– О, не! – аднойчы, прачнуўшыся раніцай і памацаўшы  халодны змеявік у ваннай, усклікніце вы. – Адключылі ваду. А значыць, на два тыдні прывітанне тазікі і каструлі. 

І вы ўяўляеце сабе, як недзе на другім канцы горада сядзіць злосны дзядзька, які з усмешкай паварочвае вялізны вентыль, пазбаўляючы вас самага неабходнага дасягнення цывілізацыі – гарачай вады.

Як жа на самой справе выглядае працэс адключэння вады і хто стаіць за ўсім гэтым, запыталіся мы ў начальніка службы цеплавых сетак Маладзечанскіх электрычных сетак Алега Садоўскага. 

У працоўным кабінеце “галоўнага па адключэнні” якраз няма такога чароўнага вентыля, затое ёсць рацыя, праз якую начальнік службы мае магчымасць чуць, якія ўчасткі цяпер правярае брыгада і пра якія пашкоджанні перадае ў дыспетчарскую.

– У Маладзечне 140 кіламетраў цеплавых сетах, па якіх ідзе гарачая вада, – расказвае Алег Садоўскі, – а апрасоўка праводзіцца, каб выявіць на гэтых адрэзках пашкоджанні і хутка ўхіліць іх.

Дзякуючы апрасоўцы буйных аварый на цеплатрасах у Маладзечне не было больш за 10 гадоў.

Першую апрасоўку ў годзе праводзяць у маі.

– Сёлета ў майскім адключэнні вады выявілі агулам 34 пашко­джанні, а вы ўяўляеце, каб гэта адбылося зімой? Дык вось каб не дапусціць адключэння вады ў маразы, нам і даводзіцца двойчы за лета праводзіць прафілактычныя работы.

Алег Садоўскі тлумачыць, што пакуль гэта самы дзейсны спосаб пазбегнуць аварыйных сітуацый.

– У вялікіх гарадах адключаюць раз у год, там ёсць такая магчымасць, а мы пакуль не можам адмовіцца ад такіх выпрабаванняў. Спосаб, які мы называем акустычна-місійны, недасканалы. Ён выдае шмат памылак, таму пакуль толькі апрасоўка. Ды, здаецца, мы робім усё зручна. Спачатку адну частку горада адключаем, затым другую.

Трапіць у патрэбнае месца прарыву – адзін шанс з сотні

– Праверка право­дзіцца такім чынам, што, напрыклад, на ўчастку даўжынёй у 100 метраў заўважылі павелічэнне сілкавальнай вады ў цеплакрыніцы, а дзе канкрэтна, трэба дазнавацца на месцы. Тады туды накіроўваецца брыгада, рабочыя метадам шурфавання (або разведкі) ускрываюць частку асфальту, гля­дзяць, ці канкрэтна там здарыўся прарыў. Калі не, ускрываюць наступную частку асфальту. І так, пакуль не выявяць менавіта тое месца.

Калі я паехала рабіць фотаздымак да артыкула да бібліятэкі “Верасок”, мне, можна сказаць, пашанцавала.

Пад’ехаў бульдозер, разрыў яму, я дапытваюся ў майстра Леаніда Лапатнёва:

– А вы ўпэўненыя, што прарыў недзе тут?

– Ды 100 працэнтаў, чуеце, вада шуміць пад бетонам.

І праўда, калі кран падняў бетонную пліту, з-пад яе забіў гейзер – фантанчык з гарачай вадой.

Акрамя таго, што рамонт трубаў – гэта доўгі і працаёмкі працэс, калі справа дойдзе да замены трубы – гэты працэс яшчэ і дарагі.

Кошт адной 10-метровай трубы – 10 мільёнаў. Тэрмін эксплуатацыі трубаў – 25 гадоў, пасля гэтага іх неабходна мяняць. На сённяшні дзень у Маладзечне замены патрабуюць 20 кіламетраў труб. Сёлета замянілі 760 метраў труб на вуліцы Лебе­дзеў­скай, што каля гандлёвага цэнтра “Спадарожнік”.

А вось самому рэгуляваць ацяпленне ў кватэры можна будзе не хутка

Калі пачынаецца ацяпляльны сезон – усе работы спыняюцца.

Алег Садоўскі тлумачыць, што калі раптам нешта здараецца ў ацяпляльны перыяд, то гэта стрэс для ўсёй службы.

– Па трубах ідзе вада, у якой тэмпература 60 градусаў. На марозе  рамантаваць практычна немагчыма.

Але цягам года праводзяцца агляды цеплатрасаў і абсталявання, арганізаваныя вучэбныя класы для спецыялістаў, кожны год калектыў цеплавых сетак здае экзамен на пацвярджэнне сваёй прафесійнай кваліфікацыі.

Не магу не задаць наіўнае пытанне:

– А што будзе, калі падчас апрасоўкі нехта з работнікаў сетак раптам адкрые той самы вентыль з гарачай вадой?

– Я спадзяюся, гэтага не адбудзецца, таму што ў гэтым выпадку трубы проста разарве ад павышанага ў іх ціску. Для чаго ж мы папярэджваем загадзя?

А папярэджваюць пра адключэнне вады загадзя, у першую чаргу, жыллёва-камунальныя гаспадаркі, каб там спецыялісты таксама праверылі сваё абсталяванне, адключылі засаўкі.

Цеплавыя сеткі адказныя таксама і за ацяпляльны сезон, таму не магу не спытацца пра тое, ці надыдзе той час, калі кожны сам бу­дзе вырашаць, калі яму ўключаць батарэі ва ўласнай кватэры?

– У бліжэйшай будучыні, адназначна, такога не здарыцца, – запэўніў Алег Садоўскі. – Перавесці ўвесь горад на пакватэрную сістэму ацяплення вельмі доўга і дорага. І калі кожны будзе пачынаць ацяпляльны сезон, як яму ўздумаецца, гэта прывядзе да разбалансіроўкі ўсёй сістэмы.

Адзін дом у горадзе з пакватэрнай сістэмай ацяплення ў Маладзечне ёсць – па вуліцы Прытыцкага, дзе раней быў магазін “Дабрадар”.

– Але ж мы і не зацягваем з пачаткам ацяпляльнага сезона, таму што да кастрычніка ў нас усе сістэмы ў парадку. Успомніце, як год таму ўсе суседнія раёны зайздросцілі Маладзечну, бо ў нас у кватэрах стала цёпла раней за ўсіх. А незадаволеныя адключэннем і рамонтам будуць заўсёды, галоўнае, што мы выконваем сваю працу. І робім гэта добра, – падсумаваў Алег Садоўскі.