Кожны ў сваім жыцці нясе свой крыж. Аднаго жыццёвыя выпрабаванні прыціскаюць да зямлі, а нехта, у каго вялікая сіла духу, нясе яго з высока паднятай галавой.

Тэлефонны званок збянтэжыў Люсю, усхваляваў і прымусіў вярнуцца ў той далёкі час, у гады маладосці, калі яна кожны дзень чакала ад яго вестачкі. Думала, вось прыедзе і ўсё наладзіцца. Але, на жаль…

– І вось праз сорак гадоў, калі зажылі ўсе раны і нават следу не засталося, ён тэлефануе і просіць прабачэння. Кажа, што ўвесь гэты час кахаў толькі мяне. Дзіўна, мы прагаварылі з ім цэлую гадзіну, і быццам не было гэтых сорак гадоў, – распавядае Люся і цяжка ўздыхае. – Просіць дазволу сустрэцца з дачкой, якой вось ужо сорак гадоў.

Пасля размовы нахлынулі ўспаміны, балючыя, змрочныя, цяжкія.

Фота on-the-way.ru.

Фота on-the-way.ru.

Люся і Віктар пазнаёміліся на танцах. Яна – вясковая дзяўчына, ён – гарадскі дзяцюк, прыгожы, высокі, чарнавалосы. Усе дзяўчаты заглядваліся на яго, а ён выбраў менавіта яе. Яна таксама была на заглядзенне, яму да пары. Толькі летуценная, даверлівая і закаханая. Думала, што шчасцю не будзе канца.

Але ў жыцці не ўсё так проста. Як толькі яна зацяжарала, пачаліся чорныя дні. У 70-х гадах мінулага стагоддзя, калі ў дзеўках хто зацяжарыць, было вялікай ганьбай. Горш, чым чалавека забіць. Яе бабуля ніяк не называла, як “паскудства гэта”. А родны бацька гатоў быў проста сцерці на парашок, каб не перажываць гэтага ганьбавання.

– Рабі аборт, – крычаў ён у раз’юшанасці, – я не дапушчу, каб байструк рос. Выставіла нас з маткай на пасмешышча.

Але яна цвёрда сказала, што будзе нараджаць. Вытрымала ўсе праклёны, усе тыя памыі, якія былі вылітыя на яе. Бацька казаў, што з радзільні не забярэ. Маці проці бацькі таксама пайсці не магла, бо ён быў галоўны, гаспадар. Але пасля таго, як заступілася жонка роднага дзядзькі, сказаўшы, што яна забярэ і дапаможа гадаваць, бацька зміласцівіўся, пэўна, сорамна стала. Цётка Соня і забрала яе, адвезла ў Мінск да сваёй стрыечнай сястры, папрасіла тую дапамагчы, калі прыйдзе час родаў.

Фота joinfo.ua.

Фота joinfo.ua.

Дзяўчынка нарадзілася ў тэрмін. Люся назвала яе Кацяй. З радзільні Люсю і Кацю забіраў разгневаны бацька. Але ён так і не змог палюбіць унучку, а праз чатыры гады перажыванняў і ганьбы памёр, не вытрымала сэрца. Каця ж расла на радасць маці – прыгожая, разумная, паслухмяная.

Новы этап у жыцці Люсі пачаўся тады, калі яна пазнаёмілася з мужчынам, які паклікаў да сябе  на поўнач. Яўген акружыў яе ўвагай, любоўю, цеплынёй. Яны сталі мужам і жонкай, праз год у іх нарадзілася дзяўчынка, а яшчэ праз год – другая. Душа Люсі адтала, расцвіла рознымі колерамі вясёлкі.

Фота slavyane.org.

Фота slavyane.org.

У ладзе і згодзе пражылі яны ці не 30 гадоў. На пенсіі пераехалі жыць бліжэй да Беларусі. Абуладкаваліся. Але нечакана памёр Яўген. Не паспела Люся адысці ад аднаго гора, як праз год зноў выпрабаванні – захварэла на рак сярэдняя дачка. Доўга змагаліся з хваробай, ды толькі аказалася яна невылечнай. Памерла яе крывіначка, пакінуўшы на выхаванне 8-гадовага ўнука.

Бацька хлопчыка пасля разводу знік назусім, Люсі не ўдалося яго адшукаць, і цяпер гадуе Міколку сама. Клопатаў нямала: і ў школу адправіць, і сустрэць, і памыць, і есці нагатаваць. Але яна не скардзіцца, хоць ужо і цяжка, размяняўшы сёмы дзясятак гадоў.

Фота womo.com.ua.

Фота womo.com.ua.

Люся расказвае пра перажытае, а я здзіўляюся яе вытрымцы і той унутранай сіле, веры, што ўсё па волі Усявышняга. Яна глыбокаверуючы чалавек.

А я пытаюся ў Каці, як яна ўспрыняла тэлефонны званок бацькі праз 40 гадоў:

– Калі б ён патэлефанаваў нашмат раней, я, пэўна, злавалася б, бо крыўдна мне было і балюча, што няма бацькі. А цяпер я ўсё разумею, ну, малады быў, неразумны, усялякае ў жыцці бывае. Таму вельмі ўзрадавалася. Я прыняла яго адразу, жыццё дало шанс, мы ж увогуле маглі б ніколі не сустрэцца. Таму зараз маё сэрца перапаўняе шчасце. Пры сустрэчы ён прывёз ці не воз усялякіх падарункаў мне, майму мужу, нашым дачцэ і сыну. Ён рад, што ў яго ёсць не толькі дачка, а яшчэ і ўнукі.

Не ведаю, што паўплывала на рашэнне Віктара знайсці Люсю, мабыць тое, што не так даўно падчас аварыі загінуў яго сын. А можа, развод. Бо ён шукаў іх мэтанакіравана, прыехаў у вёску, дзе нарадзілася Люся, папытаўся ў суседзяў. А тыя далі адрас яе брата, які жыве ў горадзе.  

Гісторыя, у якой змененыя імёны, рэальная. Хочацца, каб працяг у ёй быў шчаслівы.