Учора раніцай у Кіеве на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка забілі Паўла Шарамета.
Вядомага ў Беларусі журналіста ўзарвалі ў машыне, калі той ехаў на працу. Апошнія пяць год Павел Шарамет працаваў ва Украіне.
Шлях у журналістыку Павел Шарамет пачаў у Мінску у 90-х. Працаваў на тэлебачанні, у выданні “Белорусская деловая газета”.
Ужо ў маскоўскі перыяд свайго жыцця Павел Шарамет разам са сваім сябрам тэлеаператарам Дзмітрыем Завадскім рабіў рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы з пункту пропуску “Каменны Лог”. “Шарамет мяняе камеру” – загаловак з першай старонкі нашай газеты за 1 жніўня 1997 года. Шарамет разам з іншымі членамі здымачнай групы быў абвінавачаны ў незаконным групавым перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі.
Ашмянскі раённы суд прыгаварыў журналіста да двух гадоў умоўна і аднаго года выпрабавальнага тэрміну.
Пасля зноў была праца ў Маскве на канале ОРТ, Шарамет стварыў сайт “Белорусский партизан”, пяць год таму пераехаў у Кіеў.
Шаснаццаць гадоў таму ў Нацыянальным аэрапорце, чакаючы прылёту свайго сябра Паўла Шарамета, бясследна знік Дзмітры Завадскі. У сераду пры загадкавых абставінах у Кіеве загінуў сам Павел. Ён так і не дазнаўся, што сталася з калегам, сябрам і паплечнікам.
“Кожны ў сваім жыцці робіць выбар самастойна. І кожны свядома ідзе на тую ці іншую рызыку. Нават цяпер, у прынцыпе, я ні пра што не шкадую. Галоўнае, што маё сумленне чыстае…”, – сказаў некалі Павел пра свой выбар у жыцці. У сераду гэта жыццё трагічна абарвалася.
Павел Шарамет і Зміцер Завадскі падчас суду па абвінавачванні ў незаконным групавым перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі. Ашмяны, 1997 год. Фота Віктара Талочкі, ТАСС.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка даручыў праваахоўным органам максімальна хутка і скрупулёзна правесці расследаванне гэтага забойства, не выключаючы ніводнай версіі.
– Мне здаецца, што гэта зроблена з адной мэтай – дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне, – сказаў Парашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам сілавых структур у дзень забойства Паўла Шарамета.
Калектыў “Рэгіянальнай газеты” смуткуе з прычыны трагічнай смерці свайго калегі і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Паўла Шарамета.