– Здарэнне адбылося ў чацвер, 25 жніўня, – расказваюць “Рэгіянальнай газеце” суседзі па гаражы пацярпелага.

Мужчыны, што прыйшлі ў гаражы, што месцяцца па вуліцы Тургенева, пачулі крыкі, якія даносіліся з аднаго з зачыненых гаражных боксаў.

Паколькі дзверы былі запёртыя знутры, давялося выклікаць МНС.

Выратавальнікі, што прыбылі на месца здарэння, адкрылі дзверы гаража і ўбачылі, што ў яме, уніз галавой вісіць мужчына сярэдніх гадоў.

Аказалася, што мужчына прыйшоў у гараж, хацеў спусціцца ў яму па закаткі, але аступіўся на лесвіцы. Нага захрасла, мужчына ўпаў уніз галавой.

Суседзі па гаражы дакладна не маглі сказаць, колькі часу мужчына правёў у такім становішчы: адныя казалі, што суткі, другія – што два дні.

Па каментар мы звярнуліся да Маладзечанскага аддзела МНС.

Там распавялі, што такі выпадак насамрэч быў. Дапамога работнікаў МНС спатрэбілася, каб адкрыць дзверы і прывесці мужчыну ў «вертыкальнае» становішча. Ён шпіталізаваны.