Мясцовыя ўлады ў супрацоўніцтве з адміністрацыяй школы, дабрачыннымі абʼяднаннямі, краязнаўцамі распрацавалі і рыхтуюцца запусціць адмысловы маршрут пад назвай “Крэўскімі сцежкамі Першай сусветнай вайны”. Яго рэалізацыя будзе падтрымана сродкамі з бюджэту Еўразвязу на гісторыка-культурніцкія праекты.

Як адзначалі ініцыятары ў заяўцы на атрыманьне гранта, Крэва можна смела назваць мястэчкам-помнікам Першай сусветнай вайны. Больш за тры гады лінія фронту падзяляла мястэчка на два бакі – германскі і расійскі. Цягам 1915–1918 гадоў паселішча і знакаміты замак былі практычна знішчаныя, але засталася вялізная колькасць ваенных памятак: акопы, умацаванні, нямецкія бетонныя бункеры, брацкія пахаванні.

Вярнуць мястэчку былую вядомасць

100 гадоў ад пачатку “забытай” вайны, якую савецкая гістарыяграфія мэтанакіравана ігнаравала, аднавілі інтарэс да падзей, арэнай якіх сталі беларускія землі. З’явіўся попыт на інфармацыю пра той перыяд з боку даследчыкаў, журналістаў, турыстаў. А значыць, перакананы выкладчык гісторыі Міхаіл Міхалькевіч, не зашкодзіць адмысловы маршрут па месцах крывавага супрацьстаяння армій Расійскай і Германскай імперый:

“На тэрыторыі Смаргонскага раёна створаны своеасаблівы кластэр, у які ўваходзяць Крэўскі і Залескі сельскія саветы. У яго рамках з’явіліся сродкі, дзякуючы якім ёсць магчымасць ствараць турыстычныя маршруты ці проста ладзіць экскурсіі. Мы таксама актыўна ўключыліся ў гэты працэс і падрыхтавалі два праекты: „Крэўскімі сцежкамі Першай сусветнай вайны“, аўтар якога – мясцовы сельскі выканаўчы савет, а таксама – „Аб чым маўчаць валуны“, які распрацавала дабрачыннае абʼяднанне „Смаргонская ініцыятыва“ сумесна з крэўскай школай”.

Міхаіл Міхалькевіч, выкладчык гісторыі ў крэўскай школе. Фота svaboda.org.

Міхаіл Міхалькевіч, выкладчык гісторыі ў крэўскай школе. Фота svaboda.org.

Паводле спадара Міхалькевіча, які ўзяў на сябе асноўны цяжар у распрацоўцы канцэпцыі маршрута па абʼектах і пахаваннях Першай сусветнай вайны, да справы плануецца прыцягнуць усіх актыўных жыхароў мястэчка:

“Калі мы пачыналі працу, паставілі перад сабой тры галоўныя мэты – чаго, уласна кажучы, хочам дабіцца ад гэтага праекту. Найперш, прыцягнуць паток турыстаў у Крэва. Другая мэта, якая вынікае з першай і за кошт якой тая першая можа быць дасягнута, – актывізаваць мясцовае насельніцтва. У нашых планах – падключыць да справы каля паўсотні мясцовых жыхароў, каб яны больш актыўна ўдзельнічалі ў культурна-гістарычным жыцці вёскі. Трэцяе – паляпшэнне інфраструктуры нашага населенага пункта: прыедуць турысты, з’явяцца грошы, можна будзе адчыніць сувенірныя крамкі, на поўную моц запрацуе кавярня”.

Сумеснымі намаганнямі ў ваколіцах Крэва вызначаныя абʼекты, цікавыя як з гледзішча гісторыі, так і фартыфікацыйнай адметнасці. Прайсці 20-кіламетровы маршрут можна будзе за паўтары гадзіны на аўтобусе і за тры гадзіны – на ровары. Міхаіл Міхалькевіч кажа, што падчас экспедыцыі вызначылі сем асноўных экскурсійных абʼектаў.

