Неяк у размове з гаспадыняй невялікай крамы жаночага адзення ў Маладзечне бізнес-лэдзі Таццянай Маргоўкай зайшла гаворка пра лецішча і пра ўраджай агуркоў-памідораў. Яна кажа, што нарыхтоўкі стаўлю на зіму, але люблю, каб рэцэпты былі лёгкія ў прыгатаванні, а агурочкі і памідоры атрымоўваліся, што называецца, пальчыкі абліжаш. І прапанавала мне рэцэпты, сказала, што я не пашкадую.
Агурочкі па-балгарску
Вазьміце з разліку на адзін стэрылізаваны літровы слоік, на дно пакладзіце 3-4 гарошыны чорнага перцу і столькі ж духмянага, 2 лаўровыя лісты. Дадайце яшчэ некалькі кружкоў морквы і цыбулі. Малымі агурочкамі запоўніце ўвесь слоік.
Пакладзіце прама ў слоік 1 ст. лыжку солі без верху, 3 ч. лыжкі цукру, 40 мл 9% воцату. Даліце халоднай вадой, бяру нават з-пад крана, накрыйце стэрылізаванымі накрыўкамі і пастаўце стэрылізаваць. Як вада закіпіць, 4 хвіліны адлічвайце. Пасля дастаньце і закруціце, перавярніце ўверх дном і ўхутайце.
Памідоры малахітавыя
Фота jisty.com.ua.
Тры літровыя слоікі запоўніце зялёнымі памідорамі, вялікія рэжце на 4 часткі. Дадайце адразу ў слоік 3-5 долек часнаку, перац чорны і духмяны гарошкам, лаўровы ліст. Заліце марынадам.
Марынад: 1 л вады, 5 ч. лыжак з невялікай горкай солі, 7,5 ст. лыжак цукру, 60 г воцату 9%. Закіпяціць.
Заліце марынадам памідоры, стэрылізуйце 5 хвілін.