Па двух фактах смерці парадзіх у Маладзечанскай радзільні праведзены даследчыя праверкі. Як адзначаюць у Следчым камітэце, абставіны здарэння былі ўсебакова вывучаны, улічаная іх сацыяльная значнасць.

Следчыя высветлілі, што смерць абедзвюх жанчын наступіла ў выніку анафілактычнага шоку на два розныя прэпараты.

“У першым выпадку, згодна з заключэннем судовых медыкаў, устаноўлена прычына смерці – анафілактычны шок у выніку ўвядзення кроваспыняльнага прэпарата. Следчыя таксама вывучалі механізм дзеяння дактароў і аказання дапамогі, а таксама адпаведнасць іх клінічным пратаколам. Акрамя таго, канфіскоўвалася і вывучалася ўся медыцынская дакументацыя. Апытваўся персанал, які працаваў у той дзень.

Клінічны пратакол – дакумент, што зацвярджаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Беларусі і ўстанаўлівае агульныя патрабаванні да аказання медыцынскай дапамогі пацыенту пры пэўным захворванні, з пэўным сіндромам або пры пэўнай клінічнай сітуацыі.

У другім выпадку меўся відэазапіс з камеры назірання за аперацыйнай, дзе праводзілася медыцынскае ўмяшанне. Гэта дапамагло следству пасекундна вывучыць, як дзейнічалі дактары, і ў прыватнасці доктар-рэаніматолаг, калі з’явіліся першыя прыкметы анафілактычнага шоку (прыкладна праз 20 секунд). У гэтым выпадку шок развіўся пасля ўвядзення антыбактэрыйнага прэпарата”, – распавяла Юлія Ганчарова.

Па другім выпадку ўстаноўлена, што гэты ж антыбактэрыйны прэпарат жанчына ўжо прымала раней, і тады ніякіх скаргаў або ўскладненняў адзначана не было. Эксперты вывучылі канцэнтрацыю ўведзенага антыбактэрыйнага прэпарата для даследавання на магчымае перавышэнне і ўстанавілі, што нормы перавышаныя не былі.

Анафілактычны шок  – алергічная рэакцыя неадкладнага тыпу, якая характарызуецца рэзка падвышанай адчувальнасцю арганізма, што развіваецца пры паўторным увядзенні алергена. Адно з найбольш небяспечных ускладненняў лекавай алергіі, якое ў 10-20% выпадкаў прыводзіць да смерці. Хуткасць узнікнення анафілактычнага шоку – ад некалькіх секунд ці хвілін да 5 гадзін ад пачатку кантакту з алергенам, прыводзіць дадзеныя медыкаў.

Устаноўлена, што якасць і тэрміны прыдатнасці прэпаратаў, а таксама механізм іх выкарыстання адпавядаў патрабаванням. Абодва прэпарата ў краіне дапушчаныя і шырока выкарыстоўваюцца ў медыцынскай практыцы.

Да правядзення даследчых праверак прыцягвалі яшчэ і іншых дактароў-практыкаў з багатым досведам.

“У абодвух выпадках праводзіліся праверкі на наяўнасць у дзеяннях медыкаў прыкмет злачынства, прадугледжанага арт. 162 Крымінальнага кодэкса Беларусі (“Неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам”).

Пасля ўсебаковага вывучэння абставінаў трагедый вынесена рашэнне адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы”, – падагульніла Юлія Ганчарова.

Вядома, што падчас першага і другога выпадкаў з парадзіхамі працавалі дзве розныя медыцынскія брыгады.