– Калі ўчора прыйшоў на трэніроўку, на ёй не было футбалістаў Аляксандра Тышкевіча, Аляксандра Лебедзева і трэнера Уладзіміра Макоўскага. Ва ўсіх былі адключаныя тэлефоны, і ўзнікла падазрэнне, што яны недзе разам. Яны былі ў РАУС, і тэлефоны ў іх, мабыць, забралі.

Але калі яны адтуль выйшлі, мне патэлефанаваў Уладзімір Міхайлавіч Макоўскі, сказаў, што нічога страшнага не адбылося, што пасмяяліся яны там. Хоць зразумела, што ў РАУС наўрад ці смяюцца.

Аляксандр Цішкевіч больш падрабязна распавёў, у чым справа. Прызнаўся ў зробленым. Калі прыйшоў дадому, перажыў цяжкія хвіліны. Сёння з раніцы быў у шпіталі (па здароўі ёсць пытанні), а калі вярнуўся, жонка паказала праграму “Зона Х” ўчарашнюю, дзе прайшла інфармацыя пра дагаворны матч.

– А з чаго ўсё пачалося? Яшчэ ў чэрвені, да затрымання кіраўніка судзейскага дэпартамента Андрэя Жукава мяне запрасіў у федэрацыю намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футболу Сяргей  Сафар’ян.

Апрануў тады кашульку, думаў, можа зборную прапануюць. Нацыянальную. Ну, напэўна, калі толькі жаночую…

У федэрацыі сустрэлі людзі, якія прадставіліся работнікамі міліцыі. І намякнулі, не называючы імёнаў, прозвішчаў, што ў мяне “працуюць” футбалісты.

Мяне гэта, вядома, здзівіла і абурыла. Яшчэ ў першай лізе ўсім было вядома, што “Іслач” – клуб “чысты”, ніколі не было пытанняў.

І калі сталі намякаць, маўляў, можа і я там удзельнічаў, я вельмі моцна ўзлаваўся, перайшоў на мат у адрас працаўнікоў РАУС.

Падчас таго матча ў Маладзечне не з’явіліся у вас сумненні, калі за 25 хвілін было забіта 5 мячоў?

– Калі памятаеце маё пасляматчавае інтэрв’ю – “варылі варэнне”… Але самае цікавае, што гэтыя людзі, як потым аказалася, “варылі”, рабілі ўсё так, што чалавек не паспяваў у тыя зоны, куды аддаваліся перадачы. І атрымлівалася нават так, што маладога хлопца падстаўлялі.

Цяпер шкадую, што столькі сіл было змарнавана ў перапынку, распранальня проста “лётала”. Пульс свой да 180 дакладна разагнаў. І здавалася, што неяк на хлопчыкаў і дзяўчынак паўплываў станоўча. Але аказалася, што ў камандзе ёсць здраднікі.

– Мы лічым, што грошы, якія гэтыя людзі зарабілі ў нашым клубе, яны павінны вярнуць з кампенсацыяй. Клуб пойдзе ў гэтай справе да канца.