“Выбіралі такім чынам, каб яны ўяўлялі сабой і нейкую значнасць, і цікавасць, і каб да іх было зручна дабрацца. З улікам, што агульная адлегласць маршрута перавышае 20 кіламетраў, нават калі падавалі заяўку, то ўдакладнялі: від экскурсіі – ці аўтобусны, ці роварны. Пачынаецца яна ад сцен Крэўскага замка, які, па-першае, у цэнтры адносна іншых абʼектаў, а значыць, да яго зручна дабірацца; па-другое, ягоны сучасны стан – непасрэдны вынік Першай сусветнай. Проста паглядзеўшы на яго, можна ўбачыць, адчуць жахі той вайны. Дый сам па сабе замак цікавы як архітэктурны, абарончы помнік”.

Наступным пунктам, удакладняе суразмоўца, – Крэўскі касцёл, цалкам знішчаны ў Першую сусветную вайну. Пасля маршрут скіроўваецца ў напрамку Барунаў, дзе па лясах і ўздоўж дарогі раскінутыя германскія бетонныя ўмацаванні. Асобна прадугледжаны заезд на артылерыйскую пазіцыю, дзе ў адным месцы сканцэнтраваныя чатыры гарматныя паўкапаніры для лёгкай артылерыі, тры бліндажы для назірання і сховішча для асабовага складу. У саміх Барунах – наведванне нямецкіх могілак і помнік экіпажу збітага расійскага самалёта “Ілля Мурамец”.

Адтуль трэба будзе збочыць у вёску Полтараўшчына, дзе сіламі нямецкіх фондаў утрымліваюцца ва ўзорным стане вайсковыя пахаванні, а затым у Асаны: там побач з ваенным шпіталем усталяваны ўнікальны па сваёй форме помнік. На яго шыльдзе – уся інфармацыя пра баявы шлях 379-га пяхотнага палка кайзераўскай арміі. Праўда, шмат гадоў таму пліту сарвалі, і яна дагэтуль валяецца непадалёк у бурʼяне.

Бліндажы і камерцыя

Вяртанне да пачатковага пункту – па іншай траекторыі. Да так званых германскіх чырвоных бліндажоў, якія ў цудоўным стане захаваліся і праз 100 гадоў, і з заездам у Крэве на пахаванне расійскіх салдат, ахвяраў газавай атакі.

Як кажа Міхаіл Міхалькевіч, з улікам таго, што значная частка маршрута праходзіць па цяжкадаступных лясных мясцінах, на праект прасілі грашовай дапамогі:

“Калі мы ацэньвалі, што можам атрымаць і што патрэбна для арганізацыі такога маршруту, безумоўна, нават не марылі пра вялікія грошы, глядзелі на рэчы рэальна. Што можам зрабіць? Перадусім ачысціць дзоты, доты, высекчы хмызняк, пракласці дарожкі, паставіць інфармацыйныя знакі. Таму прасілі інструмент: бензакосы, бензапілы, рыдлёўкі, граблі, сякеры. Таксама патрэбна мультымедыйная апаратура, каб стварыць электронную версію экскурсіі, выкласці яе ў сеціва. Такім чынам, сума на турыстычны маршрут „Крэўскімі сцежкамі Першай сусветнай вайны“ складае каля 3 тысяч еўра. А паколькі два праекты цесна пераплеценыя, бо і там і там задзейнічаныя і сельсавет, і школа, сродкі былі крыху ўрэзаныя, і агульная сума – прыкладна 5 тысяч еўра. Ужо ад верасня прыступім да рэалізацыі гэтых планаў”.

Крыж за мужнасць расійскім салдатам, пастаўлены германцамі. Фота svaboda.org.

Крыж за мужнасць расійскім салдатам, пастаўлены германцамі. Фота svaboda.org.

Пакуль жа, кажа спадар Міхалькевіч, з улікам абмежаваных матэрыяльных магчымасьцяў спадзяванні найперш на валанцёраў, на апантаных аматараў гісторыі свайго краю:

“Па першым часе выглядае так. Як ужо казаў, плануем прыцягнуць дзесьці 50 чалавек – удасца, не ўдасца, але спадзяёмся, што падключацца школьнікі, ёсць моладзь, якая зацікаўленая гісторыяй Крэва, хоча, каб мястэчка аднавіла сваю былую вядомасць. Таму людзі знойдуцца. Магчыма, з цягам часу, калі стартуе праект, запрацуе маршрут, з’явяцца сродкі, будзе магчымасць і нейкага заахвочвання. А пакуль разлічваем на валанцёраў. Распрацаваны тэкст экскурсій, ёсць у школе экскурсаводы. Таму першыя паходы могуць правесці школьнікі, магу правесці я. Можна падключыць краязнаўцу Аляксандра Камінскага, які, мабыць, найлепш ведае гісторыю Крэва. Напачатку, вядома, усё на добраахвотных асновах, ніякай аплаты не прадугледжваецца».

Германскія пахаванні ў Барунах. Фота svaboda.org.

Германскія пахаванні ў Барунах. Фота svaboda.org.

Чаму акцэнт зроблены на матэрыялізацыі падзей Першай сусветнай вайны, а не на пошуку сродкаў, каб аднавіць Крэўскі замак, стан якога з кожным годам усё больш трывожны?

“Разумееце, ну што мы можам зрабіць з Крэўскім замкам? Анічога. Хіба вакол абкасіць. Але і так ёсць работнікі, якія гэта робяць, – кажа Міхаіл Міхалькевіч. – А ў звязку са 100-годздзем пачатку Першай сусветнай пачалі друкавацца матэрыялы, фатаздымкі. Людзі нарэшце даведаліся, якія драматычныя падзеі скаланалі беларускую зямлю. І калі раней адзінай візітоўкай у нас быў замак, то цяпер магу сказаць з поўнай адказнасцю: абʼекты „забытай“ вайны па сваёй значнасці – як мінімум другая візітоўка. Але экскурсіі, якія прыяжджаюць у Крэва, абмяжоўваюцца толькі замкам. Большасць людзей не ведае, што тут адбывалася стагоддзе таму. Распрацаваны намі маршрут павінен змяніць сітуацыю”.

Паўтара мільёна снарадаў ад Дзянікіна

Першая сусветная вайна прыйшла ў Беларусь у верасні 1915 года. Немцы ў выніку так званага Свянцянскага прарыву захапілі значную частку беларускіх земляў. Крэва і Смаргонь апынуліся ў эпіцэнтры ўпартых баёў. Неўзабаве вайна набыла характар пазіцыйнай і, як нагадвае спадар Міхалькевіч, наступныя 810 дзён бакі абменьваліся артабстрэламі і газавымі атакамі:

“Летам 1916-га пад Крэвам была першая нямецкая газавая атака, захаваліся фатаздымкі. У 1917-м – першае братанне расійскіх і германскіх салдат, апошні бой жаночага батальёна смерці Марыі Бачкаровай. Таксама крэўска-смаргонская аперацыя расійскай арміі, апошняя ў той вайне, ініцыяваная пасля лютаўскай рэвалюцыі Дзянікіным, які камандаваў Заходнім фронтам. За чатыры дні, цягам якіх было супрацьстаянне па лініі ад Крэва да Смаргоні, расускімі было выпушчана… паўтара мільёна снарадаў! Можаце сабе ўявіць? У Крэве не засталося ніводнага цэлага будынка, выстаялі толькі замкавыя сцены. Таму яго ўнікальнасць не толькі ў тым, што гэта адзін з першых каменных замкаў на тэрыторыі Беларусі, але і ў тым, што апошні раз у рэальных баявых дзеяннях ён удзельнічаў на пачатку ХХ стагоддзя. Хоць збудаваны на шэсць стагоддзяў раней”.

Як вынікае з афіцыйных рапартаў, на замкавай тэрыторыі разгарнулі свае пазіцыі германскія 379-ты і 3-ці палкі. За больш як два гады яны абжылі замак, ператварыўшы яго ва ўмацаваны абʼект.

