Маладыя людзі прыйшлі працаваць у цэнтр ад 1 жніўня.
Калі ў калектыў прыходзіць моладзь, кіраўніцтва задаволенае. Па словах галоўнага доктара Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталлі Жаўняровіч, маладыя спецыялісты – гэта заўжды свежы подых. Часам яны дапамагаюць старэйшым калегам з камп’ютарам разабрацца ці перакласці з замежнай мовы інструкцыю да складанага прыбора.
Са свайго боку больш дасведчаныя калегі прапануюць моладзі багаты досвед у працы. А яшчэ, кажа галоўны доктар, юнакам і дзяўчатам Цэнтр дапамагае вырашыць жыллёвыя пытанні.
Тыя, хто жывуць у інтэрнаце, кожны месяц атрымліваюць дзве базавыя велічыні (42 рублі) на аплату пакоя. А для тых, хто наймае кватэру, дапамога – тры базавых велічыні (63 рублі).
Як жыве і працуе ў Вілейцы маладая сям’я дактароў
Дактары-інтэрны Ягор і Крысціна Горбачы – маладая сям’я. Ягор з Нарачы, што на Вілейшчыне. Крысціна ж паехала за каханым за 450 кіламетраў з Рэчыцы Гомельскай вобласці. Муж – доктар-гігіеніст, жонка – доктар-эпідэміёлаг.
Ажаніліся маладыя людзі падчас вучобы ў Мінскім медыцынскім універсітэце перад размеркаваннем. Кажуць, не хацелася, каб на некалькі год іх раскідалі па розных кропках Беларусі.
Прафесію абралі свядома. Ягор з дзяцінства назіраў за працай мамы-медсястры. У сям’і Крысціны медыкаў не было, аднак прафесія спадабалася. Разглядала яшчэ варыянты валеолаг і эколаг. Аднак абрала медыцыну.
Ведаючы, што Крысціна з далёкай Рэчыцы, пытаюся пра ўражанні ад Вілейкі.
– Так атрымалася, што я ўцякла са свайго горада, бо лічыла яго маленькім. Хаця ў Рэчыцы 70 000 жыхароў. А ў выніку трапіла ў горад, які на палову меншы, чым мой родны. Але Вілейка спадабалася. Тут прыгожая плошча і касцёл. Шмат зеляніны і свежага паветра. З непрыемных уражанняў – стары грамадскі транспарт. У роднай Рэчыцы аўтобусы маюць куды больш прывабны выгляд.
Маладыя муж і жонка сыходзяцца ў тым, што адзіная іх праблема – няма камфортнага жылля. Пэўным чынам яна вырашаная: сям’я жыве ў інтэрнаце і атрымлівае грошы на яго аплату. Аднак гэты інтэрнат – для навучэнцаў каледжа і рабочых. Маладой сям’і хацелася б большай утульнасці і цішыні.
Па словах Ягора, месцаў для адпачынку моладзі ў Вілейцы вельмі мала. Ды і цаной яны часам палохаюць. У некаторых сталічных кінатэатрах білеты таннейшыя, чым тут.
На пытанне, ці застануцца дактары ў Вілейцы пасля абавязковай адпрацоўкі, яны адказаць не могуць.
– Ведаеце, некалькі год назад я і ўявіць не магла, што апынуся ў Вілейцы. Таму як можна цяпер рабіць нейкія прагнозы на наша будучае жыццё, – адказала Крысціна.
Віляйчанка Ганна: я марыла вярнуцца ў родны горад
Ганна Буцько скончыла Віцебскі медыцынскі каледж. У Цэнтр гігіены і эпідэяміялогіі працуе памочнікам гігіеніста і валеолагам – спецыялістам па пытаннях здаровага ладу жыцця. Завочна вучыцца на інжынера-эколага.
Ганна – віляйчанка. Кажа, што пасля заканчэння каледжа планавала вярнуцца толькі ў родны горад. Іншых варыянтаў нават не разглядала.
Дзяўчына жыве з бацькамі. Таму праблемы, з якімі сутыкаюцца Ягор і Крысціна, аўтаматычна вырашаюцца. Ёсць жыллё, падтрымка і дапамога з боку родных. Заўсёды можна сустрэцца з сябрамі дзяцінства.
Пра медыцыну Ганна марыла даўно. І таму калі не прайшла па конкурсе ва ўніверсітэт, ад мары не адмовілася, пайшла ў каледж. Тое, што Віцебск знаходзіцца далёка ад Вілейкі, Ганну не палохала.
Родны горад дзяўчыне заўсёды падабаўся. Калі так складзецца жыццё, то пасля двух гадоў адпрацоўкі яна не супраць застацца.
Разам з Ягорам Ганна ўдзельнічала ў аб’ездзе школ перад навучальным годам, наведвала з праверкамі сацыяльны прытулак і дзіцячы лагер “Лясная казка”. Праводзіла планавыя праверкі на прадпрыемствах горада.
Праца ў Цэнтры эпідэяміялогіі, лічаць маладыя людзі, карысная для прафесійнага досведу і практыкі.