У мінулую пятніцу група мастакоў нашага рэгіёна сустрэлася ў маладзечанскім райвыканкаме з намеснікам старшыні Людмілай Канановіч і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алесяй Лукоўскай.

Тэмай сустрэчы стаў працэс творчага аб’яднання мастакоў Павілля, пра што гаварылі ў сваіх раней апублікаваных у “РГ” допісах вілейскі мастак-педагог Эдуард Мацюшонак і мастацтвазнаўца з Маладзечна Алена Скабло.

Прысутны на сустрэчы галоўны рэдактар “РГ” Аляксандр Манцэвіч прапанаваў пад­трымаць ініцыятыву мастакоў рэгіёна аб стварэнні клуба ці іншага аб’яднання, што паспрыяе ўмацаванню культурных сувязяў у рэгіёне, будзе папулярызаваць сучаснае мастацтва. А Маладзечна можа стаць цэнтрам гэтага працэсу.

Фота realnienovosti.com.

Фота realnienovosti.com.

Арганізаваўшы тут арт-пляцоўку, якая б аб’ядноўвала мастакоў з суседніх гарадоў і раёнаў, тут можна будзе эфектыўна праводзіць экспазіцыйную, асветніцкую і выхаваўчую работу. Прыклад такога яднання ўжо ёсць: 18 разоў у рэгіёне праводзіўся фестываль-конкурс “Адна зямля”, што аб’яднаў моладзь рэгіёна, якая спявае з эстраднай сцэны.

– У жыцці народа мастацтва заўсёды было сродкам пазнання свету і выхавання асобы, а сёння, у стагоддзе тэхналогій, інтэрнэту, дзе інфармацыя плыве ракой, – адзначыў Эдуард Мацюшонак, – мастакі дапамогуць навучыцца фільтраваць гэту плынь віртуальнай інфармацыі.

Мастак з Маладзечна Мікола Аўчыннікаў успомніў, што яшчэ 9 чэрвеня мінулага года на сустрэчы з прадстаўнікамі саюзаў творчай інтэлігенцыі Мінскай вобласці старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра казаў пра спрыянне ў арганізацыі маладзечанскай гарадской мастацкай галерэі, таксама ўзнімалася пытанне пра арганізацыю рэгіянальнага з’яднання мастакоў.

Мастацкія з’яднанні і саюзы, што існавалі і існуюць у Маладзечне, несумненна, уплываюць на развіццё мастацкага жыцця горада. Актыўнасць мясцовых супольнасцяў урэшце ўплывае і на гаспадарчую, і на творчую дзейнасць: на розныя галіны эканомікі, культуры і мастацтва.

Фота creative.su.

Фота creative.su.

Свае думкі і прапановы выказалі дырэктар дзіцячай мастацкай школы ў Маладзечне Алена Кучко, мастацтвазнаўца Алена Скабло.

– Мастакі з Астраўца ці Вілейкі, Смаргоні ці Валожына, калі мы аб’яднаемся тут, у Маладзечне, не застануцца кінутымі. Яны змогуць паўнацэнна тварыць, сустракацца з гледачамі, расказваць пра сваю творчасць тут. Сталіца ж усіх не можа прыгарнуць, – падкрэсліў ролю Маладзечна як культурнага цэнтра Павілля Эдуард Мацюшонак.

Усе ўдзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што Маладзечну сапраўды час станавіцца такім арт-цэнтрам рэгіянальнага жыцця. Людміла Канановіч сказала, што для гэтага трэба на першы час хаця б нейкае невялікае памяшканне, дзе б мастакі маглі сустракацца. Тут раённая ўлада мае намер дапамагчы.

Калі ў чытачоў, а найперш мастакоў рэгіёна, узнікнуць пытанні і прапановы, можаце звязвацца з каардынатарам клуба, які ствараецца, Аленай Юр’еўнай Скабло па тэл.: 8-0176-501747, 8-029-2523791 ці з рэдакцыяй “Рэгіянальнай газеты”.