Ураджэнец Ашмяншчыны Людвік Тамялойць – вядомы ў Еўропе знаўца птушак і адзін з заснавальнікаў сучаснай польскай арніталогіі. Пра крылатых ён можа распавядаць гадзінамі.
Гэтым летам навукоўца ўпершыню за апошнія 70 гадоў наведаў месца, якое натхніла яго на вывучэнне птушак, – вёску Міхалконі на Ашмяншчыне.
Арнітолаг Людвік Тамялойць. Фота fakty.lca.pl.
“У Мінску буду шукаць варон”
Пан Людвік займаецца птушкамі ўсё жыццё. Ён з’яўляецца сябрам польскага Дзяржаўнага камітэта аховы прыроды і адным з арганізатараў сусветнага арніталагічнага кангрэса ў Новай Зеландыі.
У родным Уроцлаве, які месціцца на захадзе Польшчы, навукоўца ўжо цягам 40 гадоў назірае за крылатымі жыхарамі гарадскіх паркаў. Таксама пад пільным вокам пана Людвіка – гарадскі парк у горадзе Лягніца, што недалёка ад Уроцлава. Тут арнітолаг ведае кожную птушыную пару і кожнае гняздо. А таксама колькасць драпежнікаў, якія ласуюцца птушынымі яйкамі, – ад варон да куніц і вавёрак. Сорак гадоў назіранняў – гэта прыкладна 20-40 пакаленняў птушак.
Фота youtube.com.
Пан Людвік упэўнены, што гарадскія паркі – унікальнае месца для назірання за птушкамі.
– Кожны гарадскі парк – гэта своеасаблівы востраў, – кажа навукоўца. – Па-першае, парк абмежаваны горадам. Па-другое, тут амаль няма драпежнікаў, якія палююць на птушак і яйкі. Калі ў дзікай прыродзе птушка мае каля 30 патэнцыйных ворагаў, то ў парку – максімум 5-7. Да таго ж птушкі ў парках амаль не маюць канкурэнцыі і ізаляваныя ў генетычным плане – сабе ў пару яны выбіраюць самца ці самку з таго ж парку.
Не дзіва, што ў Беларусі пана Людвіка таксама ў першую чаргу цікавяць паркі.
– Хачу праверыць, ці пацвердзяцца тут тыя высновы, якія я зрабіў пасля назірання за польскімі птушкамі, – кажа арнітолаг. – У першую чаргу буду шукаць у Мінску варон.
Фота vistanews.ru.
Адкуль вароны з’явіліся ў вялікіх гарадах?
Вароны ніколі не былі гарадскімі птушкамі і жылі на палях за горадам. Але цяпер яны частыя жыхары мегаполісаў. Пан Людвік тлумачыць, што віной гэтаму… заапаркі.
– Гэта тэорыя многіх арнітолагаў, і я бачу яе пацвярджэнне на ўласнай практыцы, – заўважае ён. – Раней вароны траплялі ў гарады толькі ў клетках і жылі ў заапарках. Пасля птушкі з прыгарада пачыналі прылятаць у заапарк, бо бачылі там сваіх патэнцыйных партнёраў. Часцей за ўсё першая вароніна пара ў гарадах была такой: самка з прыгарада, а самец – уцякач з заапарку. Ці наадварот.
Таму вароны ёсць і ў Лондане, і ў Берліне, і ў Маскве – паўсюль, дзе былі і ёсць заапаркі.
Па словах навукоўцы, у Польшчы вароны сустракаюцца толькі ў двух гарадах: Уроцлаве і Варшаве, дзе знаходзяцца найбуйнейшыя заапаркі. Часцей варон можна сустрэць у прыгарадах, але ніколі – у гарадах.
Да таго ж пан Людвік развейвае стэрэатыпы наконт іх агрэсіўных паводзін.
– Не думайце, што вароны шалёныя, – кажа арнітолаг. – Яны не проста так чапляюцца да нас, а бароняць сваіх птушанят. Часам мы іх не бачым, але яны недзе ў кустах ці траве паблізу.
Кадр з фільма 1963 года “Птушкі” Альфрэда Хічкока.
Пан Людвік падкрэслівае, што птушкі не будуць атакаваць чалавека без прычыны.
– Калі Альфрэд Хічкок здымаў свой знакаміты фільм “Птушкі”, тады яшчэ не было спецэфектаў. Таму каб зняць кадры, дзе птушкі кідаюцца на людзей, акцёраў ставілі ў месцы масавага гнездавання, каб у птушак спрацаваў інстынкт, – тлумачыць навукоўца.
“Выехаў з Айчыны, а прыехаў на Бацькаўшчыну”
Людвік Тамялойць не быў у тых мясцінах, дзе нарадзіўся, цэлых 70 гадоў. Цяпер, калі беларуская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запрасіла навукоўца ў Мінск, ён змог наведаць і Ашмяншчыну. Пра свае ўражанні пан Людвік распавёў карэспандэнту “РГ”.
– Як доўга вы пражылі ў Міхалконях?
– Шэсць гадоў. У 1945 годзе мая сям’я пераехалі ў тагачасную Усходнюю Прусію. Калі глядзець па бабулях, то ў мяне палова з іх беларускі, палова – полькі. Так што вось такі я еўрапейскі дварняк.
– Ці праўда, што менавіта на Ашмяншчыне вы ўпершыню зацікавіліся птушкамі?
– Так, увогуле ў мяне ў сям’і ніхто асабліва не цікавіўся жывёламі. Як цяпер памятаю: мне было пяць гадоў і я ўпершыню пабачыў пад кустом палавінку яечнай шкарлупіны. Палез на дрэва і пабачыў гэтых “маленькіх дыназаўраў”, як я іх тады назваў. Гэта было гняздо вехіра, вялікага голуба. А праз дзясяткі гадоў я абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную вехіру! У той жа вёсцы я пачаў сачыць за птушкамі: знаходзіў гнёзды, лічыў яйкі. Гэта быў першы кантакт са светам птушак.
Міхалконі. Фота Андрэя Дыбоўскага, globus.tut.by.
– Якія ўражанні пакінулі ў вас мясціны дзяцінства цяпер?
– Шмат што змянілася. Відаць, што жыццё там ужо не такое актыўнае. Ад нашай хаты нічога не засталося. Але я пазнаў дубы – яны так і засталіся стаяць, як у дзяцінстве. І на сэрцы адразу вельмі цёпла стала, як іх пабачыў. Калі мы яшчэ стаялі на польска-беларускай мяжы, я смяяўся: выязджаю з Айчыны, а прыязджаю на Бацькаўшчыну!
– А людзей, якія б маглі памятаць вашых продкаў, сустрэлі?
– На шчасце, давялося сустрэць тых, хто памятае маіх бабуль і бацькоў. Але я, вядома, не памятаю ніякіх твараў з тых часоў. Памятаю толькі птушак.
– Ці плануеце ўзяцца за вывучэнне яшчэ і мясцовых крылатых?
– Ведаеце, я ў такім узросце, калі чалавек не складае вялікіх планаў. Адзінае, што я планую – трымаць сваё здароўе ў добрым стане. Калі атрымаецца – ужо будзе добра.