Да сваіх бабуль: яго тата з Маладзечна, а мама, напалову беларуска, напалову афрыканка – з Бабруйска.

Хлопчык ляцеў без бацькоў, яго суправаджала сцюардэса: дзесяць гадзін да Масквы, і яшчэ дзве да Мінска. Гаворыць, што было зусім не страшна, толькі сумна.

У Амерыцы яны жывуць у Філадэльфіі. Там больш горача, менш дажджоў, а снег бывае толькі ў лютым.

Дома сям’я размаўляе на рускай мове, а ў школе – усе па-англійску.

– Спачатку, як пераехалі, я ніяк не размаўляў з сябрамі, – прыгадвае наш герой. – Пасля прывык, і стала нармальна ўсё. Чытаць на рускай мове магу, але не цудоўна, а пісаць – гэта праблема.

Па-беларуску ён ведае асобныя словы.

Лёша.

Лёша.

Акрамя школы, Лёша займаецца плаваннем. Яму застаўся год пачатковай школы, пасля неабходна перайсці ў сярэднюю. Калі хачаш у добрую ўстанову, трэба атрымліваць выдатныя балы на тэстах, добрыя адзнакі. Сістэма ацэнак адрозная ад Беларусі. Найлепшая – гэта “А” – 90-100 балаў, далей “В” – 80-89, “С” – 70-79, “D” – 65-69, “F” – 0-64.

Лёша – адзіны ў класе, хто па выніках тэста трапіў у праграму адораных дзяцей. Дзякуючы ёй хлопчык можа прэтэндаваць на бясплатнае навучанне ў ВНУ, якое ў Амерыцы абыходзіцца вельмі дорага. Але за такі бонус і дадатковая нагрузка. За год давялося яму прачытаць 500 кніжак. Штодзень вучні бяруць адну ці дзве кнігі, чытаюць. Частка іх толькі для ўдзельнікаў праграмы, адораных дзяцей. У Лёшы атрымалася закончыць чацверты клас выдатнікам: у першай і другой чвэрці меў адну ацэнку “В”, у трэцяй і чацвёртай – усе “А”.

Звычайны распарадак дня наступны.

Мама будзіць недзе ў сем раніцы, 20 хвілін на сняданак, апранаецца. У 7:50 прыходзіць аўтобус. У 8:50 ужо ў школе. 20 хвілін перапынак, а ўрокі пачынаюцца ў 8:30.

Штодзень 5-6 урокаў, ёсць вялікі перапынак на абед. У 15 гадзін вяртаецца дамоў. Калі мама забыла даць абед у школу, то бярэ ў сталоўцы малако, фрукты. А мама дае з сабой цукеркі, бутэрброд, піццё, фрукты.

– Я школу не вельмі люблю, – шчыра прызнаецца выдатнік. – Вельмі многа часу займае, і настаўніца строгая. Яны штогод мяняюцца, строгія трапіліся ў 4-м і 3-м класах, а ў 2-м, 1-м і нулявым былі харошыя.

Як вучыліся сёлета

У 4-м класе было 10 прадметаў: чытанне, мова, матэматыка, прыродазнаўства, грамадства, здаровы лад жыцця, музыка, маляванне, сацыялогія і камп’ютарныя тэхналогіі.

На дамашняе заданне кожны дзень даюць невялікае сачыненне. Называюць тэму і 1-2 сказы. Вучню трэба прадоўжыць пачатае і развіць тэму на адну старонку сшытка.

Па матэматыцы на лістку паперы даюць заданне, напрыклад, рашыць задачу, выканаць практыкаванне. Штодзень трэба нешта прачытаць і коратка пераказаць пісьмова, як ты зразумеў тэкст.

Падручнікі толькі ў школе, і дадому іх не носяць.

Так можа выглядаць амерыканскі школьны абед. Фота chayka.org.

Так можа выглядаць амерыканскі школьны абед. Фота chayka.org.

Двойчы за чвэрць пішуць рэфераты, якія пасля абараняюць. Над тэмай трэба доўга працаваць. Пасля на вялікім ватмане размяшчаюць тэкст і здымкі, малюнкі, усё, што змогуць знайсці па тэме. Дазволена карыстацца інтэрнэтам, але тэкст не спісваюць, а перадаюць сваімі словамі. Рэфераты рыхтавалі на тэмы “Радавод”, “Стравы нацыянальнай кухні”, “Культура народа”. Для аднаго рэферата можна аб’ядноўвацца па 3-4 чалавекі.

