Апошні месяц лета няўмольна адлічвае дзянькі… Дзеці працягваюць радавацца адпачынку. А ці адпачываюць школы ў час канікулаў?
Летам праца тут не спыняецца. Школьнікі Вілейшчыны пад чуйным кіраўніцтвам педагогаў адпрацоўваюць практыку: прыбіраюць школьны двор, даглядаюць клумбы і пакаёвыя расліны. Дзесяцікласнікі прахозяць у час канікулаў “палявыя зборы”, дзе дзяўчаты займаюцца медыцынай, а юнакі ўдасканальваюць вайсковую і фізічную падрыхтоўку.
Усе жадаючыя змаглі адпачыць у лагерах з дзённым наведваннем або ў кругласутачных палатачных лагерах на ўлонні прыроды, што таксама працавалі пры школе. Асабліва старанныя за пэўныя дасягненні ў вучобе з карысцю для сябе бавілі час у профільных рэспубліканскіх лагерах. Напрыклад, пераможцы абласной алімпіяды па хіміі – Вячаслаў Буслаўскі з Вязынскай школы і Таццяна Волкава з Вілейскай гімназіі “Логас”.
“Гарачым” выдаўся першы месяц лета і для будучых вучняў: тыя з іх, якія не хадзілі ў дзіцячы садок, павінны былі наведваць школу, каб пазнаёміцца з першай настаўніцай і падрыхтавацца да навучання ў першым класе.
Вучні – пра летнія канікулы ў школе
– Самае галоўнае, што ў нас, дзевяцікласнікаў, звязана са школай летам ў гэтым годзе – экзамены, якія прайшлі ў чэрвені, – кажа вучань з Вязыні Вячаслаў Буслаўскі. – У дзясяты клас мы прыйдзем з іншым настроем, бо школа дала магчымасць вытрымаць першыя іспыты і паказаць сябе. Яшчэ чакаем з аднакласнікамі, калі збяромся ў класе і падрыхтуем яго да новага навучальнага года. Вельмі любім мы парты фарбаваць.
Вучаніца з Ільі Лізавета Артамонава летам надоўга не развітвалася з роднай школай: праводзіла экскурсіі для гасцей у школьным музеі “Вілейшчына літаратурная”, рыхтавала работы да розных мастацкіх конкурсаў. І амаль кожны вечар гуляла з сябрамі на школьным стадыёне.
Адпачыць і зарабіць грошы
Некаторыя старшакласнікі ў летні час дзякуючы школе і ўласнай працавітасці змаглі нават вырашыць матэрыяльныя праблемы.
– У межах школьнага лагера працы і адпачынку дзеці супрацоўнічалі з Вілейскім лясгасам і атрымлівалі грошы за сваю дзейнасць. У час летніх канікул вучні ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года. Вілейскім цэнтрам занятасці дзейнасць была наладжана так, што дзеці маглі атрымаць грошы за гэта. Праца адбывалася з захаваннем усіх правіл тэхнікі бяспекі: напрыклад, юнакі і дзяўчаты, якім яшчэ няма шаснаццаці гадоў, маглі працаваць толькі з фарбамі на воднай аснове. – кажа дырэктар Вілейскай сярэдняй школы №3 Мікалай Гіро.
Цікава, ці захоча пасля навучэнец сапсаваць сцяну або падлогу, якую ён уласнаручна фарбаваў? Напэўна, не. І іншым не дазволіць.
У гімназіі №1 “Логас” таксама не расслабляюцца. Па словах Вольгі Занкавіч, якая выконвае абавязкі дырэктара, школьнае жыццё тут проста віруе. Турызм, рамонт, спаборніцтвы, працоўныя акцыі… Сапраўды, лета – час актыўнай турыстычнай і краязнаўчай дзейнасці ў гімназіі. Шасцікласнікам запомніўся паход па родным краі і сустрэча з Уладзімірам Ляшкевічам – настаўнікам і паэтам, які пазнаёміў юных турыстаў з гісторыяй Вілейкі, а пра кожную расліну, што сустрэлася на шляху, распавёў займальна і цікава.
Старэйшыя вучні, поўныя ўражанняў, нядаўна вярнуліся з падарожжа па Стоўбцоўшчыне, дзе прайшлі сцяжынамі беларускага народнага пісьменніка Якуба Коласа.
Нікога з гімназістаў не здзіўляюць і не раздражняюць рэпетыцыі ў час спякотных летніх дзён. А як жа інакш, калі 3 жніўня каманда навучэнцаў гімназіі пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Аксаны Максімовіч і настаўніка фізкультуры Юрыя Кузьміча едзе на Мядзельшчыну, у вёску Ніколічы, каб паказаць свае фізічныя і артыстычныя дадзеныя ў спартыўна-масавым мерапрыемстве “Забег адважных”.
– А ў нас поўным ходам ідзе рамонт, – распавядае педагог-арганізатар Вязынскай школы Таццяна Буслаўская. – Дзякуючы нястомнасці і энтузіязму новага дырэктара Алены Свячко школа мяняецца і звонку, і знутры, у іншае месца пераносіцца музей, набываецца неабходнае абсталяванне. Нашы старшакласнікі ў рамках школьнага лагера працы і адпачынку зараблялі грошы ў таварыстве “Новая Вілія”: прыбіралі на збожжатаку і ў майстэрнях, наколькі дазваляла тэхніка бяспекі.
Школьнікі ў Ільі. Фота Аксаны Ярашонак.
У Ільянскай сярэдняй школе імя Грымаця, па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Людмілы Мікуліч, летам дзейнічае валанцёрскі атрад вучняў па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі. Мелі месца і экскурсіі па раёне: навучэнцы наведалі конны двор “Старынкі”, Вілейскую выратавальную станцыю, музей першай сусветнай вайны ў вёсцы Заброддзе, арганізацыі і прадпрыемствы ў Ільі. У рамках Клуба цікавых сустрэч школу наведаў краязнаўца і пісьменнік, аўтар рэгіянальнай газеты Аляксандр Плавінскі.
Ад 1 жніўня пачаў дзейнасць лагер працы і адпачынку для старшакласнікаў. Дзеці працуюць на збожжатаках аграфірмы таварыства “РАСТЭМ” у вёсках Казлы і Абадоўцы.
Ад 1 ліпеня ў школу пераехала Ільянская сельская бібліятэка, таму летам тут можна сустрэць не толькі вучняў-практыкантаў з вёдрамі і матычкамі, але і дзяцей з кніжкамі.