Сесці на ровар і праехаць разам з сябрамі праз тры вобласці Беларусі, здымаючы паездку на камеру, – чаму б і не? Такая ідэя прыйшла ў галаву маладзечанцу Сяргею Шабуню. Натхніўшы сяброў і сабраўшы ўсе неабходныя рэчы, кампанія рушыла на Брэст.
Напрыканцы ліпеня маладзечанцы вярнулася ў родны горад і падзяліліся з “Рэгіянальнай газетай” уражаннямі ад паездкі.
– Сяргей, для вашай кампаніі гэта роварная паездка першая ці досвед быў дагэтуль?
– На такую вялікую адлегласць паехалі ўпершыню. Дагэтуль ездзілі на Нарач, Вілейскае вадасховішча, мелавыя кар’еры пад Ваўкавыскам. А гэтым разам атрымалася праехацца па трох абласцях: Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай. Да паездкі рыхтаваліся паступова цягам года – куплялі багажнікі, заплечнікі.
– Як выглядала ваша траса?
– Маршрут мы склалі загадзя па фотаздымках са спадарожніка. Ехалі звычайнымі дарогамі, бо па аўтамагістралях нельга ехаць на ровары. Так атрымалася даўжэй, але больш бяспечна. Агулам уся паездка заняла тыдзень. За дзень мы праязджалі недзе 70-100 км, а ўвесь маршрут пацягнуў на 500 з нечым кіламетраў – па дарозе мы заязджалі ў Мірскі і Нясвіжскі замкі.
– Што бралі з сабой у дарогу?
– Ва ўсіх былі заплечнікі на 70-90 літраў, у іх везлі рэчы і прадукты. З сабой былі намёты, таму начавалі каля рэк і азёр. Елі пераважна тушонку разам з крупамі – рысам, грэчкай, груцай ці макаронай.
А па дарозе падсілкоўваліся марожаным і кефірам. І яшчэ каля чатырох літраў вады ў дзень ішло на чалавека.
– Ці наладжвалі кантакты з мясцовымі?
– Так, досыць часта даводзілася звяртацца да іх: мясцовыя падказвалі нам лепшыя месцы для начлегу і давалі набраць вады. Амаль ва ўсіх гарадах і вёсках ведаюць наш горад!
– А ці быў час агледзецца ў гарадах, праз якія вы ехалі?
– Час быў абмежаваны, таму доўга не затрымліваліся. У асноўным глядзелі галоўныя славутыя мясціны. Але часам і ў музей заходзілі – напрыклад, у Баранавічах у музей чыгуначнай тэхнікі. У Брэсце пабывалі на рэканструкцыі абароны Брэсцкай крэпасці.
– Пазаштатныя сітуацыі цягам тыдня здараліся?
– Адзін з нас на паўдарогі моцна пацягнуў нагу. Баяліся, што не зможа ехаць далей, але ён даў рады. Праўда, ехалі трохі павольней, бо чакалі яго, але ўсе разам.
А ў Баранавічах заехалі падсілкавацца ў адзін з двароў, а там нас “сустрэў” абсалютна голы бегаючы мужык.
Апетыт трохі сапсаваў, але і настрой падняў.
– Як ацэньваеце роварную інфраструктуру, з якой давялося сутыкнуцца?
– Амаль паўсюль дарога была добрая і роўная. Ехаць прыемна, машын мала. Вядома, месцамі вузкія абочыны, у некаторых гарадах злавалі высокія бардзюры. Але гэта не так важна, мы да гэтага прывыкшыя.
– Такая паездка моцна б’е па кашальку?
– Кожнаму з нас яна абышлася прыкладна ў 500 тысяч рублёў старымі грашыма. Большасць прадуктаў куплялі ў Маладзечне – так танней. Частка грошай пайшла на сувеніры, білеты ў музеі. Назад вярталіся на электрычцы – каля 50-60 тысяч з кожнага. Думаю, што за такія грошы праехаць палову Беларусі – гэта танна.
– А хто прыдумаў здымаць паездку на відэа?
– За дзень да ад’езду знаёмы фатограф Сяргей Захарэвіч прапанаваў купіць экшн-камеру. Так яна і з’явілася. Я здымаў усё, што паспяваў. Пасля сам заняўся мантажом. У гэтай справе я не мае досведу, таму апрацоўваў відэа каля 12 гадзін. Пакуль яго прагледзела крыху больш за 800 чалавек.
– Якія накірункі будзеце скараць у наступным годзе?
– Калі будуць грошы, хацелася б паехаць на роварах да мора. Альбо ў Пецярбург.