Дэмакратычны актывіст з Астраўца Мікола Уласевіч, які першым абнародаваў інфармацыю пра няштатную сітуацыю на будаўнічай пляцоўцы Беларускай атамнай электрастанцыі, атрымаў адказ з Генеральнай пракуратуры. Па сутнасці, ведамства абмежавалася традыцыйнай адпіскай, перанакіраваўшы заяву ў структуру, якая найменей зацікаўленая ў агалошванні падрабязнасцей інцыдэнту.

– Адказ з Генэральнай пракуратуры РБ на электронны зварот у сувязі з падзеннем корпусу рэактара на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС 10 ліпеня не прымусіў сябе чакаць. І мабыць, гэта адзінае суцяшэнне ва ўсёй гэтай гісторыі, – гаворыць Мікола Уласевіч, удакладняючы. – Ні ўзровень адказу, ні, тым больш, яго змест мяне не задавальняюць”.

Адказ на зварот Уласевіча, які быў адрасаваны на імя Генеральнага пракурора, падпісаў намеснік начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзян П.П. Елісееў. У ім службовая асоба суха паведаміла, што заява накіраваная на разгляд у Міністэрства энэргетыкі Беларусі. Акурат ведамства, якое толькі 26 ліпеня прызнала: “няштатная сітуацыя здарылася на пляцоўцы захавання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перасоўванні ў гарызантальнай плоскасці”.

У ноч на 10 ліпеня на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС адбылося надзвычайнае здарэнне, два тыдні пра якое нічога не паведамлялася. Інфармацыя пра гэта зявілася толькі 25 ліпеня, і тое ад актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міколы Уласевіча, які жыве ў суседніх Варнянах і ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі.

Ён напісаў у Фэйсбуку, што не менш за дзясятак незалежных адна ад адной крыніц на ўмовах ананімнасці падчас правядзеньня пікетаў па зборы подпісаў пацвердзілі факт абвальвання рэактара пры яго транспартаванні. 330-тонны агрэгат сарваўся і зваліўся ўніз з 4 метраў.

А некаторыя крыніцы сцвярджалі, што вышыня была значна большай – каля 10 метраў.

У наступныя дні ведамствы ў Беларусі і Расіі спрабавалі давесці, што нічога надзвычайнага не адбылося і на корпусе рэактара ўсяго толькі “пашкодзілася фарба”. Аднак мінуў месяц, а на пляцоўку не дапушчаны ніводзін журналіст, які мог бы на ўласныя вочы пераканацца ў “надуманасці” перабольшанняў.

“Мяркую, што камэнтары тут залішнія, – канстатуе Мікола Уласевіч. – Зварот-скаргу, у якой я ставіў пытанне аб прыпыненні будаўніцтва АЭС, далі правяраць таму, хто ўсяляк прасоўвае ў Беларусі будаўніцтва небяспечнага аб’екта і хто ў дадзеным выпадку будзе прымяншаць ўвесь цяжар магчымых наступстваў надзвычайнага здарэння”.