Прыгожым месцам з акуратнымі домікамі, прыбранымі газонамі і пафарбаванымі агароджамі, нібы з кадра пра амерыканскі прыгарад, мог бы стаць раён індывідуальнай забудовы “Фестывальны”. Частка дамоў, пабудаваных за крэдытныя грошы, гатова прыняць маладзечанскі сярэдні клас, але пытанне паўстае ў аснове жылля – камунікацыях.

Некаторыя жыхары актыўна будуюцца. Хто заканчвае з каробкай, у каго справа даходзіць да аддзелкі. А як будаваць, калі вады на ўчастку няма? Даводзіцца вазіць машынай. А як правезці, калі пракладзеная толькі цэнтральная дарога, а да большасці ўчасткаў даводзіцца ехаць праз калдобіны і гразь? Каналізацыі таксама няма, таму засяліцца не выпадае.

Жыхары не сядзяць склаўшы рукі – напрыклад, газ яны правялі цалкам за свае сродкі.

Але праблема не толькі ў тым, што камунікацыі даводзіцца чакаць. Галоўнае тое, што невядома, колькі іх чакаць і калі людзі змогуць разлічваць на паўнавартаснае засяленне. Ніякіх дакладных тэрмінаў, калі спадзявацца на асновы цывілізацыі.

Трубы праклалі, вады няма

30 ліпеня ў раёне індывідуальнай забудовы “Фестывальны” жыхары правялі сход гаспадароў участкаў. На ім абмяркоўвалі зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта.

– Мы гадамі дабіваліся мінімальных выгод на мясцовым узроўні. Адказ адзін – няма грошай. Гэта апошняя інстанцыя, на якую мы спадзяёмся.

На сходзе хтосьці прапаноўваў адразу ў звароце да Прэзідэнта пералічыць усе патрэбы: і каналізацыю, і дарогі, але большасць пагадзілася на тое, што чым больш просіш – тым менш атрымліваеш, і лепш сканцэнтравацца на нечым адным – ва­дзе.

Пад зваротам у Адміністрацыю падпісалася 30 чалавек.

Урыўкі з адкрытага звароту ў Адміністрацыю:

“Паводле Указа №72 2006 года, зямельныя ўчасткі выдзяляюцца пры наяўнасці мінімальна неабходнай інжынернай і транспартнай інфраструктуры. Праектную дакументацыю па ўладкаванні элект­ра-, газазабеспячэння, водаправода і сувязі распрацавалі ў 2010 годзе.

У 2015 перазацвердзілі праект.

Старшыня Мінаблвыканкама ў 2014 годзе падчас прыёму грама­дзян сказаў, што за год неабходна падвесці ваду і святло да ўсіх мікрараёнаў жылой забудовы вобласці за бюджэтныя сродкі. Ёсць закон, распараджэнне, а выканання няма.

Дарогі пратапталі самі забудоўшчыкі, але пасля дажджу ў іх і трактары вязнуць. Пасля асабістага звароту да старшыні райвыканкама Аляксандра Яхнаўца ў 2014 годзе ў дамы далі святло. А вады няма і сёння.

Летась правялі тэндар па водазабеспячэнні. Работы пачалі мінулай восенню. Заканчэнне было прызначанае на сакавік. Хутка восень. Работы зробленыя, трубы пракладзеныя, а вады няма”.

Без вады няма як пераехаць

Многія сем’і некалькі гадоў чакаюць вырашэння камунікацыйных праблем:

– Уявіце, як гэта – жыць, не ведаючы, калі зможаш засяліцца. Будаваць дом – няпростае выпрабаванне, але калі ад цябе мала што залежыць, то проста пакуты. А гэта ж уплывае на нашы лёсы, на сем’і, адносіны, проста падвешаныя гады. Не год і не два, гады! Не дзіва, што з 277 участкаў занятыя толькі каля 150, – гавораць між сабой гаспадары.

Кацярына Лайша прыйшла на сход з дзецьмі. Яна з мужам Аляксандрам атрымала ўчастак у 2012 годзе. На будоўлю выдаткавалі 200 мільёнаў недэнамінаваных рублёў крэдыту. Плюс прыкладна такую ж суму ўклалі сваіх грошай.

Цяпер сям’я робіць агароджу. Увесь крэдыт для асваення яны на рукі яшчэ не атрымалі. А галоўнае, чаго не хапае сям’і – водазабеспячэння.

У сям’і выхоўваюць сямігадовую дачку Леру, а сыну Сёму споўнілася 1,5 годзіка.

Сяргей распавядае, што хтосьці з жыхароў спрабаваў самастойна пракласці каналізацыю. Але пад зямлёй слой гліны, таму калодзежы поўныя – давядзецца чакаць дзяржаўнай пракладкі. Самастойна выкапаць калодзеж яму ацанілі ў 3,5 тысячы долараў. Укладаць такія грошы, будуючы дом, на крыніцу вады, якая невядома калі перастане быць патрэбнай, зусім немэтазгодна.

Сяргей Вярбіцкі працуе інжынерам у маладзечанскай фірме. Ра­зам з жонкай Настассяй, 10-гадовай дачкой Алёнай і дачушкай Надзяй, якой хутка бу­дзе годзік, жывуць у адным пакоі інтэрната.

Атрымаў 160 мільёнаў ільготнага крэдыту. На гэтыя сродкі набываў матэрыялы для будоўлі на сцены, дах, фундамент. Астатняе паступова – вокны, дзверы, падлога, сантэхніка.

Сяргей хацеў бы закончыць на ўчастку працы па пракладцы трубаў, добраўпарадкаванні, зрабіць пад’езд. Але пакуль “Водаканал” не возьме на баланс камунікацыі “Фестывальнага”, гаспадар не атрымае дазвол на пракладку водаправода.

Забудоўшчыкі гатовы да таго, што іх праблемы вырашаць трэба паступова. Дойдзе час і да каналізацыі, і да дарогі, але самае пільнае цяпер – вада, аснова і жыцця, і будоўлі.

Адказ улады

Рэдакцыя накіроўвала звароты з пытаннямі наконт “Фестывальнага” аддзелу архітэктуры і будаўніцтва, а таксама Упраўленню капітальнага будаўніцтва яшчэ восенню. На пытанні адказалі наступнае. 

У 2013-2014 гадах на аб’екце пабудавалі дзве трансфарматарныя падстанцыі і сеткі для падключэння.

У 2015 годзе паводле новай пастановы Савета Міністраў унеслі карэкціроўку праектна-каштарыснай дакументацыі і атрымалі станоўчае заключэнне экспертызы па трэцяй чарзе будоўлі аб’екта – сеткі водазабеспячэння і каналізацыі.

Наконт каналізацыі адказалі, што грошы, выдаткаваныя на інжынерна-транспартную інфраструктуру накіроў­ваюць толькі на мінімальна неабходнае.

У гэты шэраг уваходзяць электра- і водазабеспячэнне, а таксама вулічна-дарожная сетка – вуліца з праезнай часткай у гравійным выкананні. Дарогамі будуць займацца пасля пракладкі неабходных камунікацый.