На календары 1 верасня. Проста чацвер, звычайны працоўны дзень, але як толькі не называюць гэтае свята. І хрэстаматыйны Дзень Ведаў, і Міжнародны Дзень Прадавачак кветак, і Дзень Вызвалення бацькоў ад дзіцячага іга.

Адным словам, свята ёсць свята і адзначаць яго трэба.

І вось ужо 31 жніўня вуліцы напаўняюцца кветкамі, якія нясуць дамоў шчаслівыя бацькі, каб заўтра аддаць іх у рукі свайму дзіцяці са словамі: “Трымай, падорыш настаўніцы на лінейцы!”.

А 1 верасня спацеўшымі маленькімі далонькамі, у якіх з усіх сілаў сціскалі букет з купленых ружаў, або з гладыёлусаў і астраў, якія вырасціла бабуля ў сваім агародзе, дзіва-стварэнне з вялізнымі бантамі, або джэнтэльмен у першым сваім у жыцці гальштуку, уручаюць свой букецік НАСТАЎНІЦЫ.

А такіх букецікаў у настаўніцы ў гэты дзень як мінімум 25.

– Дзякуй, дзякуй, дзякуй, – аўматычна адказвае чалавек, у якога сёння аднаго ні разу не свята, а пачатак катаргі даўжынёй у дзевяць месяцаў, усміхаецца і зноў дзякуй, дзякуй, дзякуй. І вось ужо з букетаў на стале вырастае гара з пялёстак, бутонаў, лістоў, паперы і цэлафану.

Гэта пазней, пасля таго, як дзяцей забяруць дадому есці торцік і віншаваць з першым званком, настаўніца пачне селекцыю свайго скарбу.

– Ружы, ліліі, герберы,  – самыя прыстойныя букеты нясу дадому, – разважае настаўніца. – Тыя, што прыгожыя, але не на дзесяць балаў, пакіну на працоўным стале. Так, прыгожым сціпленькім букецікам падзялюся з вахцёрам, з прыбіральшчыцай. Ой, мама дарагая, яшчэ засталося 15 букетаў! Дзе тут у нас вядро для смецця? Запхну ўсе, хай стаяць, пакуль засохнуць.

А калі на хвіліначку, як гаворыцца, “падбіць бабкі”. Гэта ж па самых сціплых падліках атрымоўваецца: 25 вучняў, кожны з іх падарыў букет, які каштуе прыкладна 5 рублёў. Агульная сума 125 рублёў.

Эх, а на гэтыя ж грошы можна было б купіць новую сумку, каб у яе змяшчаліся 25 сшыткаў, якія трэба будзе насіць дамоў і правяраць!

А калі пафантазіраваць і ўявіць, што каб замест кветак дзеці прыносілі каўбасу, шпроты, каву. Глядзіш, і твар у настаўніц 1 верасня быў бы больш задаволены і шчаслівы.

– Я купляю кветкі не настаўніцы, а свайму дзіцяці, – прызналася мне адна мама. – Каб у яго памяці 1 верасня засталося святам, калі ён нясе ў школу прыгожы букет.

Я не ведаю, якой філасофскай думкай закончыць свае разважанні на тэму 1 верасня. Магчыма, гэта проста зайздрасць, што пасля таго, як я адпрацавала пяць гадоў у школе, 1 верасня для мяне цяпер гэта проста працоўны дзень, звычайны чацвер.

А ўсіх дзяцей, бацькоў і прадавачак кветак – са святам! І ўсім настаўнікам моцнага здароўя і аптымізму. Хутка канец мая, вось тады адсвяткуеце па-поўнай.