Любоў Цюра жыве на вуліцы Маўчанскага. Дом пабудаваны ў 1959 годзе. А год таму ў доме ўпершыню зрабілі капітальны рамонт.

Пра тое, што рамонт прайшоўся стыхійна, сведчаць новыя шрубы, якія як іголкі ў вожыка тырчаць з каробкі з правадамі, якая таго і глядзі абваліцца на падваконні жыхароў гэтага дома.

Яшчэ кінулася ў вочы тое, што год так і не знайшлі часу паставіць на дзверы дамафон. Таму заходжу ў пад’езд без перашкодаў, кідаю вока на тое, як жа за год паспелі так забрудзіць і закурыць у пад’езде  новыя шклопакеты мясцовыя курцы, да кватэры №1 падымаюся па драўляных прыступках.

– У суседніх кватэрах, дзе жывуць маладыя мужчыны, там рамонт рабілі больш акуратна, а мне, 80-гадовай адзінокай пенсіянерцы, зрабілі так, што самой сорамна бывае глядзець на свае сцены і столь, – вітаецца Любоў Цюра і запрашае да сябе ў кватэру.

Аднак матэрыял не пра тое, якія благія работнікі ЖРЭУ, а пра стаўленне да чалавека.

Каб трапіць у калідор, трэба спусціцца з 15-сантыметровага парога.

– У нас пад падлогай трубы ляжаць, дык калі іх замянілі, аказалася, што патрэбны парог. Магчыма, моладзь і не заўважыць гэтай нязручнасці, але мне, старому чалавеку, вельмі цяжка падымацца і спускацца з яго, – заўважае Любоў Іосіфаўна.

Пасля таго “капітальнага рамонту” Любоў Цюра пераклеіла шпалеры, столь закрыла гіпсакардонам і сайдынгам.

– Там па столі ішлі трэшчыны, калі я прасіла зрабіць з імі нешта, мне адказалі: “Трэшчын няма ў праекце”.

Па прызнанні Любові Іосіфаўны, слова “праект” яна чула часцей за іншыя. І тады, калі прасіла паставіць унітаз, каб зачыняліся дзверы, і тады, калі прасіла ў “Камунальніку” дазволіць ёй пакінуць ванну, таму што ў душавую кабіну яна не паднялася б на паддон, і тады, калі прасіла перанесці лічыльнік на газ.

Трубы ў прыбіральні паставілі такім чынам, што ўнітаз давялося падсоўваць бліжэй да дзвярэй. І цяпер, калі там знаходзіцца чалавек, дзверы проста не зачыняюцца.

Любоў Іосіфаўна прадэманстравала, як гэта выглядае.

– І гэта я адна жыву, а каб сям’я ці госці якія прыходзілі, гэта ж ганьба, – смяецца жанчына.

І калі сітуацыя з прыбіральняй да абсурду смешная, то з газам, як папярэджваюць нас газавыя служы, жарты небяспечныя.

Газавы лічыльнік жанчыне паставілі на сцяне справа ад увахода, а сама пліта стаіць ля супрацьлеглай ад дзвярэй сцяны.

– Зноў мне газаўшчыкі сказалі, што ў іх такі праект, калі я звярнулася з просьбай перанесці мне лічыльнік. І адказалі, што папрасіце ў ЖРЭУ, яны вам пліту да гэтай сцяны перацягнуць. У ЖРЭУ адказалі, каб я звярнулася да газаўшчыкоў, бо гэта іх кампетэнцыя.

А між тым чорны шланг ад лічыльніка да пліты правісае па сцяне.

– Слухайце, мне  ж 80 гадоў, я перажыла інсульт, я ж за сябе не адказваю, а калі раптам я спатыкнуся і ўпаду на гэты шланг? Гэта ж увесь дом узарваць магу.

Любоў Іосіфаўна праводзіць да дзвярэй, спыняецца ў калідоры.

– Ведаеце, у мяне ж першая кватэра, таму рабочыя тут свае будаўнічыя матэрыялы і пакідалі.

На сцяне ў калідоры ў Любові Іосіфаўны былі наклееныя фоташпалеры. Рабочыя, калі выносілі-заносілі інструменты і матэрыялы, сапсавалі іх, падрапалі, парвалі. Калі прыйшла камісія прымаць рамонт, Любоў Іосіфаўна паскардзілася на гэта:

– Ой, ну што вы скардзіцеся, гэта ж старыя шпалеры, – сказала камісія.

– Дык і я старая, што цяпер, і мяне выкідваць за непатрэбнасцю?

Мая суразмоўца не скардзіцца, а проста моў­чкі паказвае тыя хібы, якія пакінулі пасля сябе рабочыя, якія рабілі рамонт.

У прыбіральні замест вентыляцыі пакінулі вялізную чорную дзірку, там жа паклалі толькі цэлую плітку, бліжэй да кутоў, дзе плітку трэба было рэзаць, так і пакінулі шматкі мантажнай пены, якія тырчаць з тых зазораў.

Выходзім на двор да пад’езда, ля якога растуць кветкі ўсіх колераў і адценняў.

– А нам жа пагражалі, што прыедзе бульдозер і ўсё зраўнуе тут. Толькі каму ад гэтага палягчэе.

А нядаўна, расказвае жанчына, у іх двары нейкія будаўнічыя работы праводзіў МЭС.

Рабочыя паабяцалі, што калі закончаць, двор нам упарадкуюць. І, праўда, паклалі плітку ля пад’езда, каля дарожак пасадзілі кусты айвы. Расла яна тут нядоўга. Яшчэ карэнні пусціць не паспела, калі аднойчы раніцай жанчына праз акно заўважыла, што ніводнага кусціка няма. Суседзі расцягнулі сабе на лецішча.

Сэнс гэтага вялікага артыкула не ў тым, каб упікнуць некага і зрабіць ата-та.

Толькі хочацца спытацца і тых суседзяў, што павырывалі айву і забрудзілі пад’езд, і тых рабочых, якім не шкада чужых фоташпалераў і якія адрамантавалі кватэру на “хай так”. А ці не сорамна вам глядзець у вочы тым, хто жыве побач з вамі? Таму, хто стварае вакол сябе прыгажосць?

 Той, хто нават  у свае 80 гадоў змагаецца за кожную кветку ў агародчыку ля пад’езда. І той, якая з любоўю ўпрыгожыла саматканай сурвэтачкай газавы лічыльнік, пераносу якога не значыцца ў праекце.

Каментар ад камунальнікаў

У дыспетчарскай ЖРЭУ №1, да якога адносіцца вуліца Маўчанскага, патлумачылі, што адказаць на прэтэнзіі Любові Цюры яны не могуць з той прычыны, што сама жанчына са скаргамі на дрэнны рамонт у ЖРЭУ не звярталася.