Гібель чалавека пры будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы сведчыць аб тым, што якасць будаўнічых работ на пляцоўцы не гарантуецца. Пра гэта заявіў кіраўнік міністэрства энергетыкі Літвы Рокас Масюліс.

“Пастаянна паўтараюцца інцыдэнты, а цяпер ужо і гібель чалавека на будпляцоўцы БелАЭС у Астраўцы, выклікаюць усё большую заклапочанасць. Я выказваю шчырыя спачуванні блізкім загінулага. Відавочна, што якасць будаўнічых работ на пляцоўцы не гарантуецца. Сумненні можа развеяць толькі міжнародная група экспертаў, чаго Літва ўжо даўно патрабуе”, – заявіў ён.

26 жніўня пры выкананні будаўнічых работ на Беларускай АЭС у расійскай субпадраднай арганізацыі адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога загінуў чалавек.

Нагадаем, у апошнія месяцы вырас градус крытыкі будаўніцтва БелАЭС з боку Літвы.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, прымаючы новага пасла Літвы Андруса Пулокаса, нават паскардзіўся на “эмацыйнасць” Вільнюса ў гэтым пытанні.

23 жніўня прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ў чарговы раз выступіла з рэзкай крытыкай БелАЭС. Яна назвала станцыю “адным з інструментаў, які можа быць выкарыстаны  супраць балтыйскіх краін”.

Вільнюс шмат разоў выказваў прэтэнзіі да будаўніцтва БелАЭС, папракаючы Мінск у парушэнні правілаў бяспекі, у непрадцманым выбары пдяцоўкі будаўніцтва. Беларускія ўлады гэтыя прэтэнзіі адпрэчваюць, сцвярджаючы, што гатовыя да дыялогу, а ўзвядзенне АЭС ідзе ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі.