У мінскім музеі вайны адчынілася і цягам месяца будзе працаваць выстава пра беларусаў у Арміі Андэрса. На выставе прадстаўлены гісторыі звычайных людзей, якія ўдзельнічалі ў баях па вызваленні Італіі ад нацыстаў і гінулі пад Монтэ-Касіна.

Сярод гістарычных каштоўнасцяў на выставе можна пабачыць уніформы, рыштунак, арыгінальныя здымкі і дакументы.

Выстава стала магчымай дзякуючы сумеснай працы музея вайны, амбасады Рэспублікі Польшчы ў Мінску і беларускага гісторыка і калекцыянера Ігара Мельнікава.

Адкрыццё выставы наведала шмат паслоў еўрапейскіх краін, намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына і намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік. Але галоўным госцем была дачка генерала Андэрса Ганна Марыя – сенатарка, упаўнаважаная ў пытаннях міжнароднага дыялогу канцылярыі старшыні Рады міністраў Польшчы. У сваёй прамове яна падзякавала беларускаму боку за запрашэнне:

“Мы сустракаемся тут, у 77-ую гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны, каб ушанаваць памяць тых, хто, незалежна ад палітычных поглядаў, нацыянальнасці ды веравызнання змагаўся за свабоду і перамогу над фашысцкімі захопнікамі. Перад уступленнем у Другі польскі корпус у 1939–1941 гадах яны зазналі рэпрэсіі сталінскага татарытарызму. Нягледзячы на гэта, а можа якраз таму яны не вагаючыся адстойвалі свабоду і права чалавека на мірнае жыццё”, – сказала Ганна Марыя Андэрс.

“Імёны каля 200 ураджэнцаў Беларусі высечаныя на каменных плітах пад Монтэ-Касіна, што бясспрэчна з’яўляецца доказам іх ахвярнасці і мужнасці. Як польскі палітык і прадстаўніца польскіх уладаў, лічу сваім абавязкам ушанаваць памяць тых, хто праліваў кроў у шэрагах польскага войска, незалежна ад паходжання, нацыянальнасці і веравызнання. Як дачка генерала Уладзіслава Андэрса, я хачу перш за ўсё падзякаваць салдатам, якія былі з ім падчас Другой сусветнай вайны, тым больш, што сёння з намі іх блізкія і нашчадкі”, – сказала яна.

“Дзякуй беларусам за памяць, адкрытасць, добрыя словы і шчырасць. Я ўпэўнена, што такія ўрачыстасці як гэта, збліжаюць палякаў і беларусаў і паўплываюць на тое, што адносіны паміж нашымі краінамі, якія зараз нармалізуюцца, будуць яшчэ лепшымі”, – выказала спадзяванне Ганна Марыя Андэрс.

Намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік у сваёй прамове таксама падкрэсліў пра даўняе братэрства двух народаў:

“Цяжкая доля выпала на польскі і беларускі народы падчас Другой сусветнай вайны: страта мільёнаў чалавечых жыццяў на франтах і ў акупацыі, разбурэнне і спаленне гарадоў ды вёсак. Нягледзячы на гэта, народы Польшчы і Беларусі ўзняліся на ўзброеную барацьбу і змаглі вярнуць сабе волю і незалежнасць. Сёння нас яднае памяць аб вайне і подзвігах нашых народаў”, – сказаў Чэрнік.

Выставу можна наведаць з 2 верасня па 2 кастрычніка.