Сумесныя з Германіяй аздараўленчыя праекты ладзяць у цэнтры “Надзея” ад пачатку яе існавання на працягу ўсяго года.
Не стала выключэннем і гэтае лета.
У Цэнтры арганізавалі тры міжнародныя праекты па аздараўленні дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
Фота Аксаны Ярашонак.
Ад 11 да 31 жніўня супрацоўнікі Цэнтра запусцілі мерапрыемствы для дзяцей у суправаджэнні бацькоў.
Арганізатар – нямецкі працоўны гурток “Жыццё пасля Чарнобыля” з горада Браўнфельс. Удзельнічаюць 20 чалавек. Гэта дзеці з абмежаванымі магчымасцямі з Валожына і Валожынскага раёна.
Ад 16 да 26 жніўня ў Цэнтры працуюць з ўдзельнікамі аздараўленчага праекта пры падтрымцы ініцыятывы “Дзеці Чарнобыля” з нямецкага горада Мюльхайм на Руры.
Фота Аксаны Ярашонак.
Таварыства мае багатую гісторыю. Яно было ўтворана ў 1992 годзе. І з гэтага часу супрацоўнічае з “Надзеяй”. Мерапрыемствы, у якіх сёлета ўдзельнічае 12 чалавек, ладзяць сумесна з Жодзінскім карэкцыйна-развіваючым цэнтрам навучання і рэабілітацыі.
Трэці праект арганізавала таварыства “Канікулы” з Берліна. Дзеці адпачываюць і папраўляюць здароўе ў суправаджэнні беларускіх валанцёраў.
Ля гасцявога доміка для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Фота Аксаны Ярашонак.
Разам з бацькамі і валанцёрамі хлопчыкі і дзяўчынкі жывуць ў гасцявых доміках са зручнымі пад’ездамі і пандусамі. Неабходным чынам абсталяваныя пакоі і душавыя. Тэрыторыя цэнтра таксама зручная для перамяшчэння інвалідных вазкоў.
Усе трэнажоры ў двары Цэнтра разлічаныя як на звычайных дзяцей, так і на дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. У свой час арэлі, гамакі і іншыя прыстасаванні для адпачынку закупілі ў Германіі і сабралі ў “Надзеі” нямецкія валанцёры.
Пра гэта распавяла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Таццяна Майсак.
Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 101166185.