Тым часам у адпаведнасці з планам дзеянняў на 1917 год камандаванне расійскай арміі пачало рыхтаваць наступ на лініі Смаргонь – Крэва. Пад Крэва з Мурманска і Ўладзівастока адмыслова перакінулі дальнабойныя гарматы. Аперацыя пачалася 19 ліпеня і цягнулася чатыры дні. Пад ураганны агонь артылерыі трапіў сярэднявечны замак. Такім чынам, як кажа Міхаіл Міхалькевіч, вядомая дакладная дата разбурэння Крэўскага замка – 21 ліпеня 1917 года:

“Замак, безумоўна, разбамбілі раскія. Якраз дзе мы стаім, за будынкам, працякае рэчка Краўлянка. Акурат па ёй ішла лінія фронту. Дык вось замак і касцёл аказаліся на нямецкім баку, а побач, літаральна за нейкіх 150 метраў, праваслаўная царква – на расійскім. Паміж пазіцыямі былі нацягнутыя калючыя драты. Салдаты адзін аднаго пастаянна абстрэльвалі. А паколькі немцы атабарыліся ўнутры замка, за тры гады там абжыліся, першы і асноўны загад расійскага камандавання быў – біць менавіта па замку. Дарэчы, немцы на тэрыторыі замка пабудавалі яшчэ адзін дзот, які памылкова прымаюць за вежу, і з яго адстрэльваліся. Магчыма, нешта ў працэсе таксама разбурылі, бо бралі каменне. Але прыцэльны агонь падчас перастрэлак, асабліва ў наступальнай аперацыі, вёўся з расійскага боку. І, вядома ж, час, які таксама яго разбурае. Я сам з Крэва, і ўсё жыццё памятаю гэты замак: 20–30 гадоў таму ён, канешне, выглядаў значна лепей”.

Фрагменты нямецкага дота ў крэўскім лесе. Фота svaboda.org.

Фрагменты нямецкага дота ў крэўскім лесе. Фота svaboda.org.

Як удакладняе пры канцы размовы Міхаіл Міхалькевіч, на Смаргоншчыне еўрапейскае фінансаванне атрымаюць некалькі праектаў, арыентаваных на ўшанаванне герояў і ахвяраў Першай сусветнай вайны:

“Сярод пераможцаў яшчэ адзін праект, людзі ў гэтай тэме ўжо не адзін год — „Залатая горка“, яго аўтар – прадпрымальнік Ігар Паўлаў. У раёне Смаргоні яны расчышчаюць бліндажы. Для турыстаў ладзяць анімацыю – пераапранаюцца ў форму салдат расійскай і германскай армій, паказваюць элементы бою. Магчыма, будзем выходзіць з імі на кантакт, нешта ад іх пераймаць. Гэты праект рэальна працуе. Яны атрымалі грошы і будуць развівацца. Таму не мы адны. А інакш і быць не можа: Першая сусветная – аднолькава знакавая падзея і для Крэва, і для Смаргоні. Хоць доўгі час усё старанна замоўчвалася. Дарэчы, першым, хто ў нашым раёне ўзняў тэму, быў былы палкоўнік савецкай арміі Уладзімір Лігута. Нешта вайскоўцы раскопвалі і наткнуліся на вялікія пахаванні расійскіх вайскоўцаў. Тэма яго зацікавіла, пачаў працаваць у архівах, напісаў некалькі кніг. Самая вядомая – „Наша кроў у Смаргоні“. Зняты дакументальны фільм „Невядомая вайна“, прысвечаны падзеям у Смаргоні і Крэве”.

Адзін з дотаў паблізу Смаргоні. Фота svaboda.org.

Адзін з дотаў паблізу Смаргоні. Фота svaboda.org.

Падзеі вайны наўпрост закранулі Беларусь, землі якой на той час былі пад расійскай уладай. Больш за 800 тысяч тутэйшых мужчын былі мабілізаваныя ў царскае войска, 70 тысяч з іх загінулі на франтах. Звыш 2 мільёнаў шараговых беларусаў сталі вымушанымі ўцекачамі, 400 тысяч так і не вярнуліся з эвакуацыі. Колькасьць тых, хто загінуў і памёр ад хваробаў, сярод мірнага насельніцтва перавысіла 60 тысяч.