Многія з іх пастаянныя ўдзельнікі літаратурных імпрэз і творчых семінараў горада, вобласці і рэспублікі, аўтары ўласных кніг і тэкстаў песень, пераможцы літаратурных конкурсаў рознага ўзроўню…

І ці можа быць інакш на зямлі, якая нарадзіла вялікага і геніяльнага Купалу, і ўжо шмат гадоў мая родная школа №1 носіць яго імя; шаптала незабыўныя радкі таленавітаму Багдановічу і развівала адметны талент празаіка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага)?

  • У Маладзечне на мяжы 19-20 стст. працавала настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся пісьменнік Міхась Чарот (1896-1937) і публіцыст, грамадскі дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі (1855-1937), а яшчэ дзейнічала ўласная бібліятэка.

Фота n.livejournal.com. У Вязынцы, на радзіме Купалы.

Фота n.livejournal.com. У Вязынцы, на радзіме Купалы.

  • Але вернемся ў 20 стагоддзе. З 1954 года ў Радашкавічах жыў адзін з лепшых празаікаў таго часу, член Саюза пісьменнікаў СССР Аркадзь Чарнышэвіч. А сёння жыве літаратуразнаўца і крытык Ціхан Чарнякевіч.
  • З 1960-ых гадоў пры раённай газеце “Святло камунізму”, вядомай сёння як “Маладзечанская газета”, і да нядаўнаяга часу дзейнічала літаратурнае аб’яднанне “Купалінка”. Ля вытокаў яго стварэння стаяў гісторык, пісьменнік, паэт, публіцыст Мікола Ермаловіч, а з 1970-ых гадоў аб’яднаннем кіраваў Генадзь Каханоўскі – навуковец, гісторык, пісьменнік, публіцыст, чалавек, які шмат зрабіў для Маладзечаншчыны. У 1980-90-ыя кіраўніком аб’яднання быў паэт і журналіст Валерый Маркелаў, а апошнім часам Міхась Казлоўскі – вядомы пісьменнік, краязнавец, паслядоўнік справы Генадзя Каханоўскага.
  • З аб’яднання “выйшлі” член Саюза пісьменнікаў і Саюза журналістаў Беларусі, галоўны рэдактар рэспубліканскага часопіса “Алеся” Тамара Бунта, член Таварыства вольных літаратараў і Саюза пісьменнікаў Беларусі Людка Сільнова, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Стася Наркевіч (Настасся Лазебная); члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэты Ала Клемянок і Кастусь Цыбульскі; паэтка, журналіст, вядучая беларускамоўнай праграмы “Віленскі сшытак” на Літоўскім тэлебачанні Таццяна Сапач, жыццё якой трагічна абарвалася ў 2010 годзе.

Фота delaemvmeste.by. Маладзечна.

Фота delaemvmeste.by. Маладзечна.

  • “Купалінка” – не адзінае літаратурнае аб’яднанне, якое “выхоўвала” маладыя таленты горада. У 1990-ыя пры Цэнтры эстэтычнага выхавання дзяцей і падлеткаў працавала дзіцячае літаб’яднанне “Узлёт”, якім кіравала Таіса Трафімава – член Саюза пісьменнікаў і Саюза журналістаў Беларусі.  А пры Палацы культуры горада дзейнічаў вядомы “Агмень”, дзе пачынаючых літаратараў цёпла прымала пісьменніца, спявачка, кампазітар Таццяна Атрошанка.
  • Імя Аляксандра Хазяніна большасці маладзечанцаў вядомае ў сувязі з тым, што гэты творчы чалавек доўгі час кіраваў “Маладзечанскай газетай”. А яшчэ ён празаік, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў і Саюза журналістаў Беларусі. Дарэчы, і сённяшні рэдактар раённай газеты Аляксандр Лазоўскі піша цудоўныя вершы і друкуецца ў калектыўных паэтычных зборніках.
  • На дзіцячых вершах святара з вёскі Дубравы і паэта Івана Крупко гадаваліся чытачы рэспубліканскага часопіса “Вясёлка”, а цікавы празаік, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Янка Галубовіч (1942-2014) вядомы як аўтар казак і апавяданняў для дзяцей і вобразных пейзажных замалёвак для дарослых.
  • У Гродна жыве наша зямлячка Ірына Шатыронак – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, крытык, публіцыст.

Членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі ў розныя часы сталі Аркадзь Жураўлеў, Настасся Нарэйка, Валерый Хіхіч, Вячаслаў Дашкевіч.  

  • Кожны год у рамках Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі ў Маладзечна жыхароў горада збірае літаратурная гасцёўня.

realt.onliner.by. Гасцініца ў Маладзечне.

realt.onliner.by. Гасцініца ў Маладзечне.

