Пра паэта, журналіста, грамадскага дзеяча, нашага земляка і яго творчасць у сваёй кнізе распавядае малады крытык, літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч.

Па словах Ціхана, кніга напісалася лёгка яшчэ ў 2011 годзе. Тады яе аўтару было 25 год. У час працы над кнігай даследчык перачытаў усе выдадзеныя творы Някляева і рэцэнзіі, напісаныя да іх. Шмат было і размоў з паэтам.

– Асабістыя сустрэчы былі вельмі патрэбныя мне, – прызнаецца Ціхан. – Каб даведацца нешта важнае. Магчыма, каб хоць крыху зразумець самога паэта: у вечным напружаным руху, імпульсіўнасці, якая гэтак жа хутка змянялася одумам. Як камары ў паветры, імкліва хапаліся трапныя словы, і сачыць за гэтым паляваннем было неверагодна цікава. Рух і намаганне не стамлялі Някляева, а, наадварот, надавалі яму моцы.

 Хутка напісаная кніга легла ў доўгую скрыню. Але да 70-гадовага юбілею паэта справа завяршылася.

Паказаць Някляева-паэта

Паказаць галоўнага героя кнігі як творцу – такую задачу ставіў для сябе даследчык. Бо часта за актыўнай палітычнай і грамадскай дзейнасцю на трэці план адыходзіць Някляеў-паэт.

Кніга пачынаецца ад самых вытокаў – гісторыі сёння невялікага мястэчка Крэва, дзе ў Сярэднявеччы вырашаліся лёсы Цэнтральнай Еўропы.

Ля сцен старажытнага Крэўскага замка давялося нарадзіцца Уладзіміру Някляеву. Пасля – падрабязны расповед пра бацькоў Анастасію і Пракопа Някляевых. Зварот да  іх узаемаадносін, асаблівасцей характару і ўплыў на асобу сына. Пра дзіцячыя гульні хлопчыка ля старажытных замкавых сцен, песні маці і паданні пра Вялікую Літву. Усё гэта паўплывала на асобу паэта, яго самавызначэнне. Бо як заўважыў некалі сам Някляеў, чалавек становіцца чалавекам не тады, калі робіцца дарослым. Чалавек, асабліва творчы, увесь з дзяцінства.

Далей – расповед пра сталічнае юнацтва, станаўленне творцы, вучобу ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, выступленні на стадыёнах перад тысячамі гледачоў разам з Яўгенам Еўтушэнкам, Робертам Раждзественскім, Бэлай Ахмадулінай. І пра няпростае  рашэнне: нягледзячы на выдатныя перспектывы для працы і творчасці, якія давала Масква, вярнуцца на Радзіму і быць беларускім паэтам.

Пра назву кнігі і першае знаёмства з вершамі Някляева

Назва “Вандроўнік”, па словах аўтара, мае два тлумачэнні. З аднаго боку, тут ёсць адсылка да эсэ Някляева “Чмель і вандроўнік”,  дзе ў вобразе Чмяля паказаны беларускі пісьменнік Васіль Быкаў, а ў вобразе Вандроўніка – сам Някляеў. З другога боку, назва пасуе і да асобы паэта. У ёй бачанне Ціханам някляеўскага характару, таго, што з’яўляецца стрыжнем ягонай паэзіі – вечная змена месцаў, рух, незадаволенасць сабой і бунт супраць парадку рэчаў.

Фота svaboda.org

Фота svaboda.org

– Цяжка нават прыгадаць, калі асабіста я пазнаёміўся з творчасцю Някляева, – кажа аўтар кнігі. – Мабыць, тады,  калі адкрываў для сябе часопіс “Крыніца”, дзе Уладзімір Пракопавіч быў галоўным рэдактарам. Пазней, у 1994 годзе, калі “Крыніца” з арт-часопіса ператварылася ў літаратурны і стала рабіць акцэнт на тэкстах, там якраз пачалі друкавацца найвядомейшыя і, як на маю думку, найлепшыя някляеўскія тэксты, якія пазней склалі кнігу “Прошча”. Мне пашанцавала адразу пазнаёміцца з “Някляевым вышэйшага гатунку”, без налёту савецкага мінулага, з якім яго часта атаясамліваюць пісьменнікі, значна больш старэйшыя за мяне.

У канцы кнігі змешчаныя вершы Някляева з новага паэтычнага зборніка “Толькі вершы”, таму Ціхан Чарнякевіч лічыць, што “Вандроўнік” напісаны ў суаўтарстве.

Крытык прызнаецца, што Уладзімір Пракопавіч прачытаў рукапіс кнігі адным з першых.

Карэктура дасылалася, як аўтару кнігі, так і яе галоўнаму герою.

– Паколькі рэдактара ў мяне не было, герой кнігі з уласнага жадання стаўся і тым, хто добра прабегся па старонках і выправіў недакладнасці і хібы. Таму пасля выхаду мы проста падзякавалі адзін аднаму: ён за праробленую працу, я – за ўдумлівае рэдагаванне.