У бліжэйшы час жыхары нашага рэгіёну пачуюць на Мінскім чыгуначным вакзале песні на роднай мове.

Пасажыры, якія бавяць час у зале чакання на трэцім паверсе вакзала, доўгі час былі вымушаныя слухаць бясконцую расійскую папсу. Яна разляталася па зале чакання з дынаміка, усталяванага ля абменніка “Беларусбанка”. Стас Міхайлаў, Мікалай Баскаў… Ці адчуе турыст, які завітаў у Беларусь, нацыянальны каларыт на галоўным вакзале краіны?

Жыхар Мінска Ягор Макарэвіч як пастаянны наведнік вакзала звярнуўся да кіраўніцтва “Дарорс” з пісьмовай прапановай змяніць плейліст. 

“Паведамляем, што ваша прапанова правільная, і з нашага боку ўжо набытыя кружэлкі для праслухоўвання песень на беларускай мове. Гучанне песень на рускай і беларускай мовах будзе пачарговым”, – гаворыцца ў адказе, падпісаным начальніцай гандлёва-вытворчага комплексу “Дарорс” М.Рагульскай.