Галоўная прычына разладаў ў сям’і – спустошанасць нашых “сасудаў кахання”. Калі мы не адчуваем сябе любімымі, каштоўнымі і важнымі для партнёра, наш рэзервуар пусцее.

Як жа напаўняць свой “посуд”, як захоўваць здольнасць клапаціцца адзін пра аднаго і адчуваць сябе каханымі? Як існуюць розныя мовы для маўлення – англійская, італьянская, гэтак жа ёсць і розныя спосабы разумець, прымаць і праяўляць любоў.

Кожны чалавек карыстаецца ўласным голасам кахання і адчувае сябе каханым, калі партнёр выказвае пачуцці менавіта на ім.

Мова кахання 1: словы заахвочвання

Пахвала і падзяка заўсёды дапамогуць выказаць любоў. І лепш іх сказаць простымі шчырымі словамі:

  • “Якая смачная вячэра! Ты выдатна гатуеш!”
  • “Які малайчына, памыў посуд.”
  • “Дзякуй, што вынес смецце.”
  • “Дзякуй, што адвёў дзіця ў садок.”
  • “Ты такая прыгожая ў гэтай сукенцы!”
  • “Як добра, што ты не забыўся аплаціць рахункі. Ты мне так дапамагаеш, не кожны муж гэта робіць”.

Калі муж і жонка пастаянна будуць чуць адзін ад аднаго такія словы, атмасфера ў доме зменіцца да лепшага.

Мова кахання 2: час

Разам бавіць час – значыць цалкам аддаваць камусьці ўвагу. Калі вы сядзіце побач на канапе і глядзіце тэлевізар, вы не разам: увагу забіраюць навіны, а не партнёр.

Выключыце тэлевізар, паглядзіце адзін на аднаго, пагаварыце. Выйдзіце разам на прагулку, паабедайце, распытайце, як прайшоў дзень, што было цікавага ў кожнага з вас.

Прывучыцеся штодня гутарыць з блізкімі. Няхай кожны раскажа хоць бы аб трох выпадках, якія былі за дзень, падзеліцца пачуццямі і думкамі.

Фота mobilmusic.ru.

Фота mobilmusic.ru.

Мова кахання 3: падарункі

Падарунак можна ўзяць у рукі і сказаць: “Ён падумаў пра мяне” або “Яна мяне ўспомніла”.

Бо каб зрабіць камусьці падарунак, вы павінны думаць пра гэтага чалавека. Падарунак – сімвал гэтай думкі. І ўсё роўна, колькі грошай вы выдаткавалі. Галоўнае – падумалі пра чалавека, вагу мае ваш клопат, які ўвасобіўся ў падарунак. Падарункі – відавочныя знакі кахання.

Мова кахання 4: дапамога

Дапамагаць – значыць рабіць нешта для іншага. Падзел клопатаў і турбот, якія мы бяром на сябе: догляд за домам, дзецьмі, машынай, маленькія знакі ўвагі – прынесці гарбаты, накінуць плед. І калі мы дапамагаем, тым самым выказваем любоў.

Нельга маніпуляваць пачуццём віны: “Калі б ты любіў мяне, ты б зрабіў гэта”. Нельга запалохваць: “Зрабі, а то пашкадуеш!”. Гэта не каханне.

Мова кахання 5: дотык

Праз дотык можна выказаць мноства адценняў пачуццяў: ад пяшчоты, клопату, ласкі да гарачай жарсці – для некаторых гэта адзіны спосаб адчуць каханне.

Людзям, якія размаўляюць на гэтай мове, вельмі важна трымаць партнёра за руку, адчуваць абдымкі, яны з трапятаннем ставяцца да пацалункаў, надаюць асаблівае значэнне сексу і пачынаюць сумнявацца, ці кахаюць іх, калі не атрымліваюць гэтага.

Фота starbom.com.

Фота starbom.com.

Вызначыць сваю мову кахання можна трыма спосабамі:

1: Што з таго, што ваша другая палова робіць або не робіць, гаворыць ці не гаворыць, мацней за ўсё раніць вас? Супрацьлеглае таму, што прычыняе вам найбольшую боль, магчыма, і з’яўляецца асноўнай мовай кахання.

2: Чаго вы часцей за ўсё патрабавалі ад другой паловы? Тое, што прасілі часцей за ўсё, вельмі верагодна і з’яўляецца тым, што дасць адчуць сябе каханым.

3: Як вы самі звычайна выказваеце любоў, што робіце? Верагодна, таго ж вы чакаеце і ад мужа ці жонкі.

Як распазнаць мову кахання партнёра

Даведацца мову кахання партнёра можна, выкарыстоўваючы апісаныя вышэй спосабы. Можна задаваць любімаму і прамыя пытанні адносна таго, што менавіта ён чакае і хоча ад адносінаў і ад вас. Але ёсць і яшчэ адзін хітры прыём, які можна выкарыстоўваць, каб лепш зразумець партнёра: слухайце яго прэтэнзіі.

Фота inntehcom.ru.

Фота inntehcom.ru.

Крытыка – адзін са спосабаў заяўляць пра  каханне, хоць і не самы ўдалы. Прыслухайцеся, за што часцей за ўсё крытыкуе вас партнёр. “Ты мне ніколі не дорыш кветкі!”, “У цябе ёсць толькі твая праца, а на мяне часу зусім не застаецца”, “Ты зусім аддаліўся ад мяне”.

Крытыка, калі яе не ўспрымаць на свой рахунак, на самой справе вельмі каштоўная крыніца інфармацыі.

Вы ў гэтым пераканаецеся, калі замест таго, каб раздражняцца і прад’яўляць у адказ прэтэнзіі, будзеце ўважлівым і з павагай выслухаеце партнёра. “Ты вельмі засмучаная з-за таго, што мы рэдка бываем разам. Давай падумаем, як нам знайсці час і куды разам схадзіць?” Выкарыстоўваючы такі падыход, вы ўбачыце, што ад крытыкі не застанецца і следу, на яе месцы з’явяцца просьбы, падзяка і каханне.

Пачаўшы выказваць каханне на мове іншага, мы напаўняем яго “посуд”. А калі гэты посуд поўны, ён будзе шукаць спосабы падзяліцца з намі любоўю.

Памятайце, што каханне-стан прыходзіць і сыходзіць. А каханне-дзеянне цалкам у вашых руках!

Па псіхалагічную дапамогу звяртайцеся па тэлефоне: (80176) 74-66-20 ці па адрасе: Маладзечна, вул. Таўлая, 4. Кансультацыі бясплатныя і ананімныя.

Па матэрыялах Гэры Чэпмэна “Пяць моў кахання”.