Вы ніколі не задумваліся, што нашы назвы Ракаў, Варняны і шмат іншых могуць знаходзіцца на картах краін, у якіх жыхары не размаўляюць на славянскіх мовах? Пра тое, што многія нашы назвы “прапісаныя” ў Германіі, піша наш калега, галоўны рэдактар газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун.

Існуе амаль біблейскае паданне аб тысячах рыцараў, якія з усім народам пакінулі поўнач Германіі і свой горад Старгарад (Ольдэнбург) ды прыйшлі ў наш край, заснавалі Навагарадак, які стаў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.

Год таму ў рэдакцыю нашай газеты завітаў падаць прыватную аб’яву адзін наш сталы чытач, глыбачанін. Аднак працэс падачы аб’явы нечакана перайшоў да дыскусіі па беларускай гісторыі. Высветлілася, што гэты спадар мае прозвішча Малькевіч. І, як сталася, вельмі дасведчаны ў такой тэме чалавек! Знайшоў праз інтэрнэт цёзак па прозвішчы ў Польшчы і Беларусі, нават зазначыў, што і горад такі ёсць Мальквіц.

Даследчыкі даўно звярнулі ўвагу на паўтараемасць назваў паселішчаў Мекленбургіі (рэгіён на поўначы Германіі) і Беларусі. Гэта наводзіць на высновы, што было масавае перасяленне народа з тэрыторыі Мекленбургіі на тэрыторыю Беларусі, гэтыя новыя насельнікі і прынеслі з сабой назвы сваіх некалі родных гарадоў і вёсак. І ў Германіі і Беларусі можна знайсці паселішчы з назвамі “Ракаў”, “Варняны”.

Якія былі прычыны, што змусілі тысячы лю­дзей перасяліцца з поў­начы Германіі на тэрыторыю сучаснай Беларусі?

Даследчыкі асноўнай прычынай лічаць наступ германцаў на тэрыторыю, заселеную славянамі. Наступ рабіўся штораз мацнейшым. Форс-мажор!

Як паведамляў нямецкі храніст Гельмальд, першымі мусілі шукаць сабе новы прыстанак тыя плямёны, што жылі найбліжэй да саксаў і на чыю зямлю найперш спакусіліся захопнікі. Горкі лёс выгнаннікаў напаткаў, верагодна, смалінцаў (смальнянаў), якія жылі на правым беразе ракі Лабы і вядомыя як Smel­dingiens франкскіх хронік, прыкладам, пад 809 год. Смалінцы, верагодна, перасяліліся ў край па-над Бугам і Наравам, дзе і знаходзім паселішчы Smoleń­szczyzna, Smol­nik, Smolniki, Smo­lino, Smolany, Zardany Smoliany, a таксама i далей на ўсход. Прыкладам, на Беларусі ёсць паселішчы Смаленікі ў Ляхавіцкім раёне, Смаляны ў Пружанскім ды Аршанскім раёнах, Смалічы ў Капыльскім раёне, гарады Смалявічы, Смаленск у суседняй Расіі, а таксама горад Смалінінкай у цяперашняй Літве.

Пазней шляхам смалінцаў рушылі шматлікія роды суседніх славянскіх княстваў. У нашай краіне заснавалі свае паселішчы абадрыты, бабране, бражане, бытанцы, вялеты, гліняне, дравяне, люцічы, марачане, ніжане, рачане, стадаране, хіжане. На карысць такога меркавання сведчаць этнатапонімы: Аброва, Бабровічы, Бабры, Беразцы, Беражно, Быцень, Веляцін, Вялешына, Гліняны, Глінь, Дзераўная, Дзераўцы, Лютавічы, Лютыя, Морач, Нізаўцы, Нізяны, Рачканы, Старыя Дарогі, Хізаў, Хізы.

I на новым месцы шмат каго з навасельцаў, пераважна родавых старэйшынаў, ваяводаў, клікалі паводле назоваў іх былых родных паселішчаў. Такія мянушкі пазней сталі прозвішчамі. Для некаторых выяўленыя адпаведнікі ў тапаніміцы Мекленбургіі.

Шматлікія перасяленцы прыйшлі на Беларусь! Як гэта адбілася на нашай мове, гісторыі, культуры? Праўдападобна, усе гэтыя словы: дах, ланцуг, ліхтар, кафля, і г.д., патрапілі ў нашу мову разам з перасяленцамі.

У рэшце рэшт, на тэрыторыі Беларусі ўзнікае магутная сярэднявечная дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае. І адкуль вытокі Літвы? Ды ўсё адтуль, па меркаванні некаторых навукоўцаў, дзе: Glambeke (цяпер Glambeck), Gamele (Gamehl), Pastowe (Pastow)…

Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 101166185.