Пакуль мамы збіралі сваіх дзетак у школу, “Рэгіянальная газета” завітала ў госці да настаўніцы англійскай мовы і класнага кіраўніка 6 “Г” класа “Гімназіі-каледжа мастацтваў” Наталлі Бабовіч. 

Наталля толькі перайшла на працу ў новую школу, таму для яе ўсё новае: і калектыў, і месца працы, і класнае кіраўніцтва.

Пакуль Наталля наводзіла марафет, мы спыталіся, як праходзіць падрыхтоўка да 1 верасня ў настаўнікаў. 

– Лінейка ў майго класа сёння ў 13.00, будзільнік паставіла на 9 раніцы, але ўсё адно падхапілася раней. Я наогул не памятаю ні аднаго 1 верасня, перад якім я б спакойна спала, – расказвае Наталля.

Пакуль Наталля заварвала каву і аўсянку, прыгадала сваё 1 верасня, калі пайшла ў школу.

– Вядома, гэта была бяссонная ноч. Усю ноч спала з тугімі коскамі. Але першы ўрок мяне расчараваў. Я прыйшла такая прыгожая і такая дзелавая, чакала, што маё з’яўленне ў школе будзе падзеяй. А быў першы ўрок. На дошцы віселі кляновыя лісцікі выразаныя з паперы. Настаўніца сказала падысці да дошкі і адарваць лісцік, на якім напісана ваша імя. Я іду такая…і разумею, што чытаць жа я не ўмею, і які лісцік адарваць не ведаю. З таго ўроку зразумела, што трэба вучыцца. 

У Наталлі ў сям’і настаўніцай была і прабабуля, і бабуля, і мама. Таму тэлефон з раніцы разрываецца ад СМС паведамленняў з віншаваннямі.

– У кожнай смсцы пажаданне поспеху ў маёй нялёгкай працы, – смяецца Наталля.

Але гэтае 1 верасня для Наталлі асаблівае тым, што яна стала класным кіраўніком 6 “Г” класа.

– Дзеці, калі даведаліся, што ў іх новы класны кіраўнік, самі знайшлі мяне “У кантакце”, дадаліся ў сябры. 

Таму і адказнасць за першы ўрок у Наталлі асаблівая.

– Першы свой адкрыты ўрок праводзіла з мужам. Малайчына, на пытанні адказваў, але спадзяюся, што мае школьнікі будуць больш актыўнымі на ўроку. 

Пасля хуткага перакусу, Наталля пачынае збірацца ў школу. Па-першае, прычоска. Па-другое, убор. Пакуль настаўніца сушыць валасы, на ногі абувае новыя туфлі.

– Вядома, я рыхтавалася, купіла сабе “школьныя” туфлі. Пахаджу 15 хвілін, разнашу. 

Што апрануць, таксама вырашыла загадзя. 

– Хаця перажывала, якое будзе надвор’е. Наогул, у мяне адчуванне, што сёння Новы год. Така ж мітусня. 

На пытанне, як Наталля пасля будзе адзначаць 1 верасня, прызналася, што… будзе рабіць урокі.

– Заўтра першы працоўны дзень, пяць урокаў. Трэба падрыхтавацца, я люблю, калі на маіх уроках дзецям цікава.