Для некаторых вянчанне – гэта даніна традыцыі: бацькі вянчаліся – і іх шлюб быў непарушны, таму і нам трэба вянчацца. Для іншых – даніна модзе і прыгожая цырымонія. Для віляйчанкі Надзеі і яе мужа Аляксея Шарманавых – гэта свядомы крок злучыць яшчэ больш свае сэрцы.

Маладым спатрэбіўся год, каб прыйсці да разумення, што іх шлюб трэба зрабіць яшчэ больш трывалым, а значыць, яны гатовыя да вянчання.

Васільковае вяселле

Летась іх вяселле запомнілася гасцям васільковым колерам.

Як прызнаецца сама жанчына, для яе васількі – гэта сімвал дзяцінства. Таму яна прапанавала свайму жаніху зрабіць урачыстасць менавіта ў васільковым колеры, ён пагадзіўся.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Фота Яўгена Стэльмаха.

– Распісваліся 18 ліпеня, таму вельмі перажывала, каб васількі не перацвілі. Не ведаю, што б рабіла ў такім выпадку, – узгадвае На­дзея. – Аднак нам вельмі пашчасціла, і ў канцы ліпеня кветак было безліч.

На нявесце была васільковая шаль, жаніх  – у касцюме сіняга колеру.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Праз год сям’я Шарманавых зрабіла незвычайнае і адначасова запамінальнае вянчанне. Маладыя былі ў вышыванках, замест кароны, якую звычайна трымаюць мужчыны над галавой маладых, былі вянкі.

На таінстве ўдзельнічалі толькі родныя

Павянчацца маладыя вырашылі ў коле самых блізкіх і родных, таму ў царкве прапанавалі не трымаць над галовамі карону – гэта вельмі цяжка. Прапанавалі альтэрнатыўны варыянт – вянкі з палявых кветак.

– Рабіла іх сама, – ганарыцца маладая жонка. – Не шукала кветкі, якія маюць нейкае сакральнае значэнне. Я не веру ў разнастайныя забабоны. Калі сплятала, думала пра тое, каб ніякае няшчасце не разлучыла мяне з мужам, каб мы заўсёды знахо­дзілі ўзаемапаразуменне, жылі шчасліва. Падмацоўвала мае думкі трывалай ніткай.

У вянок Надзея сабрала піжму, крываўнік, каласы, васількі.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Мы ўзялі на сябе смеласць праверыць, ці са станоўчай энергетыкай маладая сям’я выбрала сабе расліны. І сапраўды, душа закаханых не падманула.

У фальклоры крываўнік – сімвал непакорлівасці, трываласці, жывучасці. А значыць, сям’я Шарманавых зможа вытрываць усе беды, якія напаткаюць іх. Піжма – расліна адметная вялікай колькасцю насення. Значыць, і дзетак у сям’і будзе многа. Каласы – сімвал багацця. І, думаючы пра васількі, адразу ўзгадваюцца словы з верша Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” – “цвяток радзімы – васілька”.

Будзем спадзявацца, куды б не заносіў маладую сям’ю лёс, яны будуць вяртацца да вытокаў, у сваё гняздо.

– Пасля таго, як спляла вянкі, уклала ў іх сакральнае значэнне, – дзеліцца Надзея. – Паверыла нават у тое, што калі надзець яго, то дапаможа ад галаўнога болю. Дзяцей жа, калі тыя хворыя, мамы часам накрываюць вэлюмам. Гавораць, што гэта дапамагае перамагчы хваробу.

Цяпер вянкі сушацца, пасля жанчына мяркуе зрабіць скрыначку, у якой будзе захоўваць сямейную рэліквію.

– Магчыма, вянчальныя вянкі і не захаваюцца на ўсё жыццё, – расказвае Надзея. – Аднак сямейнай рэліквіяй стануць іконы, з якімі вянчаліся. Мяркуем перадаць іх нашым дзецям.

Было б больш часу, вышывала б сама

Вышыванкі сям’я купіла ў адной з крамаў у Мінску. Выбралі тыя, што спадабаліся, не глядзелі на сімволіку. Сэрца само падкажа, што трэба.

– Калі б было больш часу, больш бы грунтоў­на рыхтаваліся да ўрачыстасці, – расказвае Надзея. – Вышывала б сама.

Маладая жанчына прызнаецца, што сама падрыхтоўка да вянчання вельмі зблізіла яе з мужам, яны па-іншаму адкрыліся адзін перад адным.

– Да вяселля мы некаторы час жылі разам, – расказвае Надзея. – Адносіны былі іншымі: пры любой спрэчцы хацелася развярнуцца і пайсці, нічога не трымала. Пасля таго, як распісаліся, наадварот, стараемся з большым разуменнем ставіцца адзін да аднаго, навучыліся больш адказна падыхо­дзіць да адносінаў.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Фота Яўгена Стэльмаха.