Падчас прэзентацыі гасцям фонду “Краіна замкаў” будуць прадстаўлены канцэпцыя парка, некалькі мініяцюр, а таксама 3D-друкаркі, на якіх друкуюцца макеты замкаў. У прэзентацыі возьмуць удзел музыка Зміцер Вайцюшкевіч, тэатральны рэжысёр Валерый Мазынскі.

– Наш праект хутка можна будзе называць народным, – кажа дырэктар фонду “Краіна замкаў” Алесь Варыкіш. – На сённяшні дзень у ім узялі ўдзел каля 100 чалавек не толькі з Беларусі, але з Нямеччыны, Ізраіля, Расіі, Польшчы. Сярод іх ахвярадаўцы, валанцёры. Людзі не толькі пералічваюць нам грошы на набыццё дадатковых 3D-друкарак, але і актыўна прапануюць розную дапамогу – ад збору камянёў на ўчастку да стварэння ЗD-макетаў і друку мадэляў на ўласных друкарках”.

На сённяшні дзень на прэзентацыю запісалася больш за 100 чалавек. Для іх зладзяць экскурсію па найбольш значных аб’ектах рэгіёна, пасля якой прадставяць Парк мініяцюр.

Завершыцца праграма святочнай вечарынай з майстар-класамі па старадаўніх танцах і песнях.

Аб стварэнні Парку мініяцюр замкаў і храмаў было заяўлена ў канцы мінулага года. Ідэя была падтрымана ў рамках праекта ЕС / ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Свае сродкі ў будаўніцтва парку ўкладвае і “Краіна замкаў”.

Інвестыцыі ў аб’ект ужо перавысілі 300 млн недамінаваных рублёў. На гэтыя грошы набылі першы 3D-прынтэр, матэрыялы для друку мініяцюр, стварылі некалькі віртуальных мадэляў замкаў і храмаў, правялі зямельныя работы на тэрыторыі парку.

Афіцыйнае адкрыццё парку запланавана на май-чэрвень 2017 года. Першыя дзесяць мадэляў павінны з’явіцца ў парку ўжо да канца гэтага года.