Учора мы змывалі ў каналізацыю пратэрмінаваныя лекі, а сёння ўсё больш жанчын не можа зацяжараць – спецыялісты сцвярджаюць, што гэтыя з’явы могуць быць звязаныя.

Яшчэ пару гадоў таму эколагі давалі парады аб тым, што лепей рабіць з непатрэбнымі лекамі. “Выкідвайце ва ўнітаз, тады лекі растварацца ў вялікай колькасці вады і не зашкодзяць навакольнаму асяроддзю”, – казалі спецыялісты. Але пасля таго, як быў праведзены хімічны аналіз вады ў водаачышчальных пабудовах і адкрытых вадаёмах, эколагі кардынальна змянілі свой пункт гледжання.

Чаму самцы рыб становяцца самкамі?

Апошнія даследаванні вады ў Беларусі паказалі, што некаторыя складнікі лекавых прэпаратаў не раскладаюцца, а наадварот назапашваюцца ў ва­дзе.

Аналіз вады право­дзілі сумесна Цэнтр экалагічных рашэнняў (ЦЭР), Акадэмія навук і супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ). Ад лютага да ліпеня гэтага года яны рэгулярна бралі пробы вады ў некалькіх вадаёмах і водаачышчальных пабудовах.

Магчыма, лекі прымушаюць рыб перайначваць пол. Фота famajor.ru.

Магчыма, лекі прымушаюць рыб перайначваць пол. Фота famajor.ru.

З вадаёмаў нашага рэгіёна ў даследаванне трапіла возера Едзі, што месціцца ля аднайменнай вёскі ў Астравецкім раёне.

− Возера ізаляванае ад знешняга ўздзеяння, − зазначае Наталля Шэпелева, магістр тэхнічных навук БНТУ. − Там не ідзе прамысловая лоўля рыбы. Менавіта таму мы выбралі яго, каб пабачыць, ці дабраліся лекі да такіх цяжкадасягальных месцаў.

У Едзі рэшткаў лекавых сродкаў не знайшлі. Але на водаачышчальных пабудовах Гродна і Віцебска, у во­зеры Свір – так.

У вадзе не раскладаюцца складнікі некаторых гарманальных, процізапаленчых лекаў, а таксама антыбіётыкаў і антыдэпрэсантаў.

− Сродкі жаночай кантрацэпцыі небяспечныя для навакольнага асяроддзя, − кажа Наталля Яранцава, дацэнт кафедры фармацэўтычных тэхналогій і хіміі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. – Некаторыя з гармонаў назапашваюцца ў вадзе і нават у невялікай канцэнтрацыі могуць уплываць на рыб. У свеце ўжо вядомыя выпадкі, калі пад іх уздзеяннем самцы рыб станавіліся самкамі і па­чыналі адкладваць ікру. Самцы пачыналі выміраць як від.

Не купляйце лекі для запаса. Фота vetinpharm.com.

Не купляйце лекі для запаса. Фота vetinpharm.com.

Паводле слоў дацэнта, пакуль яшчэ навукова не даказана, як такая рыба ўплывае на здароўе чалавека, калі трапляе да яго ў талерку. Існуюць тэорыі, што сучасныя жаночыя праблемы з цяжарнасцю – вынік таго, што ў вадзе і прадуктах харчавання зашмат гармонаў з тых лекаў, якія людзі няправільна выкідваюць.

65% беларусаў кажуць, што купляюць больш лекаў, чым насамрэч патрабуюць. 350 мільёнаў – столькі ўпаковак лекаў беларусы купляюць штогод.

Некаторыя замежныя навукоўцы нават звязваюць узрост колькасці гомасэксуальных пар з перадазіроўкай гармонаў у навакольным асяроддзі. Але пакуль гэтая сувязь навукова не пацверджаная.

Назапашаныя ў ва­дзе антыдэпрэсанты могуць выклікаць неадэкватныя паводзіны ў жывёл, назапашаныя процізапаленчыя сродкі парушаюць працу іх унутраных органаў.

Фота doseng.org.

Фота doseng.org.

Што ж тады рабіць з лекамі?

− На жаль, цяпер мы не маем адназначнага адказу на гэта пытанне, − кажа Наталля Блышчык, кіраўнік Грамадскага інфармацыйнага цэнтра па пытаннях хімічнай бяспекі і адходах ЦЭР. – У Беларусі няма практыкі здаваць пратэрмінаваныя лекі назад у аптэку, як гэта робіцца за мяжой. У нас ёсць кампаніі, якія абясшкоджваюць лекі, але робяць гэта за грошы, таму аптэкі не звяртаюцца па іх паслугі.

Пытанне ўтылізацыі лекаў будзе ўздымацца на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя. Эколагі дамагаюцца таго, каб у Беларусі з’явіліся спе­цыяльныя месцы, куды можна было б прынесці непатрэбныя лекі.

Фота xn--80aejahjssu9ete.xn.

Фота xn--80aejahjssu9ete.xn.

− Пакуль я сама ўвогуле не выкідваю лекі, а збіраю іх да тых часоў, пакуль не з’явяцца пункты прыёму, − кажа Наталля Блышчык. – Але калі ўсё ж неабходна іх выкінуць, то лепей дастаць таблеткі з упакоўкі, раздрабніць, перамяшаць з кавай ці гарбатай, запакаваць у шчыльны пакет і выкінуць у сметніцу. Так яны ўсё роўна будуць шкодзіць навакольнаму асяроддзю, але хаця б не будуць прывабнымі для птушак і жывёл.

Спецыяліст нагадвае – не купляйце лекі “празапас” і “на ўсялякі выпадак”. Часцей за ўсё гэтыя лекі і адпраўляюцца ў каналізацыю.