Прафесія стюардэсы для многіх падаецца лёгкай і рамантычнай. Ці праўда гэта, распавядае былая бортправадніца з Маладзечна Ганна Шыянок, якая цягам года працавала ў Катарскіх авіялініях.

Як праходзіць адбор: ніякіх шрамаў і біжутэрыі

Я скончыла маладзечанскую гімназію №6, а пасля Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт па спецыяльнасці “перакладчык японскай і англійскай моў”. Калі прыйшла дамоў пасля выпускнога, стала так пуста і страшна. Пачалося дарослае жыццё, а што з ім рабіць – я не ведаю.

Пабачыла выразку на стале, яе мама падлажыла, што ў Мінску будзе набор сцюардэс. Я вырашыла, што гэта для мяне – і свет пагляджу, і грошай зараблю. Так і атрымалася. Сябры і бацькі вельмі падтрымлівалі, без іх нічога не атрымалася б.

Гэта быў першы набор у Беларусі на пасаду бортправадніка ў Катары (арабская дзяржава на Аравійскім паўвостраве – Аўт.). Спачатку было чатыры патрабаванні да кандыдатаў: узрост ад 21 года; ніях татуіровак, радзімых знакаў і шрамаў на целе; на дыбачках з выцягнутымі рукамі даставаць да адзнакі ў 212 см; добрае валоданне англійскай мовай і сярэдне-спецыяльная адукацыя.

Пасля ідзе шмат этапаў адбору. Мы з сяброўкай рыхтаваліся не на жартачкі – пералапацілі ўвесь інтэрнэт, каб ведаць, пра што будуць пытацца.

Калі нас сабралі ў мінскім офісе і праводзілі прэзентацыю кампаніі, то задавалі пытанні: ад года заснавання авіякампаніі да значэння эмблемы. Калі ты ведаеш загадзя, то гэта вялікі плюс – ты паказваеш, што разумееш, куды ішоў.

На сумоў’і знешні выгляд павінен быць ідэальным. Белая кашуля з кароткім рукавом, запраўленая ў спадніцу, якая прыкрывае калені. Цялесныя панчохі, чорныя туфлі на абцасе з закрытым носікам. Ніякіх упрыгожванняў, толькі гадзіннік, калі завушніцы – толькі цвічкамі, лепей з перлінкай. Абавязкова касы прабор, пярэдняя пасма валасоў зачасаная набок, валасы сабраныя ў нізкі пучок. З касметыкі толькі яркая памада, танальнік, румяны і туш. І лепей французскі манікюр.

Пасля быў тэст на веданне англійскай мовы – граматыка плюс эсэ. Пасля гэтага называлі нумары, якія прайшлі далей. І мой шчаслівы №15 таксама прагучаў. Пасля была яшчэ адна праверка англійскай, і далей – асабістае сумоўе. Усе дакументы дасылаюцца ў галоўны офіс у Доху (сталіцу Катара), дзе і прымаецца канчатковае рашэнне. І праз два тыдні мне даслалі квіткі на самалёт.

Ганна ў ніжнім шэрагу справа.

Ганна ў ніжнім шэрагу справа.

“Каму выплаціць грошы ў выпадку вашай смерці?”

Самым складаным было жыць у Катары, на ўзбярэжжы Персідскага заліва. Цудоўнае месца, але толькі не летам, калі на вуліцы 50 градусаў гарачыні і тэмпература вады амаль даходзіць да тэмпературы кіпення. А пясок на пляжах дарагіх гатэлеяў замяніла марская соль. Невыносна гарачае і вільготнае паветра апальвае лёгкія знутры.

Там вы не пабачыце “Аўдзі” – толькі “Лексусы” і японскія машыны. Хаця гэта не дзіўна, бо арабскі свет ніколі не славіўся сціпласцю. Раніца пачынаецца вельмі рана з мусульманскай малітвы, якую чуваць праз балкон. Гэта вельмі гучна і страшна з непрывычкі. 

Навучанне ідзе штодзённа цягам двух месяцаў. Мы жылі ў трохпакаёвай кватэры з двюма ваннымі. Са мной у пакоі жылі дзяўчаты з Сербіі і з Індыі. 

Вучоба пачыналася а шостай раніцы. Мы ў рэальных умовах праходзілі пасадку на ваду, тушылі пажары, вывучалі будову самалёта, сервіс і стандарты кампаніі. Шмат урокаў было па бяспецы, аказанні першай дапамогі. Усё вельмі строга, з экзаменамі, дрыжачым голасам і бегаючымі вачыма. Побач сядзіць чалавек, якія запісвае твае памылкі – прытомнасць страціць можна ад хвалявання!

Страшны той момант, калі разумееш: праз пару тыдняў я не вярнуся дамоў. Цяпер мой дом – арабская краіна.

Нам далі падпісаць паперу, у якой мы ўказвалі, каму выплаціць наш заробак у выпадку крушэння самалёта… Тады ты ўжо не думаеш пра падарожжы. Толькі пра дом і бацькоў. 

Разумееш, наколькі яны табе дарагія, наколькі далёка ты ад іх і як доўга яшчэ не зможаш іх абняць.

“Вельмі многа смешных сітуацый было з расіянамі”

Беларусак на той момант працавала мала – чатыры дзяўчыны. І адна беларуска з Літвы. Мы вельмі сябравалі, жылі побач, вучыліся разам. Гэта вельмі дапамагала не з’ехаць з глузду. З літоўскай беларускай мы дагэтуль сябруем. Але агулам каманда рэйса заўсёды мяняецца, за год я ні разу не сустрэлася двойчы з адным і тым жа чалавекам.

Працуеш выключна на англійскай мове. Размовы на іншых мовах строга забароненыя – каманда на борце заўсёды інтэрнацыянальная, усе павінны разумець, пра што гаворка.

Заўсёды смешна было лётаць у Расію. На бэйджыку у мяне было напісана не “АННА”, а “HANNA”, таму яны не ведалі, што я разумею па-руску. Працаваць-та мы павінны толькі на англійскай. Вось так падыходзіш да пасажыра, і пакуль наліваеш яму каву, слухаеш, як яны абмяркоўваюць цябе, тваю форму, абслугоўванне. І так увесь палёт. І толькі калі яны выходзяць з самалёта, ты ім усміхаешся і каментуеш іх выказванні ўжо на рускай мове. Іх твары я ніколі не забуду!

“Я змагла памацаць свае сны”

Я адпрацавала адзін год. Звольнілася нашмат раней, чым скончыўся кантракт, па розных прычынах. За гэты час пабывала на ўсіх кантынентах. Колькасць краін? Складана назваць, мне падаецца, я ва ўсіх была.

Спачатку было вельмі цяжка. Першыя два палёты былі ў Пакістан і Кувейт. Такога болю ў нагах я не адчувала, нават калі працавала афіцыянткай 20 гадзін запар. Вельмі балела галава, не хапала паветра. Але да ўсяго прывыкаеш. Сёння ты ў Парыжы, заўтра ў Японіі. 

Цяжка адаптавацца да такіх тэмпаў, здароўе пахіснулася, вядома. 

Калі прачынаешся ў гатэлі, тэлефануеш на рэцэпцыю і задаеш тры стандартных пытанні: цяпер дзень ці ноч? Якая гэта краіна? Праз колькі адлятаем?

Але гэта было таго варта! Вольнага часу ў кожнай краіне было шмат: ад 24 гадзін да 4 сутак. Усё залежыць ад далечыні пералёту. Паколькі Катарскія авіялініі пяцізоркавыя, то і жылі мы за кошт кампаніі толькі ў пяцізоркавых гатэлях.

Мне вельмі спадабаўся Лондан. Не ведаю, чаму Англію называюць дажджлівай, шэрай і стрыманай. Лондан – свабодны, адкрыты горад, у які я цяпер закаханая. Чырвоныя двухпавярховыя аўтобусы, дзесяціпавярховыя кнігарні, паўсюль дробязі з Гары Потэрам… Гэта абавязак кожнага чалавека – пабачыць Англію!

На Сэйшэльскіх выспах я глядзела на мора, не адрываючыся некалькі гадзін. Бачыла, як мяняецца яго колер, вышыня хваляў, хуткаць, як мяняецца неба і сонца над ім. Чула, як шапацяць пальмавыя галіны і крычаць птушкі над джунглямі. Было адчуванне, што я пабывала ў сваіх снах. Бачыла іх у рэальнасці. Магла іх памацаць.

Людзі паўсюль вельмі розныя, толькі праблемы і жыцці ва ўсіх аднолькавыя. Гэта разумееш толькі тады, калі пабачыш увесь свет. Таму рана ці позна прыходзіць думка пра тое, што лепш за дом няма месца.
Гэта міф, што ў сцюардэс увесь пашпарт у візах. Так, некаторыя краіны (ЗША, Катар) адкрываюць персанальныя візы. Але ў іншыя дзяржавы лётныя саставы пускаюць па спецыяльным пропуску, тыпу індэнтыфікацыйнай карткі. Так што мой пашпарт нічым не адрозніваецца ад іншых.

“Які сэнс у шыкоўным гатэлі, калі ты ў ім адна?”

Я не адкладала ніякіх грошай з заробкаў. У мяне была іншая мэта – пабачыць свет. Вядома, калі вы будзеце прылятаць у Кейптаўн і бязвылазна сядзець у гатэлі, то назбіраеце на новую машыну, а праз пару год – і на кватэру. Але які ў гэтым сэнс?

Я аддавала ўсе грошы на тое, каб глядзець горад, каштаваць нацыянальную кухню, хадзіць у тэатры і паркі, знаёміцца з мясцовымі.

Падарожжы – гэта цудоўна. Людзі павінны кожны год ездзіць не на мора ў Турцыю, а адкрываць новую краіну. Але нельга гэта рабіць аднаму. Я сядзела на Мальдзівах на свой дзень народзінаў, на пляжы ў шыкоўным гатэлі. Любавалася ідэальным заходам сонца, слухала ідэальнае мора. Але я сядзела там адна.

І не было каму сказаць, якое неверагоднае ўсё навокал. Гэта і было асноўнай прычынай майго вяртання дамоў.

Цяпер я працую фітнэс-інструктарам у Мінску. Сумую толькі па адным – адчуванню неба пад нагамі. Як пасажыр цяпер езджу толькі на цягніках. Самалёты засталіся недзе там, у прыгожых успамінах. І я не хачу іх псаваць.

Фотаздымкі прадастаўленыя гераіняй артыкула.