Мужчына паспрабаваў сабраць грошы на рэалізацыю свайго праекта на адной з інтэрнэт-пляцовак. Праўда, кажа, паступленне сродкаў ад дабрачынцаў прыпынілася. Але мастак ад ідэі не адмовіўся і стаў працаваць за ўласныя сродкі.

– Жонка гандлюе сувенірамі ля Крэўскага замка, а я тут будую замак, – усміхаецца Сяргей.

Калі вежа была ўжо гатовая, майстар вельмі здзівіўся яе памеру. Кажа, што калі залезці на дах, то злазіць ужо страшна.

Вежу вышынёй амаль два метры мужчына зараз абкладае цаглінкамі, якія ён сам вырабляе. У планах энтузіяста – у аконных праёмах зрабіць вітражы, якія будуць падсвечвацца знутры.

Сяргей Бандарэнка паказаў месца, дзе ў хуткім часе павінна з’явіцца другая вежа і сцены маленькага замка. Дах будзе з уласнаручна зробленай глінянай чарапіцы.

Майстар паказвае, як ён працуе над кладкай цэглы: мур вядзецца пад шнурок. У адной са сцен вежы ўмураваныя часткі сапраўдных цаглін з замка ў Крэве.

  – Да мяне ўжо прыязджалі турысты пасля артыкулаў у прэсе ў пошуках копіі замка. Але ён пакуль яшчэ не гатовы. Я працую адзін, таму будоўля ідзе павольна, што цалкам у сярэднявечных традыцыях. Замкі ў даўніну будавалі доўга і грунтоўна, – кажа Сяргей.