  • Творы маладзечанскіх паэтаў і пісьменнікаў друкуюцца ў калектыўных зборніках. Тут можна згадаць кнігі “Горад сонечных промняў” і “Прызнанне ў любові і ў каханні”.
  • А ў 2015 годзе дзякуючы нястомнаму Міхасю Казлоўскаму і фінанасавай падтрымцы Маладзечанскага райвыканкама выйшла грунтоўная кніга “Там, дзе Уша серабрыцца”, куды ўвайшлі паэтычныя, празаічныя і публіцыстычныя творы пісьменнікаў, жыццё і творчасць якіх звязаны з Маладзечаншчынай.
  • Ну, і нарэшце… Ужо 21 год у Маладзечне выходзіць “Рэгіянальная газета”, дзе  з лютага 2016 года для творцаў і чытачоў запусцілі праект “Літпарад Павілля”.

Таццяна Атрошанка

Паэтэса, празаік, аўтар песень. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Скончыла ГДУ імя Ф.Скарыны. Жыве  на Маладзечаншчыне. У 2010  годзе ўбачыла свет  асабістая кніжка вершаў Таццяны Атрошанкі “Не я…”. Творчасць не замыкаецца ў коле паэзіі.  Піша і прозу, і п’есы, і песні, з’яўляючыся аўтарам як слоў, так і музыкі.

Лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Напрыклад, двойчы (у 2007 і 2009 гг.) перамагала ў конкурсе “Музычны  спрынт” (г.Сочы, Дагамыс) у намінацыі “Лепшая аўтарская работа”.

Узнагароджана Дыпломам фестывалю аўтарскай песні ў межах рэгіянальнага беларускага тура Міжнароднга фестывалю аўтарскай песні “Пецярбургскі акорд – 2004” у намінацыі “Кампазітар.”

Мае Дыпломы лаўрэата ў намінацыі “Лепшая аўтарская  работа” міжнароднага конкурсу ”Кубак Еўропы”(2009), а таксама Дыплом міжнароднага конкурсу “Залаты Фенікс”, які быў створаны Міжнародным дабрачынным фондам “Наша будучыня” пры падтрымцы Міністэрства культуры РФ у намінацыі “Лепшая аўтарская работа за словы да вакальнага твора”.

З’яўляецца лаўрэатам 1 ступені ў намінацыі “Аўтарская песня” Рэспубліканскага конкурсу, прысвечанага 80-годдзю Беларускай энергасістэмы.

Мае Падзяку тэлевізійнага міжнароднага фестывалю “На высокай хвалі – 2009”, які ствараўся пры падтрымцы праўлення справамі прэзідэнта Расіі; і Падзяку ад саюза юрыдычных асоб “Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва” за актыўны ўдзел у Рэспубліканскім літаратурным форуме “Багдановіч”, арганізаваным Цэнтрам міжкультурнага дыялогу і сацыяльных ініцыятыў Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва і Саюзам пісьменнікаў Беларусі (2013).

Літпарада ад Таццяны Атрошанкі

Некалі вельмі даўно стары мудрэц сказаў, што ў адну раку нельга ўвайсці двойчы. І сапраўды, сённяшні дзень багаты на падзеі. Час плыве, нібы тая рака, зносячы з сабой радасці  і клопаты такога, здаецца, простага і адначасова такога складанага і неадназначнага чалавечага жыцця.

І настае момант, калі хочацца спыніцца, перавесці дыханне і крыкнуць словамі вядомага паэта на ўвесь белы свет: “Спыніся, імгненне!”. І нярэдка гэта атрымліваецца.

І тады гэтыя моманты, вобразы, пахі  і пачуцці пачынаюць жыць у душы, застаючыся па-за часам і прасторай у краіне, якой няма ні на адной карце, там, дзе  пануе яе вялікасць – Паэзія …

Я люблю людзей з загадкай у вачах. З той цікаўнасцю, якая прымушае ўбачыць незвычайнае ў будзённым, гадзіну назіраць за павуком, які сплятае сілкі сярод кветак… З разуменнем галоўнага, што дазваляе цярпліва выслухаць хама і, моўчкі адышоўшы, усміхнуцца таму, што пакінуў яго, здзіўленага і разгубленага сам-насам з яго брудам… Паэты людзі асаблівыя… Яны не могуць вырашаць: пісаць ім ці не… Рашэнне прымаецца за іх, і натхненне прыходзіць часам у самы нязручны момант, і таму галоўная парада  паспець усё занатаваць. Чарнавікі твораў часта выглядаюць не надта: гэта могуць быць накіды на білеціках ці папяровых сурвэтках, празрыстых і злёгку надарваных у тых месцах, дзе словы для новага верша ці песні яшчэ не знайшліся… Але яны абавязкова знойдуцца, каб запоўніць пустэчу…

Фота masterveda.ru.

Фота masterveda.ru.

Двубой

Я хаджу, як заўсёды, белай,

І няроўны вяду двубой –

Я у сэрца трапляю смела,

А ты меч  адкідаеш свой…

І з усмешкай скідаеш латы

З непакорнай маёй душы…

Мілы вораг ты мой  закляты!

Ты у ёй тут заўсёды жыў!

Адступае мой полк знямелы,

Я іду праз фігурак строй,

Апынаюся каралевай,

Калі  побач іду з табой…     

    

Фота yoga-kmv.ru.

Фота yoga-kmv.ru.

***

Я не сумую – я жыву

У свеце сноў, падмане мрояў…

І, лёгка вывучыўшы ролю,

Я праз сусвет да зор плыву…

Я не блукаю – я стаю

Сярод забытых абяцанняў,

І льецца дождж былых прызнанняў

Ў душу раскрытую маю…

Я называю – не заву

Сваю самоту белым птахам…

Я тут… Я ёсць пад зорным дахам…

Я не сумую… Я жыву… 

Фота iafeavatar.justclick.ru.

Фота iafeavatar.justclick.ru.

Надзея

Аспрэчваюцца навіны,

Высвечваюцца хвіліны,

Сплываюць удаль даліны

                                   аблокаў…

Гавораць услых падзеі,

А сэрца жыве надзеяй,

Што ты будзеш там, дзе я…

Далёкі свой шлях не зблытай –

Вяду Арыядны ніткай

Па мрояў рачулцы плыткай…

Ў расстанні душа сталее,

А сэрца жыве надзеяй,

Што ты будзеш там, дзе я…

Анастасія Бабкевіч

Нарадзілася ў весцы Слабада, што на Мядзельшчыне, у 1994 годзе. У 2003 годзе разам з сям’ёй пераехалі ў Будслаў. Пасля заканчэння дзевяці класаў мясцовай школы лёс звязаў з Маладзечаншчынай: паступіла у Маладзечненскі дзяржаўны політэхнічны каледж по спецыяльнасці “тэхнік-тэхнолаг”, у час вучобы наведвала літаратурнае аб’яднанне “Агмень”, якім кіравала паэтка Таццяна Атрошанка.

Зараз вучыцца ў БДУ па спецыяльнасці “журналіст”.

Свой першы верш напісала яшчэ ў трэцім класе. Асабістых зборнікаў з вершамі пакуль не мае. Публікавалася ў  газетах “Нарачанская зара”, “Рэспубліка” і інш.

Фота okolostand-up.livejournal.com.

Фота okolostand-up.livejournal.com.

Сон

Быў гэта толькі дзіўны сон…

Шчаслівы, радасны быў ён.

Ласкавы майскі ветрык вееў,

І шапацеў лістотай клён.

 У небе зоркі шлях стваралі,

Кідалі позірк на зямлю.

Стракозы побач нам спявалі

І паглыналі цішыню.

 І быццам музыка гучала…

Ліліся гукі тут і там.

Ды хутка ночка праімчала,

Закрыў усе сівы туман…

І зніклі вобразы начныя,

І пацішэў ужо той звон…

Мы не былі з табой чужыя,

Але быў гэта толькі сон…

Фота wallpapers.99px.ru.

Фота wallpapers.99px.ru.

Я дзяўчына зямлі беларускай

Я дзяўчына зямлі беларускай,

Я дзяўчына з цудоўнага краю.

Ідучы па сцяжыначцы вузкай,

Па кавалку надзею збіраю.

Я збіраю надзею на тое,

Каб заўжды быў спакой на зямлі,

Каб і думкі, і слова святое

Нас сюды праз гады прывялі.

Каб  не сціхлі птушыныя спевы

І шаптаўся бярозавы гай…

Закружыў каб вясновым павевам

Незабыўны квітнеючы май!

Я дзяўчына маёй Беларусі,

Я дзяўчына з чароўнага краю…

Нізка-нізка табе пакланюся

 І з табой быць навек абяцаю.

Фота photoclub.by.

Фота photoclub.by.

***

Спрадвеку сагрэтая ласкаю,

Ты грэеш і нас спакваля.

Апетая песнямі, казкамі

Чароўная наша зямля.

Лугамі, лясамі ды рэчкамі

Ты вабіш усіх да сябе!

Малымі, вялікімі сцежкамі

На яве вядзеш і у сне.

Азёры тут срэбрам бруяцца,

Крынічкі чуваць тонкі звон.

Хачу я табой любавацца,

Аддаць нізкі-нізкі паклон!

Мой слаўны, мой родны куточак,

І ліпа, і белы язмін,

І самы малы каласочак

У сэрцы  заўсёды маім!