Будоўля Беларускай АЭС паблізу горада Астравец павінна быць спынена. Пра гэта заяўляюць аўтары петыцыі, размешчанай у інтэрнэце.

Ініцыятар збору подпісаў – жыхар Вільні Міхаіл Маглоў. Паводле ягоных слоў, скласці петыцыю яго заахвоціла нядаўняе надзвычайнае здарэнне, калі корпус рэактара спрабавалі перамясціць і ён упаў.

“Падзенне рэактара ў суме з папярэднімі здарэннямі вакол будоўлі паказвае, што ў Беларусі няма спецыялістаў, якія могуць гарантаваць бяспечнае будаўніцтва і эксплуатацыю АЭС, – лічыць Міхаіл Маглоў, – Карпарацыю „Росатам“ у дадзеным выпадку гэта наагул не цікавіць. Ім хочацца аднаго: хутчэй здаць праект. Таму будоўля павінна быць абавязкова спыненая”.

З патрабаваннямі петыцыі згодны дэпутат Сейма Літвы, экс-кіраўнік парламенцкага камітэту па нацыянальнай бяспецы і абароне Арвідас Анушаўскас. Праўда, у цяперашняй сітуацыі ён не лічыць ціск грамадскасці вырашальным фактарам.

“Грамадскі ціск для расійскага і беларускага палітычнага кіраўніцтва не мае вырашальнага значэння. Думаю, эфектыўны метад, які дапамог бы прыпыніць будоўлю, – гэта калі Еўракамісія сапраўды зоймецца гэтым пытаннем, – сказаў Анушаўскас. – У гэтым выпадку праект можна было б прыпыніць. Пакуль што з боку Еўразвязу, з боку Еўракамісіі такіх рашучых крокаў не так ужо і багата”.

На дадзены момант збор подпісаў працягваецца. Як падкрэсліваюць аўтары петыцыі, Беларуская АЭС пагражае не толькі Беларусі і Літве, але таксама і Расіі, і шэрагу іншых краін.