Выратавальнікі Наталля Камандзірчык і Руслан Магала пайшлі далей гэтай традыцыі – яны зрабілі вяселле ў стылі выратавальнікаў. Амаль кожная дэталь і аксесуар на свяце былі з сімвалам іх прафесіі.

Пара пазнаёмілася ў каледжы ў Салігорску. Руслан адвучыўся ўжо год, Наталля з Ваўкавыска толькі паступіла.

– Мне ніяк не даваўся прадмет прыкладная механіка, – расказвае дзяўчына. – І аднойчы аднагрупнік гаворыць: “Падыдзі ты да Руслана Магалы з другога курса. Ён разумны, усё патлумачыць, а тым больш ты яму падабаешся, яшчэ і заданні рашаць будзе”.

Так Наталля і зрабіла. Хлопец дапамог з прадметам і пачаў заляцацца: дарыў кветкі, запрашаў у кіно, на прагулкі ў парк. Так пачаліся адносіны.

– У каледжы мы заўсёды былі разам, – дзеліцца ўспамінамі дзяўчына. –  А скончыў вучыцца, і я засталася адна: першы час ніяк не магла прывыкнуць, што яго няма побач. Віселі гадзінамі на тэлефоне, ездзілі адзін да аднаго.

Пасля вучобы Наталля трапіла па размеркаванні ў Ліду, але пара шукала спосабы, як перавесціся ў Маладзечна. Нарэшце вызвалілася месца, і дзяўчына трапіла ў родны горад каханага – Маладзечна.

“Я больш не магу цярпець, Наташа, стань маёй жонкай”

Фота Наталлі Кісліцкай.

Фота Наталлі Кісліцкай.

Як і большасць хлопцаў, Руслан доўгі час збіраўся з думкамі, як зрабіць прапанову. Рашыўся малады чалавек на гэты крок на другі дзень вяселля сястры Наталлі.

 – Ён быў вельмі задумлівы, мітусіўся з аднаго кута ў другі, – з замілаваннем узгадвае дзяўчына. – А пасля выйшаў і адрывіста сказаў: “Лілія Васільеўна (так завуць маму нявесты), я не магу больш цярпець. Наташа, ці згодная ты стаць маёй жонкай і дзяліць усе радасці і турботы разам, быць са мной у багацтве і беднасці, пакуль смерць не разлучыць нас?” Пры гэтым стаў на адно калена і дастаў з кішэні скрыначку з пярсцёнкам – усё было, як у кіно.

Мама Наталлі з гумарам успрыняла гэта: “Можа і мяне хто-небудзь спытае. Ці згодная я на гэта?”

Пасля адказнага і хвалюючага моманту пара пачала рыхтавацца да вяселля. Спачатку думалі зрабіць аздабленне залы ў фіялетавым колеры.

Але аднойчы сяброўка Наталлі запрасіла яе на сустрэчу, дзе збіраліся вясельныя спецыялісты і прапаноўвалі паслугі, расказвалі пра адметнасці работы. Наталлі спадабалася ідэя з тэматычным вяселлем у марскім стылі, але сама на той час не планавала такое.

Конкурсы са шлемамі і каскамі

Фота Наталлі Кісліцкай.

Фота Наталлі Кісліцкай.

– Неяк сядзела і думала, як зрабіць наша вяселле адметным, – расказвае нявеста. – І тут нібы лямпачка загарэлася – а чаму б не зрабіць у стылі выратавальнікаў. Прапанавала Руслану, ён падтрымаў. Тым больш на ўрачыстасць запрасілі гасцей, якія звязаныя з гэтай прафесіяй.

Маладыя выказвалі самыя розныя ідэі, як арганізаваць тэматычнае вяселле, спецыялісты дапамагалі рэалізаваць задумы.

Замест звыклых банбаньерак (каробачак для цукерак) маладыя замовілі пернікі ў выглядзе пажарнай машыны. Тамада прыдумаў конкурсы са шлемамі і каскамі.

Замест фіялетавага колеру афармленне было ў бела-чырвонай гаме: на талерках сурвэткі складзеныя ў выглядзе чырвонай сарочкі выратавальніка, побач картка рассадкі з вогненым сэрцам. На стале маладых чырвоны абрус, у вазачках – чырвоныя галінкі каліны, сімвал жаночай долі.

Выйграць у конкурсе вогнетушыльнік

За ўдзел у конкурсах госці маглі выйграць “вогнетушыльнік”, але несапраўдны. У такім выглядзе былі вясельныя бутэлькі.

Нават падвязка ў нявесты была незвычайная – з пятліцай са знакам МНС.

– Планавалі, што торт замовім вельмі крэатыўны, – расказвае Наталля. – На ім жаніх, які цягнецца да пажарнай машыны, бо нават у самы шчаслівы дзень свайго жыцця не можа забыцца на працу і імкнецца выратаваць чалавецтва. Нявеста цягне яго назад – не трэба забывацца на свята. Аднак крыху спрасцілі – на торце былі жаніх у баёўцы і нявеста ў касцы.

Для гасцей зрабілі бутаньеркі з сімволікай выратавальнікаў. Замест скрыначкі, у якую кладуць невялікія сувеніры і грошы, муляж пажарнай машыны.

– Шкада, што самыя цікавыя ідэі прыходзяць у галаву ледзьве не ў самы апошні дзень, – уздыхае нявеста. – А таму вельмі цяжка ўвасобіць іх у жыццё, хоць ты не спі перад вяселлем.

Жаніліся пад гукі скрыпкі ў ратондзе

Фота Наталлі Кісліцкай.

Фота Наталлі Кісліцкай.

Маладыя распісаліся 12 жніўня ў ратондзе, да якой вяла беласнежная дарожка. Ратонда была аздоблена чырвонай тканінай, побач стаялі вялізныя белыя кветкі і крэселкі белага колеру. Таксама на вяселлі былі роставыя лялькі-выратавальнікі, якія забаўлялі гасцей.

Выходзіла пара пад гукі скрыпкі.

На маладой таксама былі дэталі чырвонага колеру: чырвона-белы манікюр, чырвоны букецік. У маладога – чырвоная бабачка.

– У выратавальнікаў існуе традыцыя – абавязкова трэба зрабіць вясельныя фотаздымкі каля пажарнай машыны, – расказвае Наталля. – Мы не адмовіліся ад яе, наадварот, гэта першае месца, куды паехалі пасля рэгістрацыі.

Фота Наталлі Кісліцкай.

Фота Наталлі Кісліцкай.

Чаго маладыя баяцца ў сямейным жыцці?

– Страшна, што руціна і бытавыя праблемы знішчаць нашы пачуцці, – адзінадушныя маладыя. – Часта чуем, што пасля вяселля жыццё стала сумным і нецікавым, і праз некаторы час пары разводзяцца. Але гэта дрэннае выйсце, у любым выпадку, з якім бы чалавекам ты не быў, жыццё не можа быць вечным святам. Мы стараемся разнастаіць сваё жыццё сустрэчамі з сябрамі, прагулкамі. Кожны мае і свае зацікаўленні, гэта таксама дапамагае не надакучыць адзін аднаму.

Негатыўнымі рысы характару, з якімі трэба мірыцца альбо перавыхоўваць

Наталля: Руслан запальчывы. Калі яму нешта не падабаецца, ён можа ў адну хвіліну адмовіцца ад справы. Я стараюся перачакаць, пакуль ён супакоіцца, а потым пераўпэўніваю, што ён не мае рацыі. Звычайна, калі пачуцці ўціхаюць, Руслан дзякуе, што не паслухалася яго.

Руслан: Наташа не ўмее трымаць язык за зубамі, калі нешта не падабаецца, то як пачне выказваць. І не пераспрачаеш, упартая. Тады абнімаю ззаду і закрываю рот. Першыя хвіліны маўчыць, здаецца, супакоілася і спакойна паразмаўляем. Не, трывайце новы шквал эмоцый. Сітуацыя зноў паўтараецца. Але навучыўся пераўпэўніваць, пакуль маўчыць.

Рысы, якія дапамогуць наладзіць сямейнае жыццё

Наталля: Руслан вельмі вясёлы, сяброўскі. Таму магу смела сказаць, што ў мяне ёсць свой праменьчык сонейка, сваёй жыццярадаснасцю ён падымае настрой нават у самы пахмурны дзень.

Руслан: Наталля – крыніца дабрыні і клопату, ёй шкада і сабачак і коцікаў, і рыбак, і ўсіх-усіх. Ну можна не любіць гэтага добрага чалавечка. А ў знешнасці падабаюцца вочы і вусны – галаву згубіць ад іх можна.

Цяпер мужчына з нецярпеннем чакае, калі Наталля прыйдзе і скажа, што яны хутка стануць бацькамі. “Быў бы самым шчаслівым, калі б першым быў хлопчык,” – дзеліцца Руслан.

Даведка “РГ”. Бутаньерка – вясельны аксесуар, які прымацоўваецца да адзення.

Фота Наталлі Кісліцкай.

Фота Наталлі Кісліцкай.