Хутка падвядуць вынікі конкурсу “Лета ў краіне цудаў”, які зладзіла Смаргонская раённая бібліятэка для маленькіх чытачоў. Што яшчэ цікавага адбываецца тут летам?

У зале абанементу сустракаю чытачку Ганну Шчасную. Нягледзячы на шчыльны графік работы індывідуальная прадпрымальніца рэгулярна наведвае бібліятэку. На гэты раз яе зацікавілі кнігі замежных пісьменнікаў. Дадому бярэ творы Габрыэля Гарсія Маркеса, Густава Флабэра, Джоржа Оруэла. Кажа, што пра цікавыя кніжкі даведваецца з інтэрнэта.

Бібліятэкарка Ала Радкевіч дае чытачцы прафесійныя парады:

– Маркес вельмі сваеасабліва пісаў. Гэта на аматара, не кожнаму спадабаецца. А ў Джорджа Оруэла абавязкова пачытайце твор “1984”. Гэта раман-утопія да навуковай фантастыкі падобны.

– Для нашай бібліятэкі – лета не ціхі сезон. Гэта час адпачынкаў і канікул, а значыць можна газеты і кнігі добрыя пачытаць, у прапанаваных мерапрыемствах паўдзельнічаць, – кажа загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Камароўская. Летам больш актыўна пачынаюць працаваць бібліятэчныя клубы, аматарскія аб’яднанні. Дзеці звычайна прыязджаюць да бабуль у вёску, таму і чытачоў у сельскіх бібліятэках становіцца больш.

Чытачка Ганна Шчасная і бібліятэкар Ала Радкевіч. Фота Аксаны Ярашонак.

Чытачка Ганна Шчасная і бібліятэкар Ала Радкевіч. Фота Аксаны Ярашонак.

У Солах жыве член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мар’ян Дукса. У бібліятэцы ладзяць прэзентацыі яго кніг і сустрэчы з чытачамі.

Бібліятэчныя мерапрыемствы арганізуюць у адпаведнасці з каляндаром. Так, у канцы ліпеня ў большасці бібліятэк горада і раёна адбыліся святы, дыспуты, круглыя сталы, інфармацыйныя гадзіны на тэмы “Здаровым будзеш – усё здабудзеш”, “Мы за здаровы лад жыцця”. Звычайна на такія мерапрыемствы запрашаюць супрацоўнікаў Смаргонскага цэнтра эпідэміялогіі, каб пачуць прафесійныя адказы на важныя пытанні.

19 жніўня  гарадская бібліятэка №1 запрашае чытачоў у фальклорнае падарожжа “Спас – усяму час”. Гледачы даведаюцца пра гісторыю і традыцыі свята. Арганізатары прадставяць цікавую выставу “Спасы – рыхтуй запасы” з аглядам літаратуры па тэме, правядуць гульнявую хвілінку “Яблычная фантазія”.

 Пра ўсе запланаваныя акцыі бібліятэкары змяшчаюць анонсы на сайтах бібліятэкі і райвыканкама. На сайце бібліятэкі размяшчаюцца навіны, планы і расклады бібліятэкі, на дзіцячай старонцы –  спісы літаратуры на лета для кожнага класа, умовы конкурсаў, цікавыя фотаздымкі.

Прачытаць 15 кніг, каб перамагчы

– Апошнім часам сельскія бібліятэкі ў рэгіёне пераносяць у школу. Ці былі ў вас у раёне такія эксперыменты?

– Так, у школу перанеслі Сыраваткаўскую сельскую бібліятэку, – кажа Таццяна Камароўская. Аднак тут ёсць і станоўчыя, і адмоўныя бакі. Школьнікі сталі часцей прыходзіць у бібліятэку, а вось іншыя чытачы – радзей. Разумееце, у школах цяпер ахова. А нашы чытачы бываюць рознага выгляду, нават такога, што ў школу іх могуць не пусціць. Цяпер многія мясцовыя жыхары больш ахвотна карыстаюцца паслугамі нашага бібліёбуса.

На працягу лета доўжыцца конкурс для дзяцей “Лета ў краіне цудаў”. Што трэба зрабіць, каб стаць яго пераможцам? Пра гэта распавядае галоўны бібліятэкар Іна Самарэвіч:

– Трэба наведаць бібліятэку не менш, чым пяць разоў, прачытаць 15 кніг, выканаць заданні на прапанаваныя тэмы, весці дзённік чытача, адрамантаваць дзве-тры бібліятэчныя кнігі і актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія прапануе бібліятэка.

А як вы даведадаецеся, што дзіця прачытала кніжку, а не проста карцінкі прагледзела? Будзеце пытанні па змесце задаваць?

– Ну, што вы. Дзеці – гэта ж не дарослыя. Яны ніколі не стануць падманваць нас, – не падзяляе маёйго недаверу галоўны бібліятэкар.

Пераможцаў конкурсу ўзнагародзяць у пачатку новага навучальнага года ў школе. Атрымліваць кнігу і дыплом на вачах  настаўнікаў і аднакласнікаў больш ганарова, лічыць Таццяна Камароўская.