– Спыніцеся, калі ласка, на Магістральнай, – прашу ў кіроўцы маршруткі, што едзе з Мінску. Падрыхтавалася да выхаду і раптам: – Не спынюся, тут няма прыпынку!

Як так? Упершыню за ўвесь час, што маршруткі ездзяць да Мінску, чую такую навіну. Як няма прыпынку, столькі ж гадоў быў, а тут няма?

Тым часам маршрутка рушыла далей.

Пасля жанчына папрасіла спыніцца на прыпынку каля былога піўзавода. І маршрутка паслухмяна спыніліся.

– Што гэта за навіны? – пытаюся ў кіроўцы маршруткі Аляксандра.

– Нічога не ведаю. Усе пытанні да ДАІ, чаму яны нас штрафуюць на Магістральнай.

Кіроўца патлумачыў, што ДАІ штрафуе за парушэнне правілаў прыпынку. Маўляў, на прыпынку стаяць машыны жыхароў, што жывуць паблізу і атрымоўваецца, што вадзіцель высаджвае пасажыраў у другім радзе. Да таго ж, прыпынак знаходзіцца бліжэй, чым у 50 метрах ад павароту, таму спыняцца там забаронена.

Між тым, у Правілах дарожнага руху пра адлегласць 50 метраў узгадваецца толькі ў дачыненні да чыгуначных пераездаў.

Праглынуўшы крыўду і тое, што цяпер давядзецца дабірацца дамоў з вакзала, выходжу з маршруткі.
Але, раз параілі звярнуцца да ДАІ, значыць, звярнуся.

На тэлефонны званок адказаў намеснік начальніка Маладзечанскай ДАІ Уладзімір Мумрыкаў:

– Гэта абсурд! Калі прыпынак абсталяваны, а на Магістральнай ён абсталяваны, вадзіцель можа там спыняцца, не баючыся атрымаць штраф. Наконт таго, што на гэтым прыпынку паркуюць машыны жыхары інтэрната, што знаходзіцца непадалёку, я так адразу адказаць не магу. Разбяромся ў сітуацыі, пасля дам тлумачэнне.

Адказ Уладзіміра Яўгенавіча мне падаўся дастаткова вычэрпным, каб напісаць заўвагу ў Кнігу скаргаў і прапановаў на аўтавакзале.

Скардзілася, вядома, на самаўпраўства вадзіцеля. Літаральна праз паўгадзіны мне патэлефанаваў яго напарнік Алег.

Першае пытанне, мякка кажучы, здзівіла:

– А вы перад тым, як сесці ў маршрутку, не пасварыліся з кіроўцам?

Ведаеце, кіроўца маршруткі ён жа бог у сваёй машыне, пасварыўся пасажыр з ім, а ён думае, ну, раз так, едзь да вакзала.

Тым больш, у нас абазначаныя толькі два прыпынкі: вакзал і 14-я школа. Так што фармальна кіроўца можа не спыняцца. 

З кіроўцам я не сварылася. Гэта што атрымоўваецца? Тое, на якім прыпынку вы выйдзеце з маршруткі, залежыць ад настрою кіроўцы? Ад таго, ці спадабаліся яму?

У гэтай маршрутцы вісіць шыльдачка з надпісам: “Мы цэнім ваш час!”. Выходзіць, шыльда падманвае, інакш чаму кіроўца не пашкадаваў майго часу?

Кіроўца Алег са мной спрачаецца:

– Мы цэнім час пасажыраў, таму і імкнемся аказваць паслугі браніравання месцаў у маршрутцы. У Мінск ездзяць 12 маршрутак, а пагаджаюцца браніраваць месцы ад сілы пяць кіроўцаў. Таксама бывае крыўдна, калі тэлефануе табе чалавек, які прыйшоў на прыпынак, бачыць чаргу, і кажа: ці можна забраніраваць маршрутку праз 15 хвілін. Ідзем насуст¬рач, браніруем. А потым бачым, як гэты чалавек за 15 хвілін паспеў схадзіць купіць кубачак кавы, і, абмінуўшы доўгую чаргу садзіцца ў маршрутку. “У мяне забраніравана”, кажа. І што яму адказаць? І як глядзець у вочы людзям, якія шчыра чакаюць сваёй чаргі?

Аднак вернемся да вуліцы Магістральнай.

Пытаюся ў свайго суразмоўцы:

– Можа, варта тады папярэджваць пасажыраў, што спыняецеся толькі на вакзале і ля 14-й школы?

– Вы што? Мы і без гэтага ледзьве вытрымліваем канкурэнцыю з прыватнымі маршрутачнікамі. А калі яшчэ не спыняцца? Вы прабачце майму напарніку.