У полі пад Палачанамі гудуць шэсць камбайнаў – у раёне ўборачная ў самым разгары. 

29 ліпеня камбайнер Міхаіл Найдзенка і яго памочнік Аляксандр Міхалевіч выйшлі працаваць у поле амаль у 11 раніцы – напярэдадні ішлі дажджы і патрэбны быў час, каб пшаніца і ячмень, якія ўбіраюць цяпер, абсохлі.

– Увогуле, гэта міф, што працоўны дзень у камбайнераў пачынаецца на досвітку, – расказвае Міхаіл. – Звычайна, мы выходзім на працу, калі спадае раса, а гэта недзе пасля 9 раніцы.

Міхаіл і Аляксандр працуюць на нямецкім камбайне. У гаспадарку ў Палачаны гэты камбайн паступіў 10 гадоў таму.

– Памятаю, як сам ездзіў на польскую мяжу забіраць гэты камбайн. І вось ужо 10 гадоў нязменна працую на ім.

Калі камбайн і псуецца, прызнаецца Міхаіл, то рамантуецца ён дастаткова хутка.

– Самая частая паломка – гэта калі зломіцца палец (так называюць металічны штыр) у жняярцы. Але яго можна замяніць за пяць хвілін. А каб тэхніка не падводзіла падчас жніва, яна старанна даглядаецца цягам года.

І абавязкова перад выхадам у поле камбайн правяраецца і запраўляецца.

За дзень камбайн расходуе 300 літраў саляркі.

Але ці можна дазнацца, што адчувае камбайнер у кабіне свайго агрэгату, не паспрабаваўшы папрацаваць разам з ім?

У кабіне два крэслы – для камбайнера і памочніка. Памочнік Міхаіла Аляксандр саступае мне месца.

– Што ўвогуле увахо­дзіць у абавязкі памочніка?

– Ён сочыць за тым, каб нармальна высыпалася збожжа ў бункер, правярае, як працуе камбайн, можа хутка нешта паправіць або папярэдзіць пра паломку. Кажучы адным словам, памочнік камбайнера – гэта сакратар, заўжды на падхваце.

Камбайнеры, магу адзначыць, ад гарачыні ў кабіне не задыхаюцца. У сучасных камбайнах усталяваны клімат-кантроль.

– Хочаце вам плюсавую тэмпературу, хочаце – мінусавую. Ды і не цяжка працаваць, толькі пад вечар, калі выхо­дзіш з кабіны, пачынае кілбасіць.

Кабіна камбайна знаходзіцца высока, таму ўсё жніво як на далоні: вунь працуюць іншыя камбайны, глядзіш, а па толькі што зжатым полі ходзяць буслы.

– Гэта яшчэ што. А вось з рапсу, бывала, выскоквалі казулі, а з кукурузы так і пырскаюць дзікі ў розныя бакі.

Праз некаторы час размаўляць стаў перашкаджаць характэрны гук: пі-пі-пі.

– Гэта поўны бункер, – адказвае мне Міхаіл, – ёсць 12 тон!

Камбайн праехаў яшчэ метраў 200 і спыніўся.

– Будзем чакаць машыну на адгрузку.

У Палачанах збожжа возяць чатыры машыны. Адзін кіроўца, Уладзімір Валюшка, нават паспеў заняць трэцяе месца ў раёне па перавозцы. Ён на сваім МАЗе перавёз у гэтым сезоне 1058 тон збожжа. 

Чаканне машыны зацягваецца. У чацвер усю ноч ліў дождж і размыла дарогу. Машына засела ў балоце.

Пакуль чакаем машыну, задаю пытанне пра грошы.

– Гэта атрымоўваецца, што за ўборачную кампанію вы зарабляеце больш за 20 мільёнаў? Што плануеце набываць за заробак камбайнера?

– Кожны год размяркоўваю, на што пойдзе заробак за жніво. Цяпер думаю, што перакрыю дах у доме, даўно ўжо рамонту ён просіць.

– Што, і ў “Дажынках” удзельнічае?

– А як жа. Толькі, праўда, у раённых.

– А абрады звязаныя са жнівом выконваеце?

– Ды не, абрады – гэта ў кіно. Ніякіх зажынак, першага ці апошняга снапа ў мяне няма. Выйшаў на працу – і пачаў працаваць.

Тым часам пад’язджае МАЗ, з бункера пачынае ліцца збожжа. Некалькі хвілін – і ўсё паўтараецца па коле. Камбайн працягвае жаць, МАЗы адвозяць збожжа, трактар збірае салому ў валкі, другі трактар дзяжурыць на выпадак таго, што яшчэ нехта засядзе.

Крочым па зжатым полі побач з буслам, і толькі крыху пужае гук чух-чух-чух ад камбайна, які едзе побач.

Крыху лічбаў:

Уборачная ў Палачанах пачалася 15 ліпеня.

Штодзённа намалочваюць 400-500 тон збожжа.

На 27 ліпеня было ўбрана больш за 40% плошчы.

Ураджайнасць на 27 ліпеня склала 42,8 цэнтнера з гектара.

На той жа дзень было намалочана 2449 тон.

Агульная  плошча, якая засеяная збожжам, – 1397 гектараў.

На адзін экіпаж камбайна прыхо­дзіцца 233 гектары, якія неабходна зжаць.