“РГ” іншы раз я выпісваю ў Мінск. Яна прыходзіць зусім незвычайна: адрас падпісчыка надрукаваны, газета перавязана накрыж тонкай пяньковай вяровачкай.
Калі яе вымаеш з паштовай скрынкі, ахоплівае хваляванне ад такой афіцыйнасці і асаблівасцей яе перадачы. Калі ж яе не выпісваю, і еду на Вілейшчыну, купляю ў газетным шапіку ў Вілейцы, што каля вакзала.
Вось і ў апошнюю паездку набыў “РГ” і не шкадую. Спадабалася літаратурная старонка і асабліва этнаграфічны артыкул “Незвычайнае вянчанне на Вілейшчыне” (гл. “РГ” за 29 ліпеня 2016 года). Мне як фалькларысту і этнографу, які напісаў кандыдацкую дысертацыю пра беларускае вяселле Заходняй Беларусі, артыкул спадабаўся, хоць і ёсць у ім невялікія недахопы.
Недахопы артыкула пра “незвычайнае вянчанне”
Па-першае, артыкул задуманы не як навуковы этнаграфічны нарыс, а звычайны нарыс пра незвычайнае вянчанне на Вілейшчыне. Чаму так агулам?
Вянчанне ж адбылося ў нейкай царкве ў канкрэтны дзень. Хто вянчаў маладых?
Цікава было б даведацца, чаму святар адступіў ад праваслаўных строгіх правілаў. Хаця ў прынцыпе прычапіцца нельга, але можна. Ён, як бачна, малады, а таму і не пабаяўся паступіць па-новаму, што часцей сустракаецца ў пратэстанцкай царкве. Стары святар гэтых маладых так не павянчаў бы.
У народным абрадзе вянчаліся на першы дзень вяселля
Надзея і Аляксей Шарманавы жывуць нібы ў Вілейцы (няма дакладнасці), а чамусьці вянчаюцца праз год у Куранцы. Вянчаюцца праз год пасля грамадзянскай рэгістрацыі шлюбу. Цяпер стала модна адзначаць гадавіны вяселля. Так вось праз год адзначаецца шаўковае (ядвабнае), інакш паркалёвае вяселле.
У народным вясельным абрадзе вянчанне адбывалася ў першы дзень вяселля, у нядзелю, і гэты этап называўся на Вілейшчыне шлюбавіны.
Такім чынам, маладыя Шарманавы згулялі сваё вяселле ў 2015 годзе, 18 лістапада, не то ў Вілейцы, не то ў Куранцы, а праз год (дакладнай даты няма) зрабілі шлюбавіны.
Варта пахваліць фатографа Яўгена Стэльмаха за прафесійныя здымкі. Яны трапілі ў мой архіў, застануцца ў гісторыі, як і само вяселле.
Дарэчы, мне ўдалося ў 1960-х гадах зрабіць падрабязнае апісанне вяселляў у вёсках Касічы (праваслаўнае) і Юнцавічы (каталіцкае) Вілейскага раёна.
Вяселле пачатку 20 стагоддзя ў мястэчку Волчын. Фота забяспечана Сымонам Барысам.
Вяселле Шарманавых, магло быць у 16 стагоддзі
Для беларускіх этнографаў “Незвычайнае вянчанне на Вілейшчыне” пасля ўдакладнення, якое трэба зрабіць, мае вялікую каштоўнасць у тым, што фактычна маладыя і святар правялі шлюб такім, якім ён, магчыма, і быў у 16 стагоддзі.
Спашлюся на тэкст з маёй кнігі: “Вясельныя вянкі самыя прыгожыя і разнастайныя. Найбольш старажытныя з іх – з кветак і галінак дрэў. Пра такі вянок маладых пісаў Ян Ласіцкі ў 16 стагоддзі. Пасля вянчання вянок з галінак разрывалі і растоптвалі. У пазнейшы час і, напэўна, у зімнюю пару для маладых рыхтавалі вянок з каснічкоў каляровага палатна”. (“Сцежкамі дзядоў”, с. 195, 196.)
Вянок з каляровых каснічкоў ёсць у фондах Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быту.
Вяселле Аляксандра і Яўгеніі Салавей з вёскі Касічы Вілейскага раёна, 1957 год. Фота забяспечана Сымонам Барысам.
Мода на белы вэлюм прыйшла з Польшчы
У 20 стагоддзі праз горад і мястэчкі ў вёскі Павілля прыйшла з Польшчы мода на белы вэлюм і маленькі вяночак або галінку з мірту, руты ці шпарагусу.
Галінку з гэтых раслін прымацоўвала маладая да вэлюму на грудзі, а маладому дзяўчаты прышывалі белую кветку, зробленую з белага шоўку ці паркалю. Глядзіце фотаздымак маладых Аляксандра і Яўгеніі Салавей з вёскі Касічы (1957 год).
Спадзяюся, што з Шарманавых будуць браць прыклад і іншыя маладыя. Хай стане гэта пачаткам новай моды!
Адказ аўтара на заўвагі па артыкулу
Матэрыял задумвала як інфармацыйны артыкул. Самым галоўным для мяне было – расказаць, наколькі незвычайна маладыя падышлі да вянчання, як рыхтаваліся да яго, чаму зрабілі менавіта так.
Вянчалася пара праз год пасля грамадзянскай рэгістрацыі, 17 ліпеня, у вёсцы Куранец Вілейскага раёна. Маладыя свядома ішлі на гэты крок: калі грамадзянскі шлюб можна скасаваць, то вянчанне для іх – назаўсёды.
Вянчаў іх протаіерэй Аляксандр Завадскі:
– Вянчанне было прымеркавана да першай гадавіны вяселля, аднак вялікай урачыстасці не планавалася, – адзначае Аляксандр. – Аказалася, што няма каму трымаць вянцы над галовамі маладых. Я прапанаваў выйсце: зрабіць вянкі самім і замацаваць на іх іконы. Як бонус такога рашэння – вянцы не трэба пакідаць у царкве, а можна захоўваць дома, як рэліквію. Я не быў у гэтай сітуацыі вынаходнікам. Такія вянчанні я ўжо бачыў з місіянерскіх паездак па Расіі. А адзенне маладыя выбіралі, каб гарманічна спалучалася з калоссем у вянках.
Надзея Шарманава родам з Вілейкі, муж Аляксей – з Бабруйска. Цяпер жывуць у Мінску, дзе і распісаліся ў ЗАГСе 18 ліпеня 2015 года.
Даведка “РГ”. Сымон Барыс – педагог, журналіст, фалькларыст, этнограф, гісторык, краязнаўца. Ураджэнец в. Касічы Вілейскага раёна.
Фота Яўгена Стэльмаха.