Журналісты “НН” адправіліся ў Астравецкі раён, каб даведацца, як мясцовыя жыхары ставяцца да будавання беларускай атамнай электрастанцыі.

Астравец – атамная сталіца Беларусі. З пачаткам будаўніцтва АЭС горад пачаў расці. Цяпер у Астраўцы пражывае каля 10 тысяч чалавек, а да 2020 года насельніцтва мае павялічыцца да 22 тысяч. Ужо будуюцца новыя дамы, шмат машын з літоўскімі, расійскімі і трошкі з украінскімі нумарамі. У горадзе пакуль адзін гатэль, адна піцэрыя і рэстаран. Але ўвогуле горад выглядае звонку дагледжана, акуратна, з еўрапейскімі ноткамі.

Меркаванні астраўчан падзяліліся: камусьці страшна ад новай станцыі, хтосьці нарэшце знайшоў сабе работу. Мы паразмаўлялі з мясцовымі жыхарамі і знайшлі жанчыну, якая працуе на АЭС і распавяла нам, што здарылася з рэактарам:

У ноч з 9 на 10 ліпеня на Астравецкай АЭС пры правядзенні падрыхтоўчых работ корпус рэактара абрынуўся з вышыні 2–4 метраў. Праз два тыдні Міністэрства энергетыкі заявіла аб няштатнай сітуацыі “на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных прац па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці”.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

1 жніўня прадстаўнік карпарацыі “Расатам” Аляксандр Лакшын прызнаў, што ў ноч з 9 на 10 ліпеня адна з субпадрадных арганізацый пры перамяшчэнні корпуса рэактара дапусціла адхіленні ад інструкцыі, праз якія адбыўся перакос грузу пры яго ўздыме.

Жанчына, якая працуе на станцыі, распавяла нам сваю версію таго, што адбылося:

“Рабочыя на АЭС кажуць, што днём былі перабоі са святлом. Ужо тады пачалі ўсталёўку рэактара [Тут і далей – корпуса рэактара. – Аўт.], але зваліўся ён уначы, прыкладна а палове на другую. Стропы, на якіх трымаўся рэактар, аказаліся карацейшыя на 30 сантыметраў чым тады, калі замяралі ў Расіі. З-за гэтага рэактар пачаў адхіляцца. Адзін бок адыходзіў на метр, а другі на пяць. Цэлую гадзіну ён трымаўся ў паветры. А пасля проста зваліўся. Я не была падчас таго, як ён рухнуў, але рабочыя, якія працавалі ў начную змену, сказалі, што грукат быў вялікі. Гэты ж рэактар важыць 330 тон! Хлопцы, якія ставілі рэактар, казалі, што ўсё ставілі па правілах.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Усё гэта дзіўна, бо рэактар так абследавалі, спецыялісты з “Расатама” вывучалі… Два ці тры месяцы перад устаноўкай інжынеры слухалі гэты корпус і казалі, што там нешта не праслухоўвалася. Нават без запраўкі ўранам ён выдае дзіўныя шумы. Калі рыхтавалі шахту, то не дапускалі пагрэшнасць нават да 6 міліметраў. А тут упаў, абсурд нейкі.

Калі я раніцай прыйшла на працу, дык ужо ўсё схавалі. Яны зноў нацягнулі яго на ранейшае месца, але бачна, што корпус цяпер крыва стаіць. На АЭС кажуць пра магчымую судовую справу.

Рускія там каралі цяпер. Для беларусаў гэта нізасць. Там ёсць два будынкі – адзін расійскага боку, другі – беларускага. Дык вось, беларускія зваршчыкі атрымліваюць 4 мільёны, а калі на рускіх працаваць, то заробак будзе 10–12 мільёнаў. Як толькі пачыналася будаўніцтва, заробкі ва ўсіх былі значна большыя. Ці яны грошы паразбіралі, ці крызіс вінаваты, ніхто не ведае. Але і за невялікія грошы беларусы гатовыя там працаваць. Пры гэтым нават на практыку прывозяць студэнтаў з “Расатама”, а з беларусаў толькі аднаго ведаю.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

У нас кітайцы займаюцца правядзеннем ліній электраперадач. Яшчэ АЭС не дабудавалі, а ўжо праводзяць электрычнасць. І вось яны возяць пясок, слупы. Ад АЭС плануецца правесці лініі да вёскі Солы, на Валожын, частку разгалінавання на Гродна. Рэактар валіцца, а яны ўжо кантракты падпісваюць”.

Мікіта Недаверкаў, Ірына Арахоўская, “Наша ніва”.

Для прагляду відэа перайдзіце па спасылцы: “Астраўчане пра БелАЭС”.