– Абалонка таўшчынёй 1,2 метра ствараецца з бетону і арматуры. Плюс да гэтага ўсё па коле сціскаецца сталёвымі трасамі. Атрымліваецца суцэльны герметычны бетонна-металічны кокан, – патлумачыў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд.

Унутраная ахоўная абалонка павінна абараніць ад наступстваў магчымай аварыі або няштатнай сітуацыі на станцыі – канструкцыя затрымае выхад радыёактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе.

Калі будаўнікі завершаць працы над унутранай ахоўнай абалонкай, пачнуць будаваць і вонкавую.

– Яна закліканая абараніць сам рэактар ад непажаданых знешніх уздзеянняў: выбуху, урагану, падзення самалёта, землятрусу, – распавёў прадстаўнік БелАЭС.

На сумна вядомых АЭС у Чарнобылі і Фукусіме спецыяльных ахоўных збудаванняў не было.

Да 10 верасня на Беларускай АЭС правядуць стрэс-тэсты і даведаюцца, як станцыя павядзе сябе ў выпадку землятрусу, затаплення, анамальных умоў надвор’я і іншых няштатных сітуацый. Акрамя расійскага “Атампраекта”, які выйграў тэндар, на выпрабаванні абяцаюць запрасіць і еўрапейцаў.