За любы прадмет ставяць тры адзнакі: за сам прадмет, прыкладзеныя намаганні і паводзіны.

Бацькі хадзіць у школу не маюць права. Школа – закрыты аб’ект. Калі трэба звязацца з сынам ці дачкой, магчыма зайсці ў школу, але далей хола не пусцяць. Там можна перадаць запіску з просьбай, тады спецыялісты звяжуцца па тэлефоне і дамовяцца аб сустрэчы. А калі нешта тэрміновае, то паклічуць настаўніка.

Напішыце пра дом так, каб яго прадаць

Па мове даюць цікавыя заданні. Вось прыклад аднаго сачынення. Настаўніца задала: “Вы маеце дом, які трэба прадаць. Апішыце яго так, каб іншыя захацелі купіць”. Дала пералік слоў, якія трэба было абавязкова скарыстаць. За гэта сачыненне Аляксей атрымаў самы высокі бал, у тым ліку і за крэатыўнасць. Унізе настаўніца напісала, што і сама купіла б такі дом. Вось гэтае сачыненне:

Салодкі дом.

Прадаецца цудоўны салодкі дом. Ніколі больш вы не застанецеся галоднымі, калі купіце гэты незвычайны дом. Замест вокнаў тут мармеладныя мішкі, а тэрыторыя вакол дома настолькі прыгожая, што вачэй не адарваць, з падстрыжаных ледзянцовых дрэў. Вы таксама можаце пакупацца ў басейне з сіропам.

Калі ў вас будуць госці, то яны абавязкова раскажуць сваім знаёмым аб гэтым візіце. Увогуле для ўсіх наведнікаў гэты дом будзе здавацца чароўным лялечным дамком, а цудоўны пах будзе разносіцца за кіламетры вакол.

На пярэднім і заднім дворыках тут растуць прыгожыя цукеркавыя кветкі. Яны будуць прыносіць асалоду вам і вашай сям’і.

Спадзяюся, вы купіце гэты казачны дамок. Каштуе ён усяго 17 000 000 шакаладных долараў”.

Сачыненне Алёшы.

Сачыненне Алёшы.

Заданне з фота вышэй (пераклад)

“Мая вельмі асаблівая мама

Мая мама асаблівая, таму што … яна дапамагае мне прыгатаваць любімую салату.

Калі я з маёй мамай, нам падабаецца … ісці ў краму і купляць марожанае, яблыкі і апельсіны.

Я ведаю, што мая мама вельмі разумная, таму што … яна дапамагае мне, калі я не магу ўключыць свой камп’ютар.

У маёй мамы добра атрымліваюцца многія рэчы. Адна з лепшых рэчаў – … прыгатаваць мой любімы суп і мае любімыя сэндвічы.

Я ведаю, што мая мама любіць мяне, таму што … яна мяне абдымае і цалуе”.

Што расказвае пра Беларусь

На выхадных у Амерыцы сям’ёй ходзяць гуляць у парк. З бацькамі ездзілі ў Нью-Ёрк, дзе запомнілася статуя Свабоды. 

Лёша дапамагае даглядаць дом. Мые за сабой посуд, пыласосіць усю кватэру, прыбірае смецце.

У вольны час хлопчык любіць гуляць у стратэгічныя гульні на планшэце, асабліва ў “Аnnо 1404”, дзе трэба будаваць дамы. Падабаецца збіраць канструктар “Лега”. На выхадных звычайна ідзе да сябра Алана, які праехаў з Азіі. Летам ходзяць на пляж да акіяна. З татам любяць бываць у кінатэатры. 

У класе Лёшы шмат дзяцей з розных краін: Кітая, Індыі, Расіі. Часам, сябры пыталіся, што такое Беларусь. Гаварыў, што краіна каля Расіі. У абласцях каля Магілёва гавораць па-руску, а каля Мінска – на беларускай мове. 

У Беларусі ў хлопчыка больш сяброў, але ў Амерыцы цікавей: больш гульняў, мама, тата. Гаворыць, што тут яму цудоўна. У Маладзечне жыве лепшы сябар Сашка, прычым яго кватэра проста пад кватэрай бабулі. 

Лёша хоча пасля вучобы вярнуцца ў Беларусь і працаваць інжынерам.