Ігар Нарожнік ( 73 хвіліна).
Адзіны гол удалося адквітаць на 65 хвіліне Васілю Антоненку.
Трэнер каманды Віталь Казяк патлумачыў у інтэрв’ю сайту infootball.by:
– У першым тайме каманда паказала вельмі прыстойны футбол (лепшы тайм у чэмпіянаце), забіла тры галы і не рэалізавала яшчэ некалькі добрых момантаў. Гэта стала магчымым па вельмі простай прычыне – магчыма, упершыню ў чэмпіянаце быў сабраны баявы склад. У перапынку палічылі, што гульня зробленая і, відаць, расслабіліся. Сапернік перахапіў ініцыятыву, забіў нам гол. Добра, што нам удалося літаральна праз хвіліну забіць чацвёрты гол і аднавіць розніцу ў ліку. Сапернік зразумеў, што адыграцца ў матчы не атрымаецца, і супакоіўся.
Сёння быў наш дзень. За кошт прэсінгу прымусілі суперніка памыляцца. Радуе, што галы забілі пяць розных гульцоў.
Бліжэйшую гульню маладзечанцы згуляюць на выездзе супраць каманды з Жыткавічаў, а наступная дамашняя гульня адбудзецца 23 ліпеня. Сапернікамі маладзечанцаў стане Рагачоў.
Фота зробленае на гульні супраць каманды Забудова. Выкарыстанае ў якасці ілюстрацыі.