Першым на конкурс “Кулінарны сакваяжык” даслаў рэцэпт Уладзімір Галаўко.

Мужчына падзяліўся, як ён марынуе шашлыкі. Адметнасць рэцэпту ў тым, што ў яго дадаецца інгрэдыент, ад якога мяса не будзе гарэць на вуглях.

Інгрэдыенты: 2 кілаграмы свініны, 2 чайныя лыжкі солі, чорны нямолаты перац 6-8 гарошын, лаўровы ліст (некалькі лісцікаў), папрыка, базелік, чабор, каляндра, 1 кілаграм цыбулі, 4 сталовыя лыжкі алею, паўлімона.

Спосаб прыгатавання: вельмі важна, каб мяса было свежым, не вадзяністым. Пажадана, каб была і саланіна, але няшмат. Мяса парэзаць на кубікі па тры-чатыры сантыметры. Дадаць 2 чайныя лыжкі солі. Не перажывайце, мяса не будзе салёным, сам не асабліва люблю соль.

Пераходзім да спецый. Дадайце чорны перац, я бяру нямолаты, расціскаю бакавой часткай нажа і лязом крышачку раздрабняю. Затым лаўровы ліст, чырвоны перац, папрыка, базілік, чабор, каляндра. Але будзьце асцярожныя, шмат сыпаць не трэба.

Бяру маленькую цыбулю і рэжу напалову, але можна і кольцамі – гэта справа густу. Цыбулі крышу многа, бо вельмі люблю яе, асабліва, калі добра прамарынавалася. Можна дадаваць і менш.

І вось, нарэшце, мы падышлі да інгрэдыента, які дапаможа, каб мяса не падгарэла на вуглях – алею. Дадайце чатыры лыжкі, але не бярыце аліўкавы.

Усё вельмі проста, нават калі мяса смажыць на патэльні, якая б яна добрая не была, мяса пачне гарэць без алею.

Калі паклалі ўсе інгрэдыенты ў каструлю, пачынайце перамешваць, прапускайце мяса праз пальцы.

Пасля выцісніце сок з паловы лімона і паліце ім на марынаванае мяса. Лімон замяняе воцат. Але і воцат можаце дадаць у мяса. Але гэтага я не раблю, бо воцату звычайна не аказваецца пад рукамі.

Пасля ўсё яшчэ раз перамешваем і кладзём зверху талерку, каб яна увайшла ўнутр каструлі, і прыціскаем нечым цяжкім.

Мяса варта марынаваць суткі. Калі яно свежае, можна і хутчэй. Гадзін восем хапае, каб мяса замарынавалася.

Смажыць мяса вучыць не буду, думаю і так зразумела. Гатуйце на вялікім жары, каб прасмажылася хапае некалькі хвілін. Але не блытайце сок смажанага мяса з кроўю.

Калі ператрымаць шашлык, ён атрымаецца сухім і нясмачным.

Падзяліцеся рэцэптам сваёй фірменнай стравы альбо страў з чытачамі. Дашліце іх на электронную пошту regionnews@rh.by, пажадана з фотаздымкамі.

За свае старанні пераможца зможа пабыць з кампаніяй на дзесяць чалавек у банкетнай зале “Глушэц”, якая знаходзіцца ў Маладзечне па Ларына, 2-а.