Тое, як збіралася ў першы клас, узгадваю штогод перад 1 верасня, настолькі моцныя былі ўражанні.
Як і ўсім дзецям, напярэдадні мне купілі новенькі касцюмчык: сіні пінжак, клетчатую спаднічку, белую сарочку і лакіраваныя чаравічкі. Імі асабліва ганарылася і хацела як магу хутчэй надзець.
І вось доўгачаканае 1 верасня – я першакласніца.
Мама пачала збіраць мяне загадзя, каб зрабіць сапраўдную прыгажуню. Пачалі з прычоскі. У мяне тады валасы былі да пояса і завіваліся, але мама вырашыла, што хвалістасці недастаткова, накруціла на тэрмабігудзі.
Усё б можа нічога, аднак валасы паслухмяныя, як пакладзеш, такую форму і набываюць. Вось ім і спадабалася форма бігудзі. Мама цягне, каб раскруціць, а бігудзі і валасы – назад. З плачам і болем раскруцілі палову галавы. А вось некаторыя валасы рашылі не паддавацца. Прыйшлося ўпрошваць з нажніцамі. Так у гэты дзень я атрымала яшчэ і стрыжку. Цяпер валасы былі дастаткова хвалістыя.
Фота irecommend.ru.
І гэта пакуль не бяда, аднак вырашылі, што прыгажуню трэба расчасаць, каб надаць аб’ёму. Лепш бы гэтага не рабілі. Перад люстэркам паўстала Ала Пугачова ці, як смяяўся бацька, пудзель. Я ў слёзы, што вы нарабілі, аднак мама была рашучай. За паўгадзіны да лінейкі мне нанава памылі галаву, і вярнулася прыродная хвалістасць.
Нарэшце надзелі касцюм і доўгачаканыя чаравікі.
У школе мне падабалася, вучыцца я хацела, таму здавалася, што шчасцю не будзе межаў. Аднак не, лёс прынёс яшчэ адзін падаруначак.
Я ўжо падрыхтавалася пасля лінейкі, што мяне ўрачыста сфатаграфуюць бацькі. Не тут та было, вырашылі, каб не траціць дарма плёнку, сфатаграфаваць мяне з сястрой, якая была меншая на паўтара года. Абурэнню не было межаў: мяне, такую дарослую першакласніцу, ды з гэтай маляўкай дзетсадаўскай – ні за што. Аднак мае довады не дзейнічалі. Фотаздымак атрымаўся надзвычай удалы: першакласніца з кіслым тварам і задаволеная маляўка.
Цяпер, калі ўзгадваем гэту сітуацыю, смяёмся, а раней было не да смеху.
Дасылайце ў рэдакцыю свае гісторыі, якім было ваша 1 верасня. Электронная пошта: regionnews @rh.by.