На цэнтральнай вуліцы вёскі Раманаўшчына, што каля Дораў, бусліныя гнёзды амаль на кожным слупе. І ў мінулыя выхадныя вяскоўцы збіраліся праводзіць птушак, якія за лета сталі часткай іх жыцця, у вырай.
У Раманаўшчыне пераважна жывуць дачнікі. Некаторыя кажуць: “Буслы прылятаюць – і я прыязджаю. А як яны адлятаюць – таксама з’язджаю ў горад”. У агародах тут не знойдзеш ні жаб, ні змей – кажуць, іх паелі буслы. “Стаіш у агародзе, а яны, нібы дыназаўры, проста над галавой пралятаюць”, – распавядае Яўген, які прыязджае ў Раманаўшчыну з Маладзечна дзеля агарода двойчы на тыдзень.
Ён і падзяліўся назіраннем, што сёлета буслы выкідалі з гнязда яйкі, а некаторыя кажуць, што гэта абяцае галодны год.
Насупраць двара Таісы і Уладзіміра Марозаў скошаны ўчастак поля. Гаспадары адзначаюць, што самі косяць, а вялікая тэрыторыя зарасла пустазеллем. Раней і касіць патрэбы не было, усё з’ядалі каровы і коні, а цяпер трымаць іх няма каму. Сям’я прыязджае з Мінска ў дом, адкуль родам мама Таісы.
Фота Зоі Хруцкай.
Фота Зоі Хруцкай.
Каля Марозаў пустое гняздо, кажуць, з раніцы не было птушак. Дарослая пара выгадавала адно птушаня.
– А адно яйка з гнязда выкінулі, я знайшоў, – прыгадвае Уладзімір. – Памерам недзе з гусінае будзе. Пэўна адчувалі, што не пратрымаюцца ўсе.
Оля Раманоўская і Тамара Петухова – пенсіянеркі, родам з Раманаўшчыны. Кажуць, што ў вёсцы “абітаюць, як буслы – калі цёпла”. На выхадных 27-28 жніўня, якраз калі свята Успенне, збіраліся праважаць буслоў. А пасля іх і самі збіраюцца ў горад.
Буслы на Астравеччыне. Фота Юрыя Горыда.
– Летась я плакала, калі праводзіла іх, – прыгадвае Тамара. – Тры кругі яны праляцелі над вёскай, мы рукой ім памахалі. Мне нават падалося, што і яны плакалі. Сумую без іх. Як яны ў вырай, то і я паеду з вёскі. У нас жа буслы на кожным слупе. І праўда, што сёлета выкідвалі з гнязда птушанят. Можа, гэта хворыя былі, што не выжылі б.
Жанчына заўважае, што ў Раманаўшчыне не заўсёды было так шмат буслоў, толькі гадоў з 15. За гэты час і людзі, і буслы прывыклі адзін да аднаго. Птушкі ходзяць па агародзе, пакуль гаспадыня працуе, і ніхто нікому не замінае.
– У нас усе любяць буслоў, – гаворыць жыхарка. – І ім пэўна добра: тут рачулка, ціха, дарогі блізка няма, ежы хапае. І нам весялей.
Тое, што буслы добрыя суседзі, мясцовыя яшчэ лепш зразумелі, калі каля пяці год таму ў вёсцы з’явіліся бабры. І калі першы год дзіковінка была цікавай, на наступны жахары схапіліся за галаву.
Фота Зоі Хруцкай.
Фота забяспечанае Ілонай Сцебуракай.
– Неяк ужо цёмна было, чую, нехта дровы сячэ, – прыгадвае Тамара. – Ну, думаю, нішто сабе, і не цёмна ж табе. А нараніцу выходжу – дзве алешыны ляжаць.
Жыхары заўважаюць, што бабры не толькі дрэвы і кусты шкодзяць, але і рачулку. У ей цячэ крынічная вада, а бабры ладзяць з дрэваў дамбы, якія пасля і людзям няпроста разбіраць.
І калі аднаму суседу, бабрам, жыхары Раманаўшчыны зусім не рады, па другіх, буслах, яны сумуюць ужо тады, калі яны ўздымаюцца на свае тры развітальныя кругі перад дарогай у вырай.
Як выбраць, каго выкінуць з гнязда?
Сітуацыю з бусламі ў Раманаўшчыне пракаментаваў спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Сямён Левы:
– Тое, што буслы выкідаюць яйкі ці буслянят, сапраўды здараецца. Гэтыя птушкі валодаюць прыроджанай здольнасцю спрагназаваць, якую колькасць корму змогуць здабыць для птушанят. Калі ў іх тры яйкі, а яны адчуваюць, што пракормяць толькі дваіх, кагосьці аднаго выкідаюць з гнязда.
У буслоў жа вельмі моцны інстынкт выхажвання птушанят, захавання патомства.
Вялікая загадка, як яны выбіраюць таго, каго даводзіцца выкідаць. Мне вельмі цікава, як у іх адбываецца гэты выбар. Не ведаю, ці адчуваюць яны штосьці, магу толькі ўявіць, як гэта: барацьба паміж інстынктам абароны патомства і разуменнем, што ўсіх пракарміць не зможаш.
Мяркую, што патрэба выкідаць птушанят залежыць не ад агульнай сітуацыі, а ад становішча ў мясцовасці, якую яны насяляюць.
Фота забяспечанае Ілонай Сцебуракай.
Большасць буслоў ляціць у вырай у 20-х чыслах жніўня. Але ёсць тыя, хто застаюцца. У іх ліку могуць быць птушкі з поздніх вывадкаў. І ў час адлёту яны недастаткова дужыя, каб пераадолець такую дарогу. А ўлічваючы, што нашы буслы дасягаюць Паўднёвай афрыканскай рэспублікі, і шлях іх поўны небяспекі, цалкам зразумела, чаму самыя маладыя не спяшаюцца з адлётам.
Яны застаюцца на некалькі месяцаў, пакуль крылы не стануць дужымі. Але ёсць сярод тых, хто не паляцеў у вырай у жніўні, ёсць такія буслы, якія знешне зусім не выглядаюць недастаткова дужымі. Часам мы адзначаем, што яны знаходзяць месцы з больш высокай тэмпературай, адшукваюць ежу, і застаюцца ў Беларусі.
Фота Зоі Хруцкай.
Фота Зоі Хруцкай.
Фота Зоі Хруцкай.
Фота Зоі Хруцкай.
Фота Зоі Хруцкай.
Наогул буслоў прыцягваюць мясцовасці, дзе ёсць месцы пад гнёзды, і хапае пляцовак для палявання. Паляванне нават больш важкі аргумент пры выбары месца, дзе яны асядаюць. Часам буслы вяртаюцца налета ў свае ж гнёзды, а могуць засяліць чужыя.
У 2014-2015 годзе ў некаторых мясцовасцях Беларусі колькасць буслоў узрасла.