У адным з магазінаў Ільі вісіць стэнд з калекцыяй грошай.

На сцяне пад шклом – грошы розных краін. Ёсць купюры і манеты з Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы. З больш экзатычных – ліванскія, індыйскія, македонскія грошы.

Уладальнікі калекцыі – сям’я Сцепановіч з Ільі. Яны індывідуальныя прадпрымальнікі, маюць некалькі магазінаў на Вілейшчыне. У адным з іх вырашылі размясціць стэнд.

Па словах Алены Сцепановіч, калекцыі 20 год. Роўна столькі, колькі гандлёвай дзейнасці прадпрымальніцы.

Першыя экспанаты жанчына прывезла з Вільні. Пасля быў адпачынак у Трускаўцы – і ў калекцыі з’явіліся ўкраінскія грошы. З турыстычнай паездкі ў Варшаву прывезла польскія.

Спачатку грошы, за якія нічога не набыла ў іншых краінах, жанчына проста складала ў стол. Калі іх стала шмат, з сынам Яўгенам падумалі пра калекцыю.

Супрацоўнікі магазіна кажуць, што пакупнікі звяртаюць увагу на стэнд. Асабліва цікавяцца маладыя людзі і замежныя турысты. Шмат распытваюць, некаторыя хочуць памацаць экспанаты.

Грошы, якія знайсці цяжка, сям’я замаўляе праз інтэрнэт. Так з’явіліся купюры з Лівана, Грэцыі, Катара, Афганістана, Венесуэлы. Па словах жанчыны, экзатычныя экспанаты адрозніваюцца ад іншых грошай па якасці матэрыялу. Ёсць нават пластыкавая купюра.

Жанчына кажа, што калекцыя будзе папаўняцца. Сёння ў магазіне прадстаўлены не ўсе экспанаты, якія мае сям’я.

– Чаму мы размясцілі калекцыю ў магазіне? Наша праца непасрэдна звязана з грашыма. Гэта першая прычына. А другая… Вельмі хацелася, каб у нашага магазіна быў свой твар, свая фішка, – кажа прадпрымальніца.