Пасля капітальнага рамонту на мінулым тыдні ўрачыста адкрылі тэрапеўтычнае аддзяленне Смаргонскай раённай бальніцы. Пра нядаўнюю ўрачыстаць нагадвае прыўзняты настрой медыкаў і яркія паветраныя шары на калідорах.
– Ці доўга вы чакалі рамонту? – пытаюся ў Таццяны Пятніцкай, загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы.
– Чакалі вельмі доўга. Такога вялікага рамонту ў аддзяленні не было за ўвесь час існавання будынку, гэта значыць з 1984 года. Рабілі толькі дробныя касметычныя рамонты, – кажа мая субяседніца. Тры палаты, адну прыбіральню і мой кабінет адрамантавалі за спонсарскія сродкі яшчэ ў мінулым годзе.
Калі я выходзіла са свайго новага кабінета ў калідор са старымі цёмна-сінімі сценамі, было адчуванне, што трапляю ў нейкае далёкае стагоддзе.
Цяпер адрамантаваныя ўсе астатнія памяшканні і калідор. Сярод новых палат ёсць яшчэ “незаселеныя”.
На тэрыторыі бальніцы.
Рамонт доўжыўся шэсць месяцаў. Але на гэты час аддзяленне працу не спыняла. Яго скарацілі на дваццаць ложкаў і раздзялілі на дзве паловы: у адной будаўнікі рабілі рамонт, у другой дактары лячылі хворых.
Калі доктар сапраўдны прафесіянал, абсталяванне другаснае
Мэблю ў палаты і кабінеты набылі яшчэ да рамонта. Цяпер у абноўленых палатах з’явіліся новыя тумбачкі, ложкі, на некаторых вокнах усталявалі жалюзі, у кабінетах – медыцынскія шафы. Абноўлены знешні выгляд спрыяе камфорту як хворых, так і дактароў. Як заўважыла загадчыца, нават тэхперсанал прыбірае з іншым настроем.
Са словамі Таццяны Пятніцкай пагаджаецца працэдурная медсястра Таццяна Дудко. Працэдурны кабінет стаў больш прывабным і ўтульным. Але размова з медсястрой атрымліваецца кароткай: у кабінеце яе чакаюць трое хворых.
– Ці ўваходзіла ў задачы рамонту набыццё новага медыцынскага абсталявання?
– Не. Абсталяванне набываецца і не ў час рамонту. І абсталяваная бальніца даволі добра. У аддзяленнях ёсць якасныя апараты ультрагукавога даследвання, эндаскапічная апаратура для даследвання ўнутраных органаў. Асаблівы наш гонар – камп’ютарны тамограф, – распавядае Таццяна Пятніцкая.
Працэдурная медсястра Таццяна Дудко.
Безумоўна, у невялікіх раённых бальніцах, і ў смаргонскай у тым ліку, не робяць складаныя аперацыі, напрыклад па кардыяхірургіі, і рабіць не павінны. Для гэтага ёсць абсталяванне ў сталічных медыцынскіх установах.
І ўсё ж, на думку загадчыцы аддзялення, раённая бальніца ў Смаргоні па насычанасці абсталяваннем набліжаецца да маленькай бальніцы за мяжой.
А ўвогуле, лічыць Таццяна Пятніцкая, кадры ў медыцыне куды больш важныя за самае дарагое абсталяванне:
– Раней тэрапеўты мелі толькі фанендаскоп, каб паслухаць пацыента і апарат, каб памераць яму ціск. Усе звесткі медыкі атрымлівалі ў час размовы з хворымі і назірання за імі. У медыцыне гэта называецца анамнэзам. Яго і сёння ніхто не адмяняў. Калі доктар – сапраўдны прафесіянал, сучаснае медыцынскае абсталяванне часта адыходзіць на другі план.
Справы, лічбы і не толькі
Галоўнага доктара бальніцы Сяргея Кудзенчука мы знайшлі ў бальнічнай бухгалтэрыі. На пасадзе ён крыху больш за год. І за гэты час, па словах супрацоўнікаў, бальніца стала зусім іншай. Адбылося шмат станоўчых змен.
Сяргей Мікалаевіч да размовы далучаецца не адразу. Вырашае рабочыя справы з бухгалтарам. Удакладняе ў механіка, ці памянялі мост у бальнічнай машыне. Раіцца па тэлефоне на конт накіравання дзяцей у санаторый.
І нарэшце агучвае лічбы:
– На набыццё мэблі пайшло 25 000 (250 мільёнаў) рублёў, на сам рамонт – 75 000 (750 000) мільёнаў. Рамонт у аддзяленні мы змаглі зрабіць дзякуючы дзяржаўнаму фінансаванню, а таксама падтрымцы Смаргонскага райвыканкама, разуменню яго старшыні, які заўсёды ідзе нам насустрач.
У адной з палат.
Раней за дзяржаўныя сродкі, так званым гаспадарчым спосабам, у бальніцы ўжо адрамантавалі акушэрскае, неўралагічнае аддзеленні і частку хірургічнага. У бліжэйшых планах – рамонт у траўматалогіі і заканчэнне рамонту ў хірургіі. Усё гэта запланавана на 2017 год, калі не зменіцца фінансаванне.
– Цяпер у бальніцах, як і ў большасці дзяржаўных устаноў, аказваюцца платныя паслугі. Гэтыя грошы таксама пайшлі на рамонт?
– Не. За тыя грошы, якія атрымліваем ад платных паслуг, набываем абсталяванне, стараемся матэрыяльна стымуляваць супрацоўнікаў, якія аказваюць гэтыя паслугі, – кажа галоўны доктар.
– А чым увогуле платная медыцына адрозніваецца ад бясплатнай?
– Я не бачу тут асаблівых адрозненняў у якасці, – кажа Таццяна Пятніцкая. – Усе мы, дактары, заканчвалі адны і тыя ж навучальныя ўстановы. Я ўжо дваццаць год працую ў дзяржаўнай бальніцы. Не думаю, што мае адносіны да хворых і мае веды неяк змяніліся, калі б я пайшла працаваць у платны медыцынскі цэнтр. Платная медыцына – гэта зручнасць і камфорт для людзей, у якіх ёсць грошы.
Па словах супрацоўнікаў бальніцы, у дзень адкрыцця новага аддзялення было не толькі традыцыйнае пераразанне чырвонай стужкі ганаровымі гасцямі. Для медыкаў і пацыентаў арганізавалі маленькі канцэрт.
– Складана было галоўнаму доктару зладзіць урачыстае адкрыццё аддзялення з песнямі і паветранымі шарамі? – пытаюся ў арганізатара нядаўняга свята Сяргея Кудзенчука.
– З вядучымі і спявачкай аддзел культуры райвыканкама бясплатна дапамог. А паветраныя шары купіў прафсаюз. Паверце, у параўнанні са зробленым рамонтам – гэта дробязі.