Як у час летніх канікул “адцягнуць” дзіця ад камп’ютара і захапіць карыснымі справамі? Як засцерагчы падлеткаў ад правапарушэнняў? Як умацаваць дзіцячае здароўе?
Гэтыя пытанні вырашаюць педагогі з абаронча-спартыўнага летніка “Ратнік”.
Ужо другі год летнік працуе на базе “Лясной казкі”. Летнік знаходзіцца ў лесе ля вёскі Гліннае. Таму аздараўленне школьнікаў пачынаецца тут са свежага хваёвага паветра.
Планавалі, што тут будуць адпачываць дзеці, якія стаяць на розных відах уліку, хлопцы і дзяўчаты, што апынуліся ў няпростых жыццёвых абставінах. У мінулым годзе адпачывалі дзеці-сіроты з Вілейскага каледжа.
Аднак цяпер, па словах дырэктара летніка Ірыны Рэут, сюды прымаюць не толькі дзяцей з гэтых катэгорый.
Спорт і псіхалогія – у дапамогу дзецям
Трапіць сюды могуць хлопчыкі і дзяўчынкі толькі з першай групай здароўя. І так атрымалася, што на гэтай змене толькі хлопчыкі.
Вялікая ўвага надаецца заняткам фізічнай культурай і спартыўным гульням. У такім летніку заўсёды напружаная праца ў кіраўніка фізічнага выхавання.
Як падбіраюць іншых выхавацеляў у “Ратнік”?
Асаблівых патрабаванняў няма. Але вітаецца, кажа дырэктар, калі ў кагосьці з педагогаў псіхалагічная адукацыя.
У лагеры ёсць частка дзяцей, якія стаяць на ўліку ў школе або інспекцыі. А дзіця не проста так здзяйсняе правапарушэнне, упэўненая дырэктар. Значыць, ёсць праблемы.
І тут без прафесійнай дапамогі – ніяк. Ірына Рэут – сама псіхолаг па адукацыі. У першай змене выхавацелем працавала псіхолаг з Ільі Алеся Сэсарава. З дзецьмі праводзілі трэнінгі, гутаркі.
– Мы стараемся размаўляць “на іх мове”. Не навязваем тэмы, не чытаем лекцыі, – кажа дырэктар.
Асаблівых праблем з дзецьмі не ўзнікае. Так, яны паказваюць часам свой характар. Не хочуць падпарадкоўвацца вызначаным правілам. Але гэта, па словах Ірыны Рэут, уласціва любому дзіцяці.
Некаторыя ва ўмовах летніка “адкрываюцца” з лепшага боку. І тым самым здзіўляюць бацькоў і педагогаў.
Абед.
Блізкасць лесу і ракі не палохае выхавацеляў. Кажуць, за два гады не было выпадкаў, каб дзеці самавольна траплялі за агароджу.
А вось чужыя людзі часам хочуць паўдзельнічаць у забаўляльных мерапрыемствах. Аднойчы на беразе Віліі адпачывала кампанія моладзі. Пачуўшы, што вечарам у летніку пачалася дыскатэка, маладыя людзі спрабавалі пералезці праз агароджу.
Змены ў “Ратніку” па дзевяць дзён. Але некаторым з дзяцей гэтага часу мала. Яны пасля першай змены застаюцца на другую. Так зрабіў віляйчанін Ілля. Ён лічыць, што ў горадзе летам сумна. А ў летніку – сябры, гульні, мерапрыемствы.
Дзень курсанта: у тумбачках – парадак, за брыдкаслоўе – штраф
А праграма тут і сапраўды насычаная. Кожны дзень у лагеры мае нейкую тэму. У першы дзень зладзілі аперацыю “Утульнасць”: засяліліся ў домікі, прыбіралі іх. На дзень краязнаўца хлопцы ездзілі на экскурсію па памятных мясцінах Вілейшчыны.
У дзень дапрызыўніка з хлопчыкамі сустрэўся ваенком Вілейскага раёна Юрый Ганчыеўскі. Ладзілі сустрэчы з супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх.
Дзень індзейца прайшоў з эстафетамі, гульнямі, расфарбоўкай твараў і спевамі пад гітару.
А 22 жніўня хлопцы праводзілі па распарадку дня курсанта. Пад’ём – у 7:30. Сем хвілін, каб апрануцца і прыбраць ложак. А ў 7:37 усё ўжо пачалі ранішнюю зарадку.
На гэты дзень атрады сталі ротамі. А замест выхавальнікаў былі – амаль сапраўдныя камандзіры: курсант Магілёўскага інстытута МУС, радавы Павел Рубянкоў і курсант Інстытута пагранічнай службы Віталь Лапшын. Курсанты – віляйчане. А Віталь 12-гадовым хлопчыкам сам адпачываў у “Лясной казцы”. Нават у тым самым доміку, дзе цяпер жывуць яго выхавальнікі.
На танцпляцоўцы.
Пад кіраўніцтвам камандзіраў хлопцы прыбіралі ложкі, акуратна складалі асабістыя рэчы ў тумбачках, гулялі ў валейбол, футбол. Пасля чыталі мясцовыя газеты і вайсковыя часопісы, малявалі баявыя лісткі. На палітінфармацыі знаёміліся з гісторыяй Вілейкі.
Бліжэй да абеду ўсіх даймае стома.
– А яшчэ не вечар, – кажа з усмешкай камандзір.
Пасля дзённага сну “Ратнік” чакае тактычная падрыхтоўка. Хлопчыкі будуць вучыцца арыентавацца і маскіравацца на мясцовасці, пазнаваць сляды на пяску.
За брыдкаслоўе – штраф дзесяць адцісканняў. Па словах камандзіра, вінаватыя адразу пачынаюць адціскацца самі, не чакаючы загаду.
Дыскатэкі ў вайскоўцаў няма. Таму вечар “Ратнік” правядзе не на танцпляцоўцы, а ў клубе за праглядам фільма “Брэсцкая крэпасць”.
Па словах Ірыны Рэут, курсанты актыўна супрацоўнічаюць з лагерам. Пачалося ўсё ў мінулым годзе па ініцыятыве інспектара па справах непаўналетніх Алены Дубовік. Хлопцы прыехалі тады на сустрэчу з дзецьмі. Расказалі пра вучобу, жыццё ў казарме. І пачалі сябраваць з “Ратнікам”.
У пачатку верасня курсантам накіруюць Пісьмы падзякі ў іх установы адукацыі.
Розныя ўзросты – не падстава для спрэчак
“Ратнік” супрацоўнічае з рознымі арганізацыямі раёна: інспекцыяй па справах непаўналетніх, Вілейскай выратавальнай станцыяй, таварыствам спрыяння арміі і флоту. Выхоўваць трэба з розных бакоў, лічыць Ірына Рэут. Некаторых дзяцей выхавацелі летніка вучаць тым рэчам, якім павінны былі навучыць бацькі.
Дзяцей у летніку мала, таму ўсе аб’яднаныя ў адзін атрад. Калектыў атрымліваецца рознаўзроставы. Старэйшаму Іллю – 15 год. Малодшаму Данілу – 10. Канфліктаў на гэтай падставе не ўзнікае. Хлопчыкі прывыклі, што ў летніку яны – каманда. Заўсёды дзеляцца гасцінцамі, што прывозяць родныя.
Кормяць у летніку вельмі добра – пяць разоў на дзень. Але бацькоўскіх прысмакаў дзеці заўсёды чакаюць.
Праводзілі мяне хлопчыкі, расчырванелыя ад сонца і гульні ў футбол.
– А вы ўжо прыдумалі, які артыкул пра нас напішаце? – спыталі яны. – І спасылку “У кантакт” скіньце, калі